Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/II/Вясна

Вясна ідзе Вясна
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
** Бэці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясна (Калышуцца песьні-вясёлкі…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСНА


Калышуцца песьні-вясёлкі,
праменных цымбал перабор.
Вясна, як дзяўчына іголкай,
вышывае слуцкі ўзор.

Пералівамі вецер сваволіць,
як электроток абвіе, —
прыемна: ты сьпеў комсамоліш
стагодзьдзямі край што пяе!

І новыя песьні крыляцца —
i вобразы гораду ткуць —
няхай — за варштатам, за працай,
ці ў клюбе ў політгуртку,

ці нават калі комсамолка
раскажа пра поле, жніво,
пра вясковыя песьні-вясёлкі —
я ўспамінаю завод.

І чую машынаў усплёскі
ў разьлівах юнацкай вясны.
Я ведаю: горад і вёска —
дарогі да шчасьця адны!

Калышуцца песьні-вясёлкі,
праменных цымбал перабор.
Вясна, вышывай-жа іголкай
у баёх заваёваны ўзор!

1925 г.