Павевы праменьняў на скалах
прасьнелаю ласкай дрыжаць,
а ў грудзёх у маіх бушавала —
вечарынкай калючай імжа.
Мора плешча халодным звонам,
ліжа пырскамі бераг круты.
Ня зьвініць тут зялёны гоман,
не трасуцца лазой балаты.
То шэрай, то сіняю хваляй
мора твар свой прыкрые й злуе.
Б‘е навалай… Асінай дрыжалі
на хвалях чаўны… Зальле…
Зальле, затопіць, замучыць,
валам сьпяе сьмерці вальс.
Палошчыць чаўны, як анучу,
плошча сініх хваль.
Падплывай, параход, на бераг,
Дай гудок, і якар нырне.
А кудзеляй туман, як нерат,
сваёй вільгацьцю мучыць мяне.
Параход атуляе цемень.
Вечар, пяшчоты кінь!
Скора ўбачу жывыя імкненьні —
зазыўныя маякі.
Мае думанькі хваля калыша, —
калыханку ім бура пяе.
Змоўкні, мора, як тое ўзвышша,
акуніся ты ў думкі мае…
З тэй пары прамінулі гады…
Ну, хутчэй, ну хутчэй, параход!
Тут памёр наш пясьняр малады
у бясьсьмертны Семнаццаты Год.
Ой, за Ялтай, у полі,
сярод Крымскіх гор —
шырокі курган магілы.
Сонца сваволіць,
тчэ жоўты ўзор,
і вецер гуляе пылам.
Кіпарысы, каменьні,
цыкады, крыжы, —
шырскі курган-магілы.
Навальніца калені
сагне й пабяжыць,
і зноўку жыцьцё застыла.
Ой, неба муліць
каўнер Крымскіх гор;
сонца Ай-Петры спавіла. Ня чуе зязюлі,
не яе перабор
над вялікай, забытай магілай.
Страшыць навальніцай
з-за горных сьцен
Крым.
Чорная табліца:
„Студэнт…
Максім…“
Хвілінай, толькі хвілінай
заіржала сэрца жалем,
Ой, ня ласкай віталі Максіма
праменьні далёкай краіны.
Сьціскае яго суглінак,
ветры грудзі стапталі…
Хвілінай, толькі хвілінай
заіржала сэрца жалем.
|