Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/II/Мадонны/184

183. У вёсцы 184. Вэроніка
Паэма
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
185. ⁂ Хоць мы былі адны ў той час
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вэраніка (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




184.

ВЭРОНІКА.
(Вершаванае апавяданьне).

„È un pensier del mio capo“
(Яна — выдумка маёй галавы).
Giovanni.

Я на душы васковай маю
Жыцьця мінулага пячаць:
Схачу свой вольны верш пачаць, —
І ўраз пра прошлае згадаю;
У даль вядуць мяне сьляды
Да вас, дзіцячыя гады.

Ўстае перад маім паглядам
І вулка, веючая сном,
І ціхі, старасьвецкі дом
3 цяністым, адзічэлым садам;
Над ім шпакоўніца ў гары,
А ўкруг схіліўся тын стары.

Дом гэты да паноў Забелаў,
Суседзяў нашых, наляжаў;
Я змалку там штодзень гуляў,
З дзяцьмі іх лез на дахі сьмела,
Рваў яблыкі, рабіў садом
І крыкам поўніў цэлы дом.

Вясёла йшлі гулянкі нашы:
Пад шум і гук размах рукі
Зьбіваў здалёку гарадкі,
Быў чутны сьмех пры відзе «кашы»,
І кожны стрымываў свой плач,
Калі ўразаўся ў плечы мяч.

А вечарком мы выпускалі
Ў паветра белых галубоў:
Зрабіўшы некалькі кругоў,
У вышыню яны шыбалі,
Як чысты сьнег, кружылі там
І падалі на дахі к нам.

Калі-ж сачыўся бледнаваты
Зор сініх сьвет праз небасхіл,
І уплятаўся вулак пыл, —
Мы ўсе пяялі каля хаты,
І напаўняў нягучны хор
Маркотнай песьняй сьціхшы двор.

Так у гулянках пралятала
Маё дзіцячае жыцьцё,
А поруч ціхае дзіцё,
Дачка Забелаў, узрастала.
Яе я мала знаў: яна
Ўсягды была сама, адна.

Жылося цяжка Вэроніцы
(Хай так дзяўчыну будзем зваць):
Яе памёрла рана маць,
І ня было саўсім сястрыцы,
А бацька сэрца хоць і меў,
Ды прытуліць яе ня ўмеў.
Таму з маленства палюбіла
Хавацца ў сад стары яна,
Дзе веяла дыханыне сна,
І цішына ў паветры плыла,
І нярухомы быў спакой,
Маўляў у глыбіне марской.

Не калыхнуцца лісьцяў хвалі,
Ўспляснуўшы пенаю цьвятоў
Паверх чарэшнявых кустоў;
Кіпіць шум места дзесь там далі,
А тут і глуха і цямно, —
Не зварухне марское дно.

І забывала Вэроніка
Між зёлак з кніжкай аба ўсём,
А ўзгляне, — сад кіпіць жыцьцём:
Над ёю куст шыпшыны дзікай,
Бруяе блізка сонны чмель,
І горка пахне тонкі хмель.

Ізноў страніца за страніцай
Раскрытай кнігі шалясьціць;
Нячутна час кудысь бяжыць,
Раяцца думкі Вэронікі, —
Усё расьце душа яе
І ў паўнаце красы ўстае.

Калі-ж асеньнія навіны
Зьмянялі сад, калі з бяроз
Рваў лісьця вецер, а мароз,
Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Ўзрывалі прэлых лісьцяў слой;

Калі патроху чырванелі
Чаромха, липа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Між голага гальля чарнелі,
І грозны вечара пажар
Пылаў між бура-шызых хмар;

Калі асеньні вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах, —
Тады да лета Вэроніка
Ад нас зьнікала ў інстытут
І ня будзіла згадак тут.

А час усё каціўся далі,
Хаваючы на дне гадоў
І гарадкі і галубоў;
Мы няпрыкметна падрасталі,
А іншы ўжо шчыпаў вусы
І лічыў іх гарой красы.

І толькі ўжо тады я ўгледзеў,
Што поруч, як цьвяток лясны,
Ўзрасла ў красе сваёй вясны
Дачка самотная суседзяў.
І — помню я — тады-жа ўперш
3 маёй душы паліўся верш.
Ён там кіпеў струёй жывою,
Праз холад мысьлі працякаў
І ў цьвёрдых формах застываў,
Як воск гарачы пад вадою,
Каторым трэба вам гадаць,
Аб чым той вершык меў казаць.

Я-ж сам скажу йшчэ тое толькі,
Што к Вэроніцы твор паслаў
І млеў і ўсё адказ чакаў.
Аж вось прайшло маруды колькі
Трывожных дзён, а ўсё няма
Ні Вэронікі, ні пісьма.

Калі-ж я неяк з ёй спаткаўся,
Загаварыўшы, як у сьне, —
Яна зірнула на мяне,
І раптам з вусн яе сарваўся
Такі бязьвінны, чысты сьмех,
Што на яго злавацца — грэх.

