Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/II/Дзьвіна

Першы раз у вёсцы Дзьвіна
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Струна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзьвіна (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЬВІНА


Добры дзень,
зялёныя загоны-дываны,
я прышоў паслухаць з вамі
гутарку Дзьвіны.

Сакалінай-пераліўнай
прывітала песьняй даль,
плынь бурлівых, цёмнасініх,
Векапомных хваль.

Залаціцца-весяліцца
звонкастрункая вясна.
Добры дзень вам, палачане,
добры дзень, Дзьвіна!

Шустры ветрык жартаўліва
у кустох зашалясьціць.
Гоман хваль
Дзьвіны бурлівай
чую першы раз ў жыцьці.

Мілагучныя вясьнянкі
ў сэрцы туляцца ў мяне.
Ля ўзьбярэжжа
палачанкі
песьняй шлюць паклон вясьне.

Радасьць — іскрамі шугае,
ў полі — кветкамі гарыць.
Хвалі звонкія змываюць
бераг
Замкавай гары.

Росная раніца.
Сонцам румяніцца,
нібы дзяўчына,
каліна.

Птушкі-вясьнянкі
пяюць спазаранку
ў сасоньніку,
як на гармоніку.

Смутку ня знае
вясна маладая,
ніколі
ў бязьмежным полі.

Хвалі, бывае,
журбу абуджаюць,
нявесела стане,
як глянеш..

Жыцьцю маладому вясной не астыць,
ня спыніць яго песьні стазвоннай.
Чарадою плывуць па Дзьвіне плыты,
мінаючы горы, лясы, балаты,
пад сьпеў маладых плытагонаў.

Як варта, плывуць за плытамі чаўны,
хістаюцца ў золаце хваляў.
Зазыўныя песьні шырокай Дзьвіны,
ў сонечнай радасьці звонкай вясны,
чаму спавілі мяне жалем?

Жудасна. Крыўдна. Яшчэ вярста,
і гоман прывольля зьнікае.
Сьлёзы нядолі там льле бедната,
пазбаўлена ў роднае хаце кута —
мовы роднае там пазбаўляюць.

Сьцюдзёным туманам на сэрцы іржа
балюча атручвае радасьць.
Дротам калючым сьціскае мяжа, —
а за мяжой кайданы бразжаць,
кучаравыя сохнуць прысады…

Вечерам ясна-вясеньнім
люблю рассыпаць лятуценьні.

Хочацца ціха, пакорна
туліцца да ночанькі зорнай,
забыцца аб дзеннай завеі
хвілінкай маленькай, аднэю…

Хочацца думкамі ўзьвіцца
над вольнаю ў сьвеце зямліцай!

Люблю прытуліць лятуценьні,
дый… цені, праклятыя цені,
носіць імглістая цемень…

Сказ пра Дзьвіну нам раскажа парою
лірнік, схіліўшысь пакорна журбе:
— „Бераг твой срэбны, дно залатое,
кроў працякала, Дзьвіна, праз цябе.

Шляхта, ксяндзы, езуіты зьвярына
глумілі бязьвінных тутэйшых людзей.
Набегам няволіла нашу краіну
Хэўра разьюшаных рускіх князей.

Дый беларускай княжны Ефрасіньні
сёньня стаіць не адзін манастыр,
хоць змоўклі, заціхлі ў зарасьлях ціны
шумныя хвалі сівой Палаты…

Дзе ладанам чадзіў Францішак Скарына, —
чакалі стагодзьдзямі сонечны дзень!
Раней езуіты глумілі бясчынна —
дый пакаленьні праклятых князей…“

Неяк думкі віюцца варожа,
глянь адно — за царквою царква.
Гэтым скарбам „падужацца“ зможа
з перамогаю толькі Масква.

Пасінеўшы стаяць камяніцы;
бывала, пад бразганьне шпор
кадэты хадзілі маліцца
ў славуты Сафійскі сабор.

І многа, ой, многа было іх:
аплялі, што на пасецы мох.
Але край у няволі устоіў —
захаваўшы хоць мову ў грудзёх!

Сёньня новымі ўзорамі звычаі
сталі наша жыцьцё аздабляць.
А чынушы „былого величия“
хоць за… ногі гатовы кусаць.

На вуліцах сьціхне ўвечары гоман,
„былое величие“ — у пролазах цьмы, —
песьню заводзіць пад хрып грамафона:
— „Бывали дни — гуляли мы!“

Зьбяруцца суседзі зблізку, здалёку,
паслухаць „восточный цыганский романс“,
вып‘юць па чарцы вішнёўкі салодкай,
пульку сыграюць адну ў прэфэранс…

Вістуюць усе… Азарт забірае…
Бяз козыра… Ў цёмную… Бубны-звон!
Жанкі падкіднога сабе падкідаюць,
хрыпіць, пацяшаючы іх, грамафон.

Анэкдот? — Бясспрэчна! Жарт? — Бязумоўна!
Сьмех? — Ён-жа радасьць пары залатой.
…На вока папаў „Беларускі слоўнік“ —
застыгла вясёласьць, зьмяніўся настрой.

Скубуць намі ўзьнятае нашае слова,
расьцьвіўшае пышна, як сонца, як дзень.
Слову служылі грудзі аховай,
ня вытруціць вольна ўздыхнуўшых грудзей!

О, пакаленьне, — „пшаніца хрыстова“,
было узьнялося, як вецер з-за гор.
Стрыножыць імкнуліся нашае слова,
што вызваліў наш Семнаццаты Год!

Ніколі ня сьцяць ім жыцьця маладога,
не зацямніць ім сонечных дзён!
Хай-бы гулялі сабе ў падкіднога,
дый соладка слухалі-б свой грамафон.

О, спадчына лютая! Хто-бы забраў-бы?
(Жыцьцё не да смаку бяз розных прыкрас?)
З пасагам аддалі-б, з прыбыткам, сапраўды,
Адно, каб ня стала іх толькі ў нас…

Полацак, 1926 г.