Т. Кляшторны. «Ветразі» (Куніцкі)

Т. Кляшторны. «Ветразі»
Крытыка
Аўтар: Сымон Куніцкі
1930
Крыніца: Маладняк. — 1930. — №8-9

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Т. Кляшторны. «Ветразі». Зборнік вершаў. БДВ. Менск. 1930 г. Ст. 130. Цана 90 кап.

Да гэтага часу з-пад пяра поэты Т. Кляшторнага вышлі ў сьвет зборнікі: «Кляновыя завеі» (1927 г.). «Сьветацені» (1929 г.). затым ва «Узвышшы» за 1927 г. была надрукавана яго вядомая ўпадніцкая поэма «Калі асядае муць»: толькі што вышаў з друку зборнік «Ветразі; затым у 4-5 нумары «Узвышша» за 1930 г. надрукавана новая поэма, у якой аўтар імкнецца паказаць калгаснае будаўніцтва, — «Палі загаманілі».

Мы ня ставім сабе мэтай аналізаваць усю творчасьць поэты Т. Кляшторнага, адшукоўваць яе (творчасьці) соцыялëгічны эквівалент (гэта зрабіць ў рэцэнзіі, бязумоўна, не магчыма), але мы хочам толькі зазначыць, што ўся творчая продукцыя поэты, усе яго зборнікі, поэмы, вершы па сваёй псыхо-ідэолёгічнай накірованасьці вельмі шчыльна паміж сабою зьвязаны, што поэзія тав. Т. Кляшторнага, разам узятая, дае досыць поўны адбітак псыхо-ідэолёгіі пэўнай соцыяльнай групы.

Апошні зборнік «Ветразі» вельмі шчыльна зьвязан з агульнай творчасьцю поэты, з агульнай яе накіраванасьцю. Таму рэцэнзуючы зборнік «Ветразі», даючы яму ідэолёгічную ацэнку, мы будзем мець на увазе і іншыя творы поэты Т. Кляшторнага.

Усе настроі, якія прасякаюць вершы і поэмы рэцэнзуемага зборніка, камбінуюць адзін вобраз, вобраз чалавека, які падчас губляе ўсякі сэнс жыцьця, губляе ўсякую зацікаўленасьць жыць, не знаходзіць у жыцьці ніводнага месца, за што-б можна было ўхапіцца, чым бы можна было зацікавіцца. Вобраз гэтага чалавека разрывае ўсе тыя ніткі, якімі ён зьвязан з грамадзкім жыцьцём, спакойна, бяз крыку апускаецца ў няведамую бязжыцьцёвую глыб і толькі праз некаторы час пачынае праяўляць да жыцьця некаторую зацікаўленасьць, пачынае бачыць у жыцьці нейкі сэнс, і тады ён з няўпэўненасьцю зноў выбіраецца на бераг гэтай глыбі і шукае навакол абарваных канцоў, каб завязаць вузлы жыцьця, каб зьліцца з тым жыцьцём, якое так хутка імчыць чалавецтва ў лепшую будучыну. Але гэта толькі імкненьні і мары. Зьліцца цалкам з новым жыцьцём, зьліцца з нашай імклівай уперад сучаснасьцю, накіраваць свае сілы на перабудову старога жыцьця, стаць у першых шэрагах для барацьбы за лепшую будучыну працоўных — гэты вобраз ня ў сілах. У яго няма упэўненасьці ў перамогу працоўных, ён не зацікаўлен ператвараць старое жыцьцё ў іншае. Гэты вобраз пад час толькі робіць спробу крыкнуць за новае жыцьцё, але яго крык так слаб, што на яго не аддаецца рэха і ён павісае ў прасторах паветры, аглядаючыся на мінулае, на самаго сябе і ўперад на вагромнае новае.

Вобраз гэтага чалавека пранізвае кожны верш, кожную поэму поэты Т. Кляшторнага. Даволі поўным ён выступае і ў зборніку «Ветразі». У гэтым зборніку поэта часта зварочваецца да мінулага, да перажытага. Ён нэрвуецца і яго цікавіць:

«— Хто прыціх там быццам мумія ?
Хто падпёр капуры дах?!
— "Чалавек" і цень мінулага,
І бяскрайняя жуда ..
— Што згубілі птахі дальнія —
Праўду, веру ці закон?!
— Мы шукаем косьці даўняга
На руінах даўніх дзён.

