Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Гудкі

Новы Менск Гудкі
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Мястэчка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гудкі (Александровіч, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГУДКІ


1

Як толькі ноч суровая
за небасхіл зьбяжыць,
зарніца каляровая
над краем задрыжыць.
У поле-шыр зьбіраюцца
колгасьнікаў палкі,
а ў горадзе ўзьвіваюцца
гудкі… гудкі…

2

Рабочыя адважныя
на фабрыку ідуць —
хутчэй, хутчэй сярмяжную
збыць спадчыну-бяду.
У колгасы з самажнейкамі
імчацца цягнікі.
Пачуюцца з жалейкамі
гудкі… гудкі…

3

Як глянеш, сэрца радуе, —
будуем новы лад:
У кожнай хаце радыё
і радасьць расьцьвіла.
Была дрыгва далінаю
праз цэлыя вякі, —
цяпер гудуць машынныя —
гудкі… гудкі…

4

Была зіма… Праменьні нам
бядою ткалі сказ;
тады мы помнім, Леніна
ня стала сярод нас, —
і змоўклі ўсёй краінаю
сякеры, малаткі:
заплакалі хвілінаю —
гудкі… гудкі…

5

З песьнямі агністымі
і крэпнем і расьцем.
Мы будзем комуністамі,
на зьмену мы ідзем!
Мы будзем абаронаю,
мы ўсе — фронтавікі, —
хай клічуць нас чырвоныя —
гудкі… гудкі…

1928 г.