Сьмех гэткі маюць толькі дзеці
Ды людзі з яснаю душой;
І ён, як жаваранак той,
Зьвінеў і ўжо каханьня сеці
Нячутна нішчыў, як ураз
Сарваўся, дрогнуў і пагас.

Накрыла ясны твар дзявочы
Задумы сумная,
На плечы ручка мне лягла,
Спагадліва зірнулі вочы
І даляцеў к маім вушам
Ласкавы шэпт: «Мо’ больна вам?»

Не, зорка, мне было ня больна,
Бо бачыла адно душа,
Як ты сьвяжа і хараша,
Як рада ты жыцьцю нявольна,
Уся пад срэбнаю расой
Са йстужкай скромнай між касой.

І мела дзеўча выгляд маці,
Калі тады ка мне яна,
Трывожнай ласкаю паўна,
Схілілася, як да дзіцяці,
Зіяючы перада мной
У новай пекнасьці жывой,

У тэй, што з постацьцю дзяўчыны
Зьлівала мацеры чэрты.
О, як прыгожы-дзіўны ты,
Двайной красы аблік ядыны!
Ажыў у ім твой вечны цэль,
Мадонн тварыцель, Рафаэль!

І прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй,
Натхненнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было, —
Там запалілася цяпло.
Дасюль яшчэ яно пылае;
Здаецца — ўмёрла, але ўраз
Праб’ецца зноў, і прошлы час
Прад ім у згадках праступае,
Як пры агні ці цеплаце.

І конь крылаты да Парнаса
Мой дух імчыць тады, каб я
Былое апяваў пасьля.
Ды як знайсьці сьляды Пэгаса
На бруку места? Цяжка ўперш!
Спачынь-жа трохі, верны верш!

184. Вэроніка. Перадрук з тэксту „Вянка“ з наступнымі зьменамі паводле варыянтаў у экземпляры № 2:

21   Зьбіваў здалёку… (Экзэмпляр № 2).
Ураз „браў на вынас“. („Вянок“).
49   Таму з маленства…
І змалку шчыра…

94. „няпрыкметна“ зам. „панямногу“.
У 132 і 133 радкох „больна“ зам. „прыкра“.
У прыведзенай у канцы „Вянка“ нататцы зазначана, што трэба пасьля V-й строфы паставіць IX, X і XI, а потым VI, VII і VIII. Літ. Камісія разьмясьціла строфы згодна гэтаму паказаньню, а таму ў 1-м радку IX-е строфы для ўстанаўленьня большай сувязі і прынята аўтарская папраўка (з экзэмпляру № 2) „таму з маленства“…
Іншыя аўтарскія папраўкі, апроч уведзеных у тэкст, у экзэмпляры „Вянка“ № 2:
І „уражлівай“ зам. „васковай“.
49-54 і 61-72 радкі закасованы рукою поэты.
161. — Таемны надпіс у лісьце.
Рукапісныя варыянты (папка IV, № 11):
12А ў пруд схіліўся тын стары.
14Знаемых нашых належаў;
24Калі садзіў у плечы мяч…
51Дзе разрасьліся макі…
123Ён сплёў цьвяток любві маёй,
124Ён разарваў каханьня сеці
125І тую службу саслужыў,
126Што нас адразу падружыў.
Рукапісныя варыянты (п. IV, 3, 7):
40Дачка маленькая ўзрастала.
46Айцец быў заўсегда ў бальніцы, —
47Няма сясьцёр у Вэронікі.
Рукапісныя варыянты: (п. IV, № 6, ст. 24):
19 Я не забыў і гульні нашы,

20   Наш шум, калі размах рукі…
На бок схіліўшыся забор…

Рукапісныя варыянты (п. IV, 6, 23):
151Прад пекнасьцю яе жывой…
152Зачараваны ў момант ёй…
155І к сэрцу сьветла паплыло,

156   І стала ў ім цяпло, сьвятло…
І неяк стала ў ім сьвятло.

157І гэта сьветла не згасае!
158І дасюль яго жывы прамень…
…з дзён мінулых…
І сэрца іх не забывае.
Русіцызмы: 103 — „струёй“, 146 — „чэрты“.

Заўвагі да I-га тому

правіць

Да вершаванага апавяданьня „Вэроніка“ (т. I, № 184).

Да гэтага твору ў друкаваным орыгінале („Вянок“ 1913 г.) даны эпіграф з подпісам Giovanni. З прычыны таго, што аўтографу гэтага вершу не захавалася, немагчыма было устанавіць, прозьвішчам якога італьянскага поэты быў падпісаны М. Багдановічам гэты эпіграф у аўтэнтыку. Згодна даведцы, якая дана М. Аляхновічам у яго рэцэнзіі на I том твораў М. Багдановіча („Маладняк“ 1928, № 3), зазначаны эпіграф да „Вэронікі“ ўзяты з эпіка-лірычнае поэмы „Armando“ поэты Giovanni Prati (1815—1884). Такім чынам пад эпіграфам „E un pensier del mio capo“ (т. I, стар. 219) павінен стаяць подпіс „Giovanni Prati“.