Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/Дадаткі/V

Бібліографія літаратуры аб М. Багдановічу Заўвагі да I-га тому
Камэнтары

1928 год
Паказьнік імён да I—II тт. твораў М. Багдановіча

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




5. ЗАЎВАГІ ДА I-га ТОМУ.

Да в. „Астры“ (т. I, № 182). Пры перадруку з зборніку „Вянок“ 1913 г. вершу „Астр“ не даны да яго адпаведны падзагаловак: „Пераклад з украінскае мовы“, як гэта зроблена ў адносінах да 3-х папярэдніх вершаў (№№ 179, 180 і 181), якія таксама зьяўляюцца перакладамі з украінскіх поэтаў. Орыгінал гэтага вершу належыць поэту Олесю (гл. „О. Олесь. Вибрані твори. Редакція та вступна стаття. П. Філіповіча. Книгоспілка, 1925 г.“, ст. 4), і, значыць, па аналёгіі з папярэднімі вершамі трэба было-б даць яму наступны загаловак: „З Олеся (пераклад з украінскае мовы)“. У зборніку „Вянок“ 1913 году верш гэты названы „Астры“ без спасылкі на орыгінал.


Да вершаванага апавяданьня „Вэроніка“ (т. I, № 184).

Да гэтага твору ў друкаваным орыгінале („Вянок“ 1913 г.) даны эпіграф з подпісам Giovanni. З прычыны таго, што аўтографу гэтага вершу не захавалася, немагчыма было устанавіць, прозьвішчам якога італьянскага поэты быў падпісаны М. Багдановічам гэты эпіграф у аўтэнтыку. Згодна даведцы, якая дана М. Аляхновічам у яго рэцэнзіі на I том твораў М. Багдановіча („Маладняк“ 1928, № 3), зазначаны эпіграф да „Вэронікі“ ўзяты з эпіка-лірычнае поэмы „Armando“ поэты Giovanni Prati (1815—1884). Такім чынам пад эпіграфам „E un pensier del mio capo“ (т. I, стар. 219) павінен стаяць подпіс „Giovanni Prati“.


Да вершу „Памятнік“ (т. I, № 199).

Верш „Памятнік“ (пераклад з Горацыя) перадрукаваны з тэксту часопісу „Krywičanin“ (1918, № 1), дзе 11-ты радок надрукаваны так:

— Дзе царыць над людзьмі бедны вадой Танай.

У чарнавым аўтографе гэтага вершу (IV, 4,20) апошняе ўласнае імя ў прыведзеным радку напісана іначай:

Дзе царыць над людзьмі бедны вадой Данай.

Згодна тэксту Горацыя (Horat. Carm. Lib. III. С. XXX: „…et qua pauper aquae Daunuc agrestium regnavit populorum…“) ні „Танай“, ні „Данай“ не зьяўляюцца правільным чытаньнем і павінны быць выпраўлены на „Даўн“ (Daunus), і верш павінен чытацца так:

Дзе царыць над людзьмі бедны вадою Даўн.

На гэты рэдакцыйны недагляд у друку зрабіў указаньне Ю. Дрэйзін („Узвышша“, 1928, № 2-8).