Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/II/Бэці

Вясна ** Бэці
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Адгукніся
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сустрэліся ў вечар авеяны…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бэці.


∗     ∗


1

Сустрэліся ў вечар, авеены
шалясьценьнем нязнаных пяшчот.
Штосьці сэрца маё паланее,
нібы ўзбурана крыкам няўзгод.

— Я ня знаю, аднойчы казалі,
што каханьне ўсёроўна, як дым,
узьвіецца пярсьцёнкамі ў далях,
і зараз-жа гінуць сьляды.

Я ня знаю, а мне вось даволі,
што блізіцца, што да таго?
Буду сэрцам гульліва сваволіць,
пакуль не астыне агонь.

Больш ня будзе, чым быць павінна.
Эх, моладасьць, нібы стацьцё,
цёмназорыя вочы дзяўчыны
і мне завязалі жыцьцё.

2

Сустрэліся ў вечар, авеены
шалясьценьнем нязнаных пяшчот.
Неба цёмнае зорамі ўсеена —
значыць пройдзе вясёласьцю год.

Так, здаецца, у нас варажылі
ў новагодную ночку калісь.
Узьвіваліся радасьці крыльлі
ў задуменную зорную высь.

А ўсёроўна, ці зоры мігаюць,
ці сьлязьлівыя хмары ляглі.
З нас ніхто і ня знаў і ня знае,
як жыцьцё варажбой атуліць.

Дый ці ростань стаіць перад намі,
каб аддацца ліхой варажбе?
Нашы дні — не маўклівы камень,
а шчасьлівы юнацкі разьбег!

3

Румянцам зара па-над садам
заіграла, як твар юнака.
Я сустрэў цёмназорую радасьць.
цёмназорую радасьць спаткаў.

Дык чаго маладому журыцца,
разьлівацца мілоснай сьлязой?
Ці-ж ня лепш разьлівацца крыніцай
гучных песень пары веснавой?

А вось глянеш, усхліпваюць людзі,
і сьлюнявяць вірлівыя дні.
Так бывае, калі хто заблудзіць
даліной жыцьцёвейных крыніц.

Можа ў старасьці сумна і стане,
а сёньня чаго сумаваць?
Забыцьцём атуляе каханьне,
рассыпаючы хмель хараства.

4

Сустрэліся ў вечар, авеены
шалясьценьнем нязнаных пяшчот.
Ня прышоў-бы, падумала: дзе ён?
З сэрца вырваўся б думак узьлёт.

Ну, дзяўчынка — і сэрца ў дзяўчыны,
а ў сэрцы палаюць агні —
першых спатканьняў хвіліны,
каханьня юнацкага дні.

Сустрэліся! Хто-ж яго знае!
Я ня мог да яе ня прыйсьці.
Можа й дрэнна, што гэтак кахаю,
як нікога ніколі ў жыцьці!

Больш ня будзе — хоць можа й павінна;
Эх, моладасьць, нібы стацьцё,
Цёмназорыя вочы дзяўчыны
і мне завязалі жыцьцё.

6/XII 1926 г.