Тым кажу,
каму наша песьня чужая;
праводжу
мяжу,
пачынаю.
1
Нырай, фабрычны дым,
у дрыжачую сонную сінь, —
вясёлы юнацкі уздым
пачуеш у песьнях машын.
Прыкры табе гэты дым?
Точыць сэрца тваё, як туман!
Нырай, фабрычны дым!
Расьсьцілай свой дыван…
Зьвіні, сьпеў малады:
Завод, бі ў барабан!
Дым гэты нашых фабрык
праглыне далікатныя вочы.
Страшна?
Сэрца дрыгвою стакоча?
А як чорныя, хворыя фарбы
ліжуць твар рабочых,
вам ня цікава? Што?
Гэта зброд сьмяцьця?
Гудзіць, гудзіць навальніцай
аблава
за паясьніцай
жыцьця.
2
А вечар кадрыль адбівае,
пеніцца вуліцы звон.
Вечар прысеў і сьпявае
на рамах фабрычных вакон.
І гэтая песьня вам страшна?
Бі ў барабан, завод!
Дым выганяй на пашу —
на вольны прастор-небазвод.
Ёсьць такія, што ў бляску золата, —
галава, як і грудзі, наўсьцяж,
І прыкра ім, што сьпеў молата
Беларусі Савецкай — наш!
Эх, родная сталь машына,
беларускай рабочай зьвіні!
Песьня тваёй хвіліны
вылівае жалезныя дні.