Часта поэта зварочваецца ў глухую старажытную вёску, у якой хоча найсьці сабе спакой, хоча разагнаць сярод прыроды свой няведамы смутак, падбадзёрыць сваё анямеўшае сэрца, зажывіць яго раны. У поэме «Беларусь» поэта зварочваецца да старога дзеда і просіць яго, каб ён расказаў яму пра мінулае:

«— Паслухай, дзядуля, прысядзем пад клён.
А ты раскажы аб мінулым.
Скажы, як у нашых палёх і гаёх
Зьвінелі варожыя кулі.....

Але і мінулае поэту не супакойвае. Поэта і тут ня можа разагнаць свайго суму. Яго ўсёроўна «нейчы сум, як восень каласы, точыць сэрца». Для яго стала не зразумелай і вёска. Ён ніяк ня можа цяпер распазнаць:

«Аб чым шумяць над возерам бярозы?
Аб чым гавораць хвалі між трысьця?
Ці гэта ноч і месяц пад гіпнозам?
Ці я пад хмелем мудрасьці жыцьця?
Як разгадаць?!
А ўрэшце і ня варта
Канпоў прычын няведамых шукаць.
О, ня філëзаф я... і не на зорнай варце,
Каб таямніцы сьвету вартаваць.

Не знайшоўшы сярод прыроды сабе спакою, поэта адпіхаецца ад яе і зноў пападае на раздарожжа жыцьця. Ён на гэтым раздарожжы доўга вырашае, куды яму ісьці, на які шлях ступіць, дзе знайсьці прытулак для жыцьця... і, нарэшце, адчайваецца ісьці па няведамаму шляху «у няведамыя сеці».

«Сам пайду ў няведамыя сеці,
У палон к няведамай пайду,
Каб ніхто на сьвеце ня прыкмеціў,
Не заўважыў ціхую хаду».

Прайшоўшы на няведамаму шляху, апусьціўшыся на дно жыцьця, адарваўшы сябе ад усяго, поэта стараецца зноў падняцца і спрабаваць другі жыцьцёвы шлях. Ён накіроўвае сябе на шлях нашай сучаснасьці, яму хочацца запяяць пра сучаснае будаўніцтва.

Па гэтаму шляху поэта накіроўвае вобраз дзяўчыны—Праксэду, у якой таксама, як і й поэты, няма жыцьцёвай пуцявіны, таксама

«Загубіла доля пуцявіну
Між абвалаў чорных і трывог...».

Але яна імкнецца сабе пуцявіну найсьці. Яна кажа, што «Я хачу ў трагічную часіну хоць загінуць з Кімам на грудзёх». Разам жа з гэтым імкненьнем у яе у душы, — бы у кратары вулкана, — чалавек змагаецца і зьвер... Я люблю адважнага Сьцяпана, і мне дораг зараз афіцэр». Унутры ў не адбываецца страшэнная барацьба. Пайсьці па новаму шляху ёй неяк страшна, яна ня можа гэтага вырашыць.

Часамі гэту страшэнную барацьбу са старым поэта перамагае, хаця гэа яму даецца з вялікай цяжкасьцю і не надоўга. Але ўсё ж такі поэта даволі гучна заяўляе, што ён па новаму шляху ісьці ня можа, што

«Будаваць той храм патрапім мы,
Дзе пад сонцам сінявым
Мільёны новых трактарау
Запяюць жалезны гімн»

Поэта бачыць вялікі размах новага жыцьця, бачыць новую вясну, яго кранае «гром і пажар рэволюцыі».

«Ад Эўропы, Кітаю да Турцыі
Гэта рэха стралы пяруна,
Гэта гром і рэволюцыі,
Ледаход, будаўніцтва, вясна,
Гэта тое магутнае, новае,
Гэта новых падзей уладар....

