Мы помнім далакопы,
сьляды крывавых дзён, —
блудзілі вы Эўропай,
спраўлялі аўкцыён…
Вы гандлявалі, зграя,
окупаваным краем:
— Сьлюняўся Езавітаў —
ёсьць торф і фосфорыты.
Цьвікевіч кляўся богам, —
ёсьць гліна, шкло і дзёгаць.
Лёсік голасам маршалкі —
ёсьць сярнічкі ці запалкі.
Пан Ластоўскі ў грудзі стукаў —
ёсьць сьпірытус, бульба, цукар.
Некрашэвіч сыпле ў жар —
ёсьць крухмал і шкіпідар.
І Грамыка вершаплясам —
ёсьць лясы — дубы і ясень…
А гандлёвая палата
расьпіналася заўзята:
— Ну, хто болей? Раз.
Хто болей?
Мы спаткаем
з хлебам-сольлю.
Два! Хто болей?
Выгад плённых
дасьць народзе шматмільённы…
І крычалі, і пісалі,
чаргаваліся, лізалі —
генэралам, дэфэнзывам,
гэтак ласкава-лісьліва.
І…
Ня ўдаўся аўкцыён,
бальшавікі
перайшлі рубікон
апавясьцілі свой закон —
новых савецкіх дзён!
Схавалі клыкі
растаўшчыкі,
адзелі маскі
і… калі ласка:
Адзін стаў палітрукам,
другі галоўнавука;
ды ўсе, як тыя п‘яўкі,
дабіліся спецстаўкі.
І, як калісь, краіну
аплесьці павуцінай
жалезных ланцугоў
імкнуліся ізноў.
Але, ў пару якраз,
рукой рабочай з вас
сарвалі маскі
І… калі ласка.
1930 г.
|