Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/53

52. Купідон 53. На могілках
Рандэль
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
54. У старым садзе
Іншыя публікацыі гэтага твора: На могілках (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




53.

НА МОГІЛКАХ.
(Рондэль).

Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах
Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі… Чаго-жа
Тут, дзе магілы, сьцень і прах,
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?
І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і сьмерці жах!
Спачнеце-ж! Вечна на старожы
Амур і сумны і прыгожы.

1913.

53. На могілках. Верш друкуецца з „Нашае Нівы“ 1913 г. № 22. Захаваўся ў чарнавікох аўтограф яго (п. IV, № 13, ст. 38).
У 10-ым радку трэба заўважыць няўдалую граматычную форму: „палёгшы“.