Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Поэма пра ворага

Аўкцыён Поэма пра ворага
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Таварышы, з намі вясна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паэма пра ворага.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭМА ПРА ВОРАГА

Если враг не сдается, его уничтожают.М. Горький


Векапомны сьлед налётаў.
Наляталі, як завея,
франкаў, стэрлінгаў
і злотаў
найміты-зладзеі.

Катавалі, рвалі жылы,
Сьмерць душыла
Ў муках лютых.
…Ўзнагароджвалі грамілаў
Эўропейскаю валютай.

Праляцелі сьмерчам-бурай
па тайзе сібірскай хмурай.

Фарбавалі кроўю шпоры
у грудзёх краін прымор‘я.

Размахночылі бяспынна
Шыр абшараў Украіны.

Захлыналіся запоем
беларускаю крывёю.

Ветры восеньскія вылі,
сэрца рвалі ўдзень і ўночы
і разносілі на крыльлях
плач дзяцей і стогн жаночы.

У агнёвых хмарах рыжых
рабавалі людзі-зьверы —
па інструкцыях Парыжу,
пад контролем
Бэльвэдэру.

Галасілі ветры ў полі,
звалі выйсьці выгнаць пана.
Кліч рабочага падпольля —
рушыў сілу партызанаў.

Ветры стукаліся ў шыбы
і заводаў, фабрык моладзь
зазывалі зьліцца ў выбух
сілы Комсомолу.

Хай і прогаладзь касіла
эпідэміяй бяз жалю.
На франтох краіны — сілу
барацьбою гартавалі!

І прышэльцаў і тутэйшых
катаў ворагаў прагналі.
Хутка так, нібы дэпэша,
па краіне беглі хвалі
баявое песьні нашай
бальшавіцкім
маршам.

У рыштаваньнях —
Нашы дні,
Забінтаваны
Нашы дні,
жыцьцё
гісторыяй нязнанае
ўзрастае.

Стрымаць?
Спрабуй, крані!
Узарваць?
Спрабуй, крані!
Наш кожны крок —
сьлед прошласьці
зьнішчае.

Мы адліваем сталь
упартасьці паходаў.
Жаданая вярста
маячыць сонцаўсходам!
Ударнаю, скразной,
заводам бальшавіцкім —
узброеныя — біцца
за пяцігодку — у бой!

…А зацярушан тыл
трухлёй варожых сіл…

Хто прагне крыві чалавечае мора —
наш клясавы вораг.
Хто мкнецца вярнуць нам забытае гора
наш клясавы вораг.
Хто ў штурм пяцігодкі хаваецца ў норы —
наш клясавы вораг.
Хто хоча-ня-хоча, а ворагу ўторыць —
наш клясавы вораг.
Хто ў масках сягоньня, а вораг учора —
наш клясавы вораг.

Дружжа, так узьнята
краінаю ідзем мы…
…Аселіся па хатах
беларускія нацдэмы.

Як цені, праўда, куцыя,
сяброў сваіх нязьменных.
Экс-кайзера, Пілсудзкага,
Керзона, Чэмбэрлена.

Яны вянком банкетаў
(Звычайна-ж, вельмі проста…).
віталі сьмерць Саветам
блудлівым тонам тосту.

І кулакі, дзе ў хутар
зьбяруцца, точаць зубы:
гарыць назаўтра гута,
колгас ідзе на згубу…

І праз вакно — з нагану
ў цьме начы імглістай
страляюць — партызана,
селькора, актывіста.

А ў шчыліне, хоць вузкай,
гняздо нажывы створаць:
з нацдэмам беларускім —
расійскі царадворац.

Знайшлі і мову згоды
ў імгле сваіх клапотаў.
Злачынствы іх — на продаж
і ў розьніцу і оптам.

Хто даражэй заплаціць,
таму і уклон з пакорай.
Вораг той, што ў хаце,
самы люты вораг.

І шкодніцтва нястрымна
турму і голад несла
— „Единой неделимой“
з… электрычным крэслам.

За Русь аслабнуць зборы,
узьнімуць сьцяг нажывы —
ад мора і да мора,
падвалаў дэфэнзывы.

Распрацавалі „радай“
І тактыку і пляны —
крывавай лютай здрады
рабочым і сялянам.

У сэрцы гнеў штурмуе,
навальным б‘е прыбоем…
.............
Як клясу, ліквідуем
уласнаю рукою!

Злоўлены —
за падрыхтоўкай вайны,
за продажам лесу на труны.
Злоўлены —
найміты таннай цаны,
магільшчыкі ўсходаў Комуны.

Злоўлены —
ў масках сучасных прыблуд,
шкоднікі справы і слова.
Маскі далоў!
Рэволюцыі суд
бязьлітасны і
Канчатковы.

Сьнежань, 1930 г.