Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/44

43. З цыклю „Ўсьмешкі“. IV. ⁂ Гутарка 44. Ліст да Ластоўскага
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
45. С. Полуяну
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ліст да п. В. Ластоўскага.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




44.

ЛІСТ ДА ЛАСТОЎСКАГА.

Хоць значыць гэтае несьць у Афіны совы, —
Усё-ж такі пішу да Bac, Вацлаве, словы
Нясьмелага ліста.

Даўно ўжо зьнікнуў дзень,
Ўжо стаўні замкнуты, гарыць агонь, і цень
Ад галавы маёй са сьценкі мне ківае;
У чорных рамках там сувора выглядае
Пісьменьнікаў чарга; з іх кожны — блізкі друг,
Хоць і нябачаны у вочы. Сьветлы круг
Над імі кінула газьніца. Пазіраю
Я часам на яго, а там ізноў да краю
Стала прыходзіцца схіліцца і пачаць
На белым аркушы далей ліста пісаць.
Аб драмах Пушкіна кажу я ў ім. Ня Мэрі,
Ня Фаўст, ня цар-Барыс, а Моцарт і Сальері
Варушаць мозаг мой. Здаецца мне, што тут
Сальері атрымаў несправядлівы суд.

Халодным розумам праняўшыся, натхненьне
Ён мусіў тым губіць, — так кажа абвіненьне.
Сальері ў творчасьці усё хацеў наняць,
Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,
Абдумаць спосабы, і матар’ял, і мэту,
I горача любіў сваю сьвядомасьць гэту.
У творчасьці яго раптоўнага няма:
Аснова да яе — спакойная дума.
Але, але… Аднак, што шкодзіць тут натхненьню?
Прыемнае дае Сальері уражэньне.
Падобны зьнічцы ён: у іскрах над зямлёй
Яна ўзразае змрок лукою залатой,
Гарыць, бліскучая, уся ў агні нясецца,
А ў глыбіні сваёй халоднай астаецца.
Уменьне да ігры Сальері здабываў
Праз мерны, нудны труд; ці спраўды забіваў
Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы?
Адкажа йскрыпка нам. Стокато, фугі, гамы
Шмат год калісь на ёй Сальері вывадзіў
І моцна йграньнем тым іскрыпкі зык зьмяніў.
Ямчэй яна гудзіць. Пявучых згукаў сіла
Праз доўгія гады яе перарабіла,
І, тымі сьпевамі уся напаяна,
Навекі чулаю зрабілася яна.
Няўжо-ж душы жывой маглі-бы зыкі сьпева
Ў Сальері не зьмяніць, калі зьмянілі дрэва?
Не! Працай гэтаю сябе ён разьвіваў.
Сальері — верны раб, каторы не схаваў
Свой талент у зямлю. Хай судны час настане, —
Спакойна Музе ён і проста ў вочы гляне,
І будзе за любоў да здольнасьці сваёй
Апраўдан Музаю і ўласнаю душой.

Таксама робіш ты, дума, і у поэта
Красьнейшым кожын твор. Прывет табе за гэта!
Прывет мой і табе, штодзённы рупны труд, —
Гатуеш радасьць ты ад творчаскіх мінут.
Табе прывет нясу, ласкавая Камэна, —
Натхненьнем упаіў нас ключ твой Гіппокрэна.
Прывет да здольнасьці пяе душа мая,
І, вершы, вам прывет складаю ўрэшце я.
Александрыйскі верш! Ты ціхі, як Эрэбус,
Хаваючы агонь пад сьнегам. Хто in rebus
Musarum знаецца, ня можа ня любіць
Тваёй паважнасьці. Таму-то аднавіць
Хацелася табой мне звычай пазабыты
Эпістолы пісаць. Ну, а цяпер спачні ты.

1913.

Увагі правіць

44. Ліст да В. Ластоўскага. Перадрук з газэты „Гоман“ 1917 г. № 48. Напісаны, як зазначана ў канцы выдрукаванага ў газэце тэксту, у 1913 годзе.

Рукапісныя варыянты (п. IV, № 13, ст. 30):
36Даўно ўжо выводзіць па ёй вучня смык.
37І ад працы тэй зьмяніўся йскрыпкі зык.
38Якім ён ёмкім стаў!..
43Маглі-бы не зьмяніць, калі зьмянілі дрэва?..

У 16-ым р. на слове „уражэньне“ націск пастаўлены няправільна, але яго прыходзіцца аставіць для рытмікі.

У 34-ым р. „бачна“ — новатвор у сэнсе „відна“. 42 р. у слове „сьпева“ (зам. „сьпеву“) канчатак захованы для рыфмы.

Русіцызм: „стаўні“ (5 р.).