Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/VII/3

2. Апокрыф 3. Апавяданьне аб іконьніку і залатару, людзях мудрых і красамоўных, кнігалюбцам нейкім дзеля славы божай ды размнажэньня дабра паспалітага выдадзенае
Апавяданьне
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
4. Шаман
Іншыя публікацыі гэтага твора: Апавяданьне аб іконьніку і залатару.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




3.

АПАВЯДАНЬНЕ АБ ІКОНЬНІКУ І ЗАЛАТАРУ,
ЛЮДЗЯХ МУДРЫХ І КРАСАМОЎНЫХ, КНІГАЛЮБЦАМ НЕЙКІМ ДЗЕЛЯ СЛАВЫ БОЖАЙ ДЫ РАЗМНАЖЭНЬНЯ ДАБРА ПАСПАЛІТАГА ВЫДАДЗЕНАЕ.

Дасюль яшчэ людзі дасьведчаныя і сталыя, а памяцьцю цьвёрдыя, тыя часы ў існаваньні слаўнага места Віленскага, зайздруючы, згадываюць, калі мыта салянічае на соль простую і ледаватую ў двакроць паменшана было. Тады-ж мяшчане віленскія з ласкі яго каралеўскай міласьці і прывілей атрымалі, каб тры дні штогод перад сьвятам нараджэньня Ісуса хрыста мёд варыць вольна, ні капшчызны, ані васковага да скарбу ня плоцячы.

Водлуг гэтага ў Вільні за звычай стала гадзіну-другую ў бяседзе за келіхам мёду хатняга сьцерці. Таксама і залатар Антон Корж, майстар скрозь паважаны, да крамы сваёй, на Нямецкай вуліцы збудаванай, часам таго або іншага са знаёмых запрашаў, каб вечар зімовы прыстойна ўдвух скаратаць. Гэткім чынам і ў дзень сьвятой Харыціны, каралевы літоўскай, на покуцьці крамы залатарскай госьць, Раман Якубовіч, чалавек добры і рахманы, за карцом поўным ушчэрць сядзеў.

Яшчэ ў моладасьці ўзяўся ён постаці пана бога, яго прачыстае маткі і рожных сьвятых вучыцца маляваць, фарбы кволыя на дашчэчках кляновых, гладка выструганых і крэйдаю загрунтаваных, з малітвай у сэрцы накладаючы. Пяць год яму вучнем давялося быць ды два гады падмайстрам; а як тэрмін гэты скончыўся, тады Якубовіч, звычай спаўняючы, са старшай дачкой гаспадара свайго, Агатай, жаніўся і, званьня майстра такім парадкам справядліва дайшоўшы, усягды цяпер заработак меў. Уважаючы на гэта, нават і пан Корж яго да сябе запрашаў, хоць, вядома, іконьнік залатару раўнёй быць ня можа і таксама ад яго рожніцца, як, прымерам кажучы, фарба трохграшовая ад золата ўгорскага, у агні пяць разоў ачышчанага. Але Корж, крамар заможны і паважаны, на сьвеце незамала пажыўшы і шмат чаго зьведаўшы, людзям ніколі не пагарджаў, гонару свайго, аднак, ні ў чым не зьмяншаючы. Так і цяпер ён, мёд цёмнабурштынавы смакуючы, словы госьця свайго ўважліва слухаў.

— Чуткі да мяне дайшлі, — гэтак прамаўляў іконьнік Раман Якубовіч, — быццам Сальватор Роза, майстар умелы, а ў працы рупны і здольны, да нашага краю з зямлі Італійскай прыехаўшы, абразы на мурох цэркваў полацкіх з вучнямі сваімі малюе, старыну ў маляваньні гэтым рухаючы, а навіны ўводзячы. Дзеля таго абразы тыя ад даўнейшых шмат чым рожняцца, і гэтае людзям, у старыне цьвёрдым, а да цэрквы божай прыхільным, сталася вельмі не да спадобы. Ды яшчэ кажуць, быццам італіец той, аб красе толькі дбаючы, а на збаўленьне душы сваёй забыўшыся, паганскіх багоў і шмат чаго іншага малюе, аб чым іконьніку добраму лепш нават і ня думаць. Нічога гэтага ў жоднага з майстроў часу старага, а нам у прыклад стаўшага, пабачыць няможна. Найгорш-жа тое, што іконьнікі полацкія звычаю рускага, а ў працы здольныя і дасьведчаныя, навіны гэтыя пераймаюць ды да таго-ж і людзей усякіх, нават роду паспалітага, а таксама і рэкі, бары і лугі і шмат чаго іншага малююць, і час і працу сваю праз усё гэта марне трацячы. Бо, здаецца, кожны зразумець можа, што сьвятая ікона пана бога, хаця-б і зусім няўдала зробленая, бязьмерна больш варта, чым са пся якога-небудзь малюнак найлепшы. Але майстры тыя на гэта не ўважаюць, а таму іконапісь прыстойная і да старасьвецкіх звычаёў прыхільная у Полацку падупала, праклятым недаверкам на радасьць, а ўсім людзям добрым на жаль і гора вялікае.

