Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/II/Старая Беларусь/123

122. Вечар 123. Летапісец
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
124. Перапішчык
Іншыя публікацыі гэтага твора: Летапісец (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТАРАЯ БЕЛАРУСЬ.

Усе прайшло, мінула,
Як і ня было,
У капцох паснула,
Зельлем зарасло.
Я. Купала.

123.

ЛЕТАПІСЕЦ.

Душой стаміўшыся ў жыцьцёвых цяжкіх бурах,
Свой век канчае ён у манастырскіх мурах.
Тут ціша, тут спакой — ні шуму, ні клапот.
Ён пільна летапіс чацьверты піша год
І сьпісвае усё ад слова і да слова
З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
І добрыя яго і кепскія дзяла
Апавядае тут. Так рупная пчала
Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак.
І бачанаму ім — ён годны веры сьведак.
Што тут чынілася у даўныя гады,
Што думалі, аб чым спрачаліся тады,
За што змагаліся, як баранілі веру, —
Узнаюць гэта ўсё патомкі праз паперу!
Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, —
І вось у спомінах устане, ажыве,
Калі знайдуць яго няхітрае пісаньне
Пра гэтае жыцьцё, надзеі, справаваньне.
Так мора сіняе прымчыць да нас вадой
Бутэльку к берагу, аблітую смалой,
Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне. Не замала
Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала.
Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб’юць,
І, як трапляецца, быць можа, ў ёй знайдуць
Ліста. Па звычаю марскому гэтак весьці
Нам, утапаючы, шлюць людзі. Ў моры дзесьці
Загінулі яны, і, можа, соткі год
З часоў тых працяклі, і згінуў іх народ,
І ўсё зьмянілася і ўжо пра іх забылі.
Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!
І людзі зьведаюць аб прадзедах сваіх, —
Аб горы, радасьцях і аб прыгодах іх,
Каму маліліся, чаго яны шукалі,
Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.

123. Летапісец. Перадрук з тэксту „Вянка“ з наступнымі аўтарскімі зьменамі з варыянтаў у экзэмпляры „Вянка“ № 2:

3   Тут ціша, тут спакой — ні шуму, ні клапот —
І… пільна летапіс другі ўжо год пішу:
4   Ён пільна летапіс чацьверты піша год…
Старэнна літары малыя вываджу.

12… „аб чым спрачаліся“ зам. „чаго бажалі мы“…
14„узнаюць гэта“ зам. „хай зьведаюць“…
17„яго“ зам. „мае“.

19   Так мора сіняе прымчыць да нас вадой…
Так мора — ў Гданску я чуваў — прымчыць вадой…

Радкі 11-14 аўтарам закасованы, і Літ. Камісіяй у тэкст выданьня ня ўведзены.
Аўтару, мабыць, здавалася, што простая мова летапісца яму не ўдаецца, і дзеля гэтага ён лічыў за лепшае даць характарыстыку летапісца ў трэцяй асобе, як мы бачым з прынятых Літаратурнай Камісіяю паправак у р. p. 4, 17 і інш., але папраўкі гэтыя ня скончаны, напр., у 11-ым радку замест „тут“ лепей паставіць „там“.
Верш быў напісаны ў 1912 годзе, як зазначана рукою аўтара ў экзэмпляры № 2. Першы раз друкаваўся ў „Н. Н.“ 1912 г. № 26.
Чарнавыя варыянты (IV, 8, 25):
9Зьбірае ў соты мёд і з ліп і з горкіх кветак.
12Пра быўшае калісь у нас і прошлы час.
13Пра войтаў, бурмістраў…
15Як нам жылося тут.
20І вось, маўляў з труны…