Але як поэта ні імкнецца зьліцца з новым жыцьцём, кінуцца ў пажар рэволюцыі, аддацца ўладару новых падзей, ён зрабіць гэта ня ў сілах. Ён гэта новае бачыць, яно дакранаецца да яго сваімі крыльлямі, шукае сваім полымем, але разабрацца ў гэтым усім ён ня можа. Для яго гэта зьяўляецца складанай загадкай, няяснай пуцявінай.

Поэта, не атрымаўшы адказу ад новага жыцьця, не разабраўшыся ў яго дынаміцы, зноў ставіць перад сабою пытаньне, што рабіць яму далей, зноў губляе пуцявіну жыцьця. Ён праз вусны сваёй каханай Параксэды заяўляе:

Што рабіць?!
Аб шчасьці я ня мару:
Абарваны дальнія шляхі...

Поэта ня ведае, куды яму накіравацца, дзе адшукаць сэнс жыцьця, чым жыць.

Што любіць?
Аб чым пашкадаваць?...
Мо' і жыць ня трэба і ня варта?
Мо' ня варта сэрдца надрываць?»

Поэта, не нашоўшы сэнсу ў жыцьці, згубіўшы жыцьцёвую пуцявіну, ставіць пытаньне, ці варта жыць, ставіць пытаньне, ці варта змагацца за жыцьцё, ці варта быць нават поэтам. Ён зноў хвалюецца, зноў нэрвуецца:

«Я усхвалёваны чагосьці,
Чамусьці сэрца гэтак ные?
Ці па далёкай маладосьці?
Ці над памылкамі сваімі?».

Поэта ніяк ня можа адказаць сабе на гэтыя пытаньні, ня гледзячы на тое, што

«Жыцьцё вакол цячэ з імпэтам, —
Жыцьцё ня можа плыць іначай»

Ён кажа:

«Ці варта сёньня быць поэтай?
Ці варта лірыкай займацца?
Я штодзень думаю аб гэтым.
Ці не страшэнная памылка
У час вялікі будаўніцтва
На леры лірніку пілікаць
І з леры гэнае карміцца?

Зноў раздарожжа, зноў згублена мэта жыцьця. Спрабаваўшы ісьці па некалькіх шляхох, пабыўшы ў горадзе, паспрабаваўшы гарадзкое жыцьцë, перапалохаўшыся яго шуму, поэта зноў паварочваецца да любае вёскі. Бурлівае гарадзкое жыцьцё, шпаркае будаўніцтва ня вылечылі поэту, не разагналі яго невядомага суму. у яго зноў імкненьне ў палі...

«Сумна тут, у мурох, да адчаю.
Здэцца просіцца сэрца ў палі,
Дзе вясна залатымі ключамі
Адмыкае таемнасьць зямлі.

У поэты цяга назад, зноў цяга да перажытага. Ён сам сябе стараецца разьвесяліць, стараецца пацешыць мінулымі днямі, бярозамі, вясной.

«Ня журыся, таварыш Кляшторны,
Ня рыдай аб далёкай вясьне,
Ня рыдай...
Там пад месяцам недзе,
Дзе склікаюцца тайны начэй.
У гаі беларускую «лэдзі»
Аклікае поэт-салавей.
І яна — векавая бяроза
Лепш умее каханьне дарыць...
Ты прыпомніш юнацкія крозы,
Ты прыпомніш далёкія дні

Вось гэты блукаючы вобраз, які не знаходзіць месца ў нашай рэчаіснасьці, які часта выходзіць за межы яе, якога не здавальняе жыцьцё наогул: не здавальняюць муры, не здавальняе прырода, чужая бязьдзейнасьць, блуканьне — характэрным зьяўляецца для ўсей творчасьці поэты Т. Кляшторнага і асабліва для рэцэнзуемага зборніку «Ветразі».

