Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Лепш ня сунься

Абрам Лепш ня сунься
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Новы Менск
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лепш ня сунься.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕПШ НЯ СУНЬСЯ


Сонца, ты любіш купацца па стрэхах,
любіш сесьці на згніўшым крыжы.
Але ведай, кажу я ня сьмехам,
лепш ня сунься са мной на нажы!
Глянь само: — ну, як мне не злавацца?
Абняло крыж, струхнелы, як пень…
Без сьвятла, бачыш, людзі за працай, —
горне іх бяспрытульны цень.
Мае грудзі сьціскаюцца туга,
злосьць скрыгоча цябе — разьбіць!
Як і ты, хай і я, валацуга, —
а працоўным — буду служыць!
І ты лепш сьвятла шчырай жменяй
кінь глыбей у жыцьцё, ня блудзі…
Скажа, „дзякуй“ табе сутарэньне,
страхаючы вільгаць з грудзі…
Ганарыцца ня варта бляскам;
ёсьць-жа шляхта, — нашто адбіраць —
ты зірні толькі ў нашыя казкі,
прывітаеш плячмі гэту раць…
Дык пакінь ты лізаць фарбу стрэхаў,
кінь туліць да сябе крыжы.
Калі-ж не, дык кажу я ня сьмехам, —
лепш ня сунься са мной на нажы.

1924 г.