Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/IV/33

32. Аб веры нашых прашчураў 33. Сонэт
Публіцыстыка
Аўтар: Максім Багдановіч
1928 год
Увагі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Санэт (Багдановіч, артыкул).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІТАРАТУРА.

33.

СОНЭТ.

ТЭОРЭТЫЧНА-ГІСТАРЫЧНЫ НАРЫС.

Паняцьце аб сонэце дасюль яшчэ астаецца даволі зыбкім, цякучым, дасюль яшчэ яно не застыла, не ацьвярдзела, не атрымала закончаных форм. З аднаго боку самі поэты па няведзеньню альбо і па нядбаласьці ўсякімі licentiis poeticis не давалі яму скрышталізавацца, зрабіцца болі ўстойчывым; з другога — рознымі тэорэтыкамі пісьменнасьці разьвіваліся ня зусім адзінакавыя погляды на дзе якія бакі гэтай краснай формы. Але ўсё-ж такі было ў ёй некалькі рэчаў, пад каторыя ніхто не прабаваў падкапацца, бо разам з імі рухнуў-бы і увесь стройны сонэтны гмах. Зьвярнуўшы ўвагу да іх, мы можам сказаць, што сонэтам называецца верш, складаючыйся з чатырнаццаці напісаных пяцістопным ямбам строк, у каторых мужскія рыфмы чарадуюцца з жаноцкімі і маюць такі парадак: abbaabba, ccdede. Праўда, для апошніх шасьці рыфм шмат кім дапускаецца якое ўгодна разьмяшчэньне, але срогія тэорэтыкі, як напрыклад, Сент-Бёв альбо Леконт дэ Ліль адмаўляліся лічыць сонэтамі гэткія вершы. Адзначанага чарадаваньня трымаліся і такія майстры пісьменьніцкага цэху, як слаўнавядомы ў свой час поэта Малерб. Таго-ж будзем трымацца і мы.

Намі зроблены агульны абрыс сонэтнай формы. Усе іншыя элемэнты яе караняцца ўжо ў гэтым аснаўным ядры, гуртуючыся вакол яго. Паглядзім-жа, наколькі глыбока і моцна ўвайшлі іх карэньні ў свой грунт.

Мы бачым, што першыя восем строк сонэту скаваны між сабой ланцугом адзінакавых рыфм, зьнітаваны імі ў нешта цэльнае зьвернуты ў нейкі поэтычны моноліт; а каб гэтая зьнітоўка была мацнейшай, каб пачатак вершу не расслаіўся на два зусім незалежных куплеты, — канец першага з іх і пачатак другога маюць адзінакавыя рыфмы. Стаячыя-ж далей ужо новыя рыфмы павінны зрабіць глыбокую трэшчыну паміж гэтым кавалкам і ўсім астатнім. Значыцца, сонэтная форма распадаецца на дзьве асобныя часьці, што вымагае і ад зьместу кожнай з іх як скончанасьці, так і незалежнасьці. Калі-ж бы ён перапляснуў за край ўласнай формы, прарваў яе гаць і ўліўся ў межы другога кавалку, — пекнасьць вершу была-б адразу папсавана; форма і зьмест яго зрабіліся-б чужымі, непрыстасаванымі, нязгоднымі, змагаючыміся між сабой, (увесь час шкодзілі-б адзін аднаму збудзіць у чытача пачуцьцё красы, і нават забівалі-б яго). Такім парадкам, пэўна напісаны сонэт, быццам арэх-спарыш, павінен хаваць пад адной скарлупой два асобныя, хоць і шчыльна сьціснутыя між сабою ядры. Углыбляючы сваё значэньне, гэтая будоўля вершу адціснула ўласную пячаць і на характары зьместу кожнай з дзьвёх яго часьцей. Павэдлуг гэтага ў першых васьмі строчках разьвіваецца тэма сонэту, а ў астатнім, — заключэньне да яе; ставіцца пытаньне і даецца адказ; малюецца абразок і выкладаецца паясьненьне да яго. А каб пабольшылася сьвежасьць вытваранага такім парадкам сонэту, трэба, каб ні адна нітка з яго тканіны, ні адна цэгліна з яго гмаху, ці прасьцей кажучы, ні адно слова з яго не ўжывалася болей разу. Толькі пасьля здаваленьня ўсіх гэтых вымог здолее зьявіцца тая высокая краса, пры каторай, як кажа клясычны верш Буало „un sonnet sans défaut vaut seul un long poème“ („пэўна напісаны сонэт варт цэлай поэмы“).

* 1911.



Аўтограф артыкулу „Сонэт“ (стар. 251-2).

33. Сонэт. Тэорытычна-гістарычны нарыс. Друкуецца з чарнавога аўтографу (IV, 8, 2) з некаторымі зьменамі, узятымі з друкаванага тэксту чаconicy „Krywićanin“ 1918 r. № I.

Рукапіс нарысу захаваўся на старонцы поў-аркуша, на другой старонцы якога знаходзіцца чарнавы накід вершу „Добрай ночы, зара-зараніца“ (гл. том I, № 102), задатаваны 1911-м годам. Абодвы накіды (нарысу і вершу) напісаны адным почыркам і, як відаць, у адзін і той жа час (уласна ў 1911-м годзе). Падтрыманьне гэтае думкі можна знайсьці таксама і ў тым, што якраз у гэтым-жа годзе М. Б-ч з асаблівым захапленьнем пісаў сонэты, — гл., напрыклад, „Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі“ і „На цёмнай гладзі сонных луж балота“ (т. I, №№ 171 i 172).

Нарыс друкаваўся ў час. „Кrywićanin“ (1918 г. № 1) і быў перадрукованы ў кнізе проф. А. І. БарычэўскагаТэорыя сонэту“, Менск, 1927.

8-I Тэкст „Сонэту“ у „Krywićaninie“ крыху адрозьніваецца ад аўтографу. Напрыклад, у „Krywićaninie“

252 стар. 3—4 радкі: чытаюцца так: „апошняя канцоўка першага з іх і пярэдняя другога павінны быць аднолькавымі“.

Тая-ж стар. 13—14 р.: „звычайна, гэта шкодзіла б прабуджэньню ў чытача пачуваньня красы і нават забівала-б яе“ 16—17 р.: „сонэт быццам, орэх-спарыш, павінен хаваць пад адной скарлупой два асобныя, аддзельныя хоць і шчыльна прылягаючыя адно да аднаго ядры“. Апроч таго ў „Krywićanine“ няма аўтарскага перакладу вершу Буало ў канцы артыкулу — „пэўна напісаны сонэт варт цэлай поэмы“.

Прыведзены ў канцы артыкулу выраз з клясычнага вершу Буало („un sonnet sans dèfaut waut seul un long poème“) былі выкарыстаны поэтам як эпіграф да сонэту „Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі“ (т. I, № 171).