Гэты вобраз ёсьць адбітак псыхо-ідэолёгіі тэй часткі сялянства, якая ня ўсілах была ўспрыняць ідэі Кастрычнікавай рэволюцыі, якая не змагла зьмірыцца з высунутай рэволюцыяй новай грамадзкай формай жыцьця. Гэты пласт сялянства ня у сілах быў пераламаць свае індывідуалістычныя погляды і ўласьніцкія тэндэнцыі, ён разьбіўся аб соцыялістычныя тэндэнцыі, аб соцыялістычную форму грамадзкай гаспадаркі, якую высунула Кастрычнікавая рэволюцыя.

Разьбіўшыся аб новае жыцьцё, адчуваючы, што стары ўклад жыцьця ўстунае месца новаму, і не зразумеўшы дынамікі гэтага новага жыцьця, гэты пласт сялянства ўпадае ў пэсымізм, губляе пуцявіну жыцьця, губляе сэнс яго. Ён (гэты пласт сялянства) кідаецца на розныя шляхі, але нідзе не атрымоўвае сабе адказу, нідзе не знаходзіць сэнсу жыцьця і тады ставіць перад сабой пытаньне:

«Мо' і жыць ня трэба і ня варта?
Мо' ня варта сэрдца надрываць ?»

Псыхоідэолёгію вось гэтага пласту сялянства поэта Т. Кляшторны ў сваёй творчасьці выявіў у дастатковай паўнаце.

Усе компанэнты яго творчасьці цалком накіраваны менавіта на выяўленьня вось гэтай псыхо-ідэолёгіі, гэтых соцыяльных поглядаў.

Калі прасачыць яго параўнаньні, яго эпітэты, мэтафары, слоўны матар'ял, то яны цалком компануюць з агульнай накіраванасьцю ўсяе творчасьці поэты, яны знаходзяцца ў цесным адзінстве і пакіраваны на адну мэту. Яго эпітэты, мэтафары, параўнаньні гучаць разьдзіраючым нутро сумам, ледзяным холадам, нявызначаным настроем, атручанай бядой.

Вельмі цяжка сустрэць з надрукаваных твораў поэты Т. Кляшторнага, у якіх бы чытач ня сустрэў падобны да такіх параўнаньняў, метафар і эпітэтаў як: «наліў жанчыне віна і атруты», «чорная магіла, бяду разбаўлялі атрутай, «халодная сьмерць, павісла туга», «белая здань», «журацца сосны», «пануры дах», «бяскрайняя жуда», «чорная спадчына, «чорныя сьляды», «сьцежкай чорнаю», «плачуць клоны». «атруцім жальбу», «чарней ад сажы», «халодны кольт на вуліцы пустой аледзянеў», «стомленая ціш», «чорнае паліцы», «глухое неба», «як труна», «аледзянела чорнаю расою» і г. д.

З мастацкага пункту гледжаньня мы можам разглядаць поэту Т. Кляшторнага, як здольнага мастака, які шчыра паказаў нутро тэй соцыяльнай групы, якая вызначыла самога поэту.

Куды накіруецца ў далейшым творчы вобраз поэты, гадаць цяжка. Магчыма гэты вобраз пасвойму сальлецца з нашай сёньняшняй рэчаіснасьцю, магчыма ён з затоеным нутром, з невядомым сумам будзе блукаць і далей, а магчыма ён актыўна будзе імкнуцца да мінулага. Аб далейшым яго шляху пакажа далейшая творчасьць поэты. Зараз жа мы можам сказаць, што творчасьць Т. Кляшторнага, а ў прыватнасьці яго апошні рэцэнзуемы зборнік «Ветразі», зьяўляецца ў поўнай меры шкодным для нашай сучаснасьці. Тыя пэсымістычныя настроі, тыя недаверлівыя ідэі да нашага шпаркага соцыялістычнага будаўніцтва, якія выяўляюцца ў гэтым зборніку, ніякім чынам не саўпадаюць з ідэямі рабочае клясы, з ідэямі ўсіх працоўных наогул.

Творчасьць Т. Кляшторнага (паўтараем) мае толькі тую каштоўнасьць, што яна зьяўляецца досыць поўным матар'ялам для вывучэньня псыхоідэолёгіі пэўнай соцыяльнай групы сялянства.

С. Куніцкі


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.