Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Мястэчка

Гудкі Мястэчка
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Крык галодных рыкш
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мястэчка (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЯСТЭЧКА


1

Пятніца…
Запалілі сьвечкі
ў кожнай хаце цёмнага мястэчка;
на стале ля сьвечак
сьпечаная хала.
Ў талэсах мястэчка
сівы талмуд чытала.
Сонейка пагасла.
Запалілі сьвечкі.
Пятніца.
Вечар.
Моліцца мястэчка.

2

Вечар жніўны ціха павявае,
рассыпае срэбра кроплямі расы.
Ходзіць задуменны местачковец Хаім,
месяц завіваўся ў сівыя валасы.
Моліцца на месяц, моліцца на неба,
просіць дапамогі: Борух, адной.
Моліцца пакорны местачковец-рэбэ,
просіць неба яснае выслухаць адно.
Глянуў на старога: абадраны, голы.
талэсамі роніць буйную сьлязу.
А калісьці Хаім езьдзіў балаголам,
а цяпер ад нечага — гадуе ён казу.

І кожны вечар ходзіць з хаты ў хату,
і ў кожнай хаце хэйдар, ну і „гут“,
І як шчыры рэбэ горача, заўзята,
І дзеткам убівае ў голавы талмуд.

І гандлюе, хочаш, бакалеем,
Із камізэлькі, хочаш, кокаіну дасьць.
Моліцца на неба… Сьлязою грудзі рве ён,
спавіло яго няшчасьце і бяда.

І ламае рукі, і ламае пальцы,
і губляе сьлёзы на зялёны дол.
Родныя сыночкі адкідаюць талэсы
і заместа школы — ідуць у комсамол.

Іх лаялі… Пракляцьці насылалі.
Праганялі з дому, голых праганялі.
Ім хоць-бы што, нібы сьцяна нямая —
замест талмуду „Арбэйтэр“ чытаюць.

Багамольны крамнік, набажны гандляр —
злосьць аго спавіла, злосьць кідала ў жар.

3

Ноч мінула ў цемені дубровы,
пагасіўшы ветрам сонныя агні.
Ноч міне ў зьнямозе… Сьветлаю падковай
прывітае раніцу — прозалаць зарніц.

Над мястэчкам глуха, пахіліўшы вецьці,
шапацелі хвойкі, калыхалі ціш.
Талэсы, як хмара, доўгія сталецьці
мутнымі вачыма чадзілі ў жыцьці.

І пад шум гешэфтаў беднае мястэчка
каратала буднем сонечныя дні!
..............
Ой, зусім нядаўна, запаліла сьвечкі
новая раніца — прозалаць зарніц.

1925, Хоцімск.