Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/II/Мадонны/183

182. Астры 183. У вёсцы
Паэма
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
184. Вэроніка
Іншыя публікацыі гэтага твора: У вёсцы (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАДОННЫ.

183.

У ВЁСЦЫ.

Lumen coeli, sancta rosa!
А. Пушкин.

Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці
І душы мацярэй нас могуць чараваці;
Вышэйшая краса — ў іх зьлітнасьці жывой!
Артысты-маляры схіляліся прад ёй,
Жадаючы зьявіць цераз свае халсьціны
Пачуцьці мацеры у вобліку дзяўчыны.
Красы тэй сымволам, маць-дзева, стала ты, —
І глянулі твае з-пад пэндзаляў чэрты.
3 таёмным трэпетам на іх я пазіраю,
А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю.
Мінулае сваё прыпамінаю я!
Між цёмных абразкоў прайшоўшага жыцьця
Шукаю сквапна штось трывожнаю душою,
І здараньне адно устае перада мною.

∗     ∗

Калісьці летняю рабочаю парой
Праз вёску я ішоў. Панураю чаргой
З абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі — шэрыя, струхлеўшыя; як латы,
Віднеліся ў сьцянах сьляпыя вокны іх,
І аж чарнелася салома стрэх гнілых.
Ўсё руйнавалася, старэла, адмірала,
І мала што вакол хоць трохі аздабляла
Вясковую нуду; мак яркія цьвяткі
Рожнакалёрныя, як тыя матылькі,
У градах высыпаў і цешыў імі душу,
Ды можна йшчэ было там-сям пабачыць грушу
Крывую, старую… вось толькі і ўсяго.
І да таго-ж з людзей ня відна нікаго, —
Яны на полі ўсе; не мельканець спадніца,
Ня пройдзе з вёдрамі па воду маладзіца,
Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржаньне жарабка,
І песьня сумная не паліецца звонка…
Што-ж дзіўнага, калі, раптоўна крык дзяцёнка
Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!
Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах
Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сьцяжынкі,
Да нянькі траплячы — так год васьмі дзяўчынкі.
І вось, дабраўшыся, ў падолак разам к ёй
3 трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй;
І, як схіляецца ад ветру верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, сьлёзкі
Сьціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім, як быццам маць.
І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны
Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,
Здавалася, была аж да краёў паўна
Якойсь шырокаю, радзімаю красою,
І, помню, я на міг пахарашэў душою.
А можа не краса была ў дзяўчынцы той, —

Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, —

А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз мацb Божай лікі.

∗     ∗

Страніца лепшая ў штодзёньніку жыцьця!
Зноў з ціхай радасьцю цябе чытаю я.
Хай шмат чаго [ўжо] з тых гадоў крыніца змыла
У памяці маёй, хай тэй дзяўчынкі мілай
Ўжо воблік губіцца у цёмнай глыбіне, —
Я веру, ў цяжкі час ён гляне на мяне.

183. У вёсцы. Верш друкаваўся першы раз у „Вянку“.
У 39-м радку ў „Вянку“ выдрукавана: „І вось, дабраўшыся ў падолак разам з ёй“. Згодна аўтографу (IV, 3, 2) выпраўлена: „разам к ёй“.
У канцы вершу ў 57-м радку Камісіяй для захаваньня рытмікі ўнесена слова „ўжо“:
„Хай шмат чаго [ўжо] з тых гадоў крыніца змыла“…
Рукапісныя варыянты (IV, 13, 33):
18З бакоў, калёсамі ізьбітай…
22Адны расьліны тут хоць трохі аздабляла…
23Расьлінамі вясковую нуду, — бо скрозь яго мак…
26Усыпалі гарод і пацешалі душу.
Рукапісны варыянт (IV, 3, 2):
40Трывожна плачучы, уткнуўся галавой…
Рукапісныя варыянты (папка IV, 8, 9):
55Вось што у вёсцы ўбачыў я,
56І ажыла ў грудзях душа мая…

57 І помніць ‘шчэ душа і сэрца не забыла…
Ні мала облікаў душа мая забыла…
59 І, можа, зьнікне у цёмнай глыбіне…
Хоць губіцца яна ў сардэчнай глыбіне…
Што зьнікне облік твой у цёмнай глыбіне…
І тоне твой абраз у цёмнай глыбіне, —

60Я веру, ў цяжкі дзень ты глянеш на мяне.
Русіцызмы: 2 — „мацярэй“, 8 — „чэрты“.
У 17-м радку зам. „абодвых“ застаўлена „абох“ для захаваньня разьмеру радку.