Тады, бачыўшы, што іконьнік гутарку сваю ўжо скончыў, пан Корж карэц з мёдам на бок пасунуў і, не сьпяшаючыся, пачаў гаварыць:

— Можа стацца, лепей-бы мне аб гэтым не размаўляць, бо ня столькі я фарбы і пэнзлі, сколькі рэчы свае залатыя і срэбныя ведаю, аздабнейшых ад каторых ні ў Вільні, ані ўва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім ня знойдзеш. Але ня варт, усягды мне здавалася, рэч якую-небудзь толькі таму ганіць, што яна для нас за навіну прызнацца павінна. Бо ўсё тое, што цяпер навіною завецца, праз час які старыною мае быць, для людзей усіх станаў звыклай, а ўшанаваньня і абароны годнай. Я, дзеля працы сваёй незамала паезьдзіўшы, і ў чэхах і ў нямцох пабываўшы, шмат чаго на вяку сваім па краінах далёкіх бачыў. Малюнкі тыя, што Сальватор Роза з іконьнікамі полацкімі робіць, там скрозь звыклы, і нікога ўжо яны ня дзівуюць, людзям усім, дзеля красы сваёй, у спадобе стаўшы, а майстрам здольным славы і гонару прыдаючы. Тое-ж і ў нас, напэўна, мае стацца, калі навіна старыною зробіцца, так што, мабыць, тады людзі полацкія Сальватора Розу шанаваць будуць, хоць нам цяпер гэта і непадобным да праўды здаецца.

— Гэтак сама і думку, быццам ікона ўсягды вялікшую вартасьць ад іншага маляваньня мае, я за несправядлівую мушу ўважаць. Бо ня тое, каго майстар малюе, а толькі тое, як ён гэта робіць, толькі здольнасьць і ўлежнасьць яго могуць малюнку хвалу і каштоўнасьць надаваць. Ікону з Острабрамскай маткі боскай, майстрам рупным і добрым намаляваную, за восем або за дзесяць грашоў літоўскіх купляюць, а за тую-ж ікону працы вучня няўмелага нічога не даюць. Вось-жа вартасьць малюнка толькі ад хараства ў выкананьні яго залежыць, што, звычайна, кожны іконьнік лепш ад мяне ведаць павінен.

Так гаворачы, залатар скрыню дубовую, жалезам акутую, адамкнуў і, дзьве ліхтарні срэбныя адтуль дастаўшы, на стол іх з каганцом поруч паставіў і тады сказаў:

— Чалавек разумны да прыкладаў рожных ахвотна зьвяртаецца, думку сваю выкладаючы; іх-жа і цар Саламон ужываў, як аб тым пісьмо сьвятое нам кажа. Таксама і Цыцэро і Арыстотэль, людзі мудрыя і ў філёзофіі дасьведчаныя, хоць верай праўдзівай і не асьвечаныя, да прыкладаў вельмі склад маючы, заўша з іх карысталіся.

— Дзеля таго і я, думкі свае, як сьлед, растлумачыць жадаючы, ліхтарні гэтыя за прыклад узяць хачу. Роўную яны вагу маюць і з таго-ж самага срэбра адліты былі, але ўсё-ж ткі адна з іх у семкроць болей другой каштуе, бо аздоблена з умеласьцю надзвычайнай. Водлуг-жа таго, што ўмеласьць і здольнасьць тыя толькі ў выглядзе рэчы, або, як іншыя цяпер кажуць, у форме яе зьявіць можна, прызнаць мы мусім, што каштоўнасьць вырабаў прыгожых адно толькі праз красу іх форм узрастае, і толькі красою форм каштоўнасьць тую мераць можна.

— Ува ўсім праз працу залатарскую як найлепей павінны мы праканацца. Бо чым болей ад работы майстра формы рэчы прыгожасьць набіраюць, тым каштоўнейшай рэч гэтая пачынае рабіцца. Таксама і здольнасьць майстра тым большай трэба ўважыць, чым лепшую форму кавалку срэбра або золата прыдаць ён здолен. Вось чаму я, хрысьціянін ня згоршы ад іншых, рэчы свае вырабляючы, адно толькі красу формы пільную ды ня думаю аб тым, нашто нанізкі залатыя мае пойдуць: ці то на здабленьне фігуры маткі боскай, або піяка і распусьнік які на пакрасу сваю ўжываць іх будзе.

Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Але ўжо ноч настала, і варта па вулках ішла, усім загадываючы, з наказу пана войта, агні гасіць і дзьверы зачыняць. Таму іконьнік і залатар, вечар прыстойна ў бяседзе правёўшы, краму замком нямецкім моцна замкнулі і разьвіталіся між сабой, у думках жадаючы, каб дзеля спажытку сэрцу і розуму таксама і далей удвох схадзіцца.

Рукапіс гэты, пісаны гаворкай нашай старажытнай, адшукаў і словамі сучаснымі перапісаў Максім Багдановіч.



3. Апавяданьне аб іконьніку і залатару. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1914 г. № 7.
У гэтым апавяданьні, якое было выдрукавана ў 1914 годзе, мова поэты выглядае значна чысьцей, чымся ў папярэдніх. Можна думаць, што некаторыя папраўкі былі зроблены рэдактарам „Нашай Нівы“, але за адсутнасьцю аўтографаў няма ніякай мажлівасьці выдзеліць рэдакцыйныя папраўкі ад аўтарскага тэксту.
У апавяданьні сустракаюцца поленізмы, як, напр., „пся“, „заўшэ“.
„Апавяданьне аб іконьніку і залатару“ лексыкаю і сынтаксычным складам прадстаўляе сабою насьледаваньне старадаўным апавяданьням; вызначаецца яно вядомым бытавым колёрытам прыстасоўна да эпохі сярэднявечча.
Асноўная тэма апавяданьня — аб значэньні мастацтва — уласьціва і іншым творам Багдановіча, але ў даным творы пераважна разьвіваецца думка аб значэньні мастацкае формы і эволюцыі яе роўналежна з агульным разьвіцьцём культуры.