Уваскрашэнне польскага ўніверсітэта ў Вільні

Як у казцы Уваскрашэнне польскага універсітэта ў Вільні
Артыкул
Аўтар: Янка Купала
Адбудова Беларусі
Крыніца: Янка Купала. Збор твораў у 9 тамах. Том 8. — Мінск, «Мастацкая літаратура»; 2002. ст. 56-57

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дні 10, 11, 12 кастрычніка г/этага/ г/оду/ астануцца навекі не зацёртымі ў памяці насялення Літоўска-Беларускай сталіцы — Вільні. У гэтыя дні адбылося вялікае і ўрачыстае свята ўваходзін Віленскага Універсітэта імення караля Сцяпана Баторага.

Універсітэт гэты быў заснаваны ў 1578 годзе, за панаваннем польскага караля Сцяпана Баторага[1], і праіснаваў ён з лішнім два з паловай сталецці — да 1842 года[2], да часу, калі расейскі царскі ўрад задушыў гэту вучэльню, баючыся ўплываў заходняй культуры на пануючы ў тым часе ў Расеі праізвол і адзічэнне.

77 год была Вільня сіратою, уздыхаючы па тых светлых часінах, калі яе універсітэт кіпеў мудрым жыццём, калі даваў ён і Польшчы, і цэламу свету мудрых і слаўных людзей, як, напр/ыклад/, Адам Міцкевіч, Снядэцкі, Леляваль і шмат іншых[3].

Але вось надыйшоў час вялікай усясветнай разрухі, час вялікіх змаганняў за лепшыя ідэалы, калі няволеная сотню год Польшча адважна ўзялася за дзяржаўнае незалежнае жыццё, — рукою яе цяперашняга гаспадара Язэпа Пілсудскага[4] вырвана ад маскалёў Вільня і збуджаны к жыццю слаўны Батораўскі Універсітэт.

Хай жыве светлая культурная праява, на чыей бы зямлі і ў якім бы народзе яна ні праявілася.

Але на высшую вучэльню ў Вільні звернуты цяпер вочы не толькі