Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/II/Першы раз у вёсцы

Легенда Першы раз у вёсцы
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Дзьвіна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першы раз у вёсцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШЫ РАЗ У ВЁСЦЫ


1

Нёман, поле, сенажаць…
Сонца ліжа ласкай.
Выйду ў поле пастаяць —
чую Нёмна казкі.

Б‘е навальна ў берагі,
бягучы ў дарогу.
— Гэй, ты, Нёман дарагі,
дай, памыю ногі.

Ты ў дарогу? Я — адтуль!
Ногі, як чужыя.
Спаласьнеце з іх вы муль,
хвалі юравыя.

2

Ліпнёвая раніца… Поле туманнае
кропляй расы абмывае свой твар.
Рог пастуха будзіць сонца заспанае,
мякіш цішы праглынае гушчар.

Дзе Лоша цалуецца з хвалямі Вусы —
Нёман-крыніца вірлівам гудзіць.
Сонца ён просіць: — сасна Беларусі
скутая дротам ляжыць на грудзі.

Глянеш на дно — аксамітная коўдра,
ледзьве гушкаецца ў хвалях трава.
Веерам ветрык праносіцца горда,
сасновая гнецца яму галава.

Ён зарасьлі-лісьце над хвалямі клоніць,
ён гоніць за гоні атруту-журбу.
Вяскоўцы ля берагу косамі звоняць,
сена сухое дзяўчаты грабуць.

3

Пабуду сярод іх, я з імі на начлег
паеду шэраю васеньняй ноччу.
Я сын гораду, я малады рабочы, —
паеду разам слухаць, як хвалі ў ноч турочаць…
Пабуду сярод іх! Я з імі на начлег
паеду шэраю васеньняй ноччу…

Пясочня, 1923 г.