Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Сасна

Два сьветы Сасна
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Векапомныя паходы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сасна (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




CACHA


1
Вось адна, як струна,
сасонка расла
у бязьмежным
бары-гушчары.
А сягоньня яна,
пачарнеўшы, лягла
на асьнежным
фабрычным двары.
Загудзела піла,
застагнала сасна;
пры дарозе,
як сьлёзы, апілкі.
Сасонка расла,
як струна,
не адна —
з ёй і сёстры, як тыя асілкі.
Расла маладзіцай,
вяршыняю сьмела
зьвінела
і ў сьцюжу-завею.
Бывала, імчыцца
вей-вецер
і вецьце
лёгкім павевам авее…
І птушкі зайграюць
сасонцы
да сонца,
як быццам на гусьлях зялёных…
Цяпер, як скала,
скамянеўшы, лягла,
закрыўшы галінкамі скроні.
2
Эх, сасоньніца-сасна,
дні суровыя…
Бервяно да бервяна —
хата новая!
Ды спрадвечная дрыгва,
нібы раніца,
Буйным цьветам хараства
зарумяніцца.
Гаратлівасьці былой
час пазбыцца нам!
Забудуем шыр балот
камяніцамі!
Эх, сасоньніца-сасна,
дні суровыя…
Бервяно да бервяна —
хата новая.
3
Цяжкая праца, нялёгкая праца,
цяжка, браты, беднаце будавацца.
Капейку, другую за працай зьбярэм мы,
злыдзень змарнуе, — зьбіралі дарэмна.
Шмат каму нашае сёньня варожа —
гатовы атрутай,
— чорнай пакутай,
— чорнай пакутай,
стрыножыць!
Чэшуцца рукі спрадвечных зладзеяў,
рвуцца стрыножыць, дый сіл не стае ім.
Корчыцца помста ў іх сэрцы здрантвелым…
А глянеш наўкола — будуюцца сьмела.
Праца віхрыста ўзьняла завіруху —
і хочаш ня хочаш:
— а песьню рабочых,
— песьню рабочых
слухай:
4
Гэй-жа, разам
Гэй-жа, разам!
Гэй, адразу
возьмем
разам!
Гуртам!
Дружна!
— Хлопцы, здужым!
Гэй, яшчэ!
Яшчэ!
Яшчэ!
Будзе сонца
зьзяць ярчэй!
Што ня стане
ў час рабочы?
ў нас і камень
зарагоча!
Гэй,
адважна!
Ўсё для нас!
Дай, наляжам,
друж-на!
…Раз!
5
Эх, сасоньніца-сасна, —
нашы дні суровыя,
бервяно да бервяна, —
хата новая.
Дзе-ж раскінута багна,
вырастуць дуброваю
за сасонкаю сасна —
сосны новыя!

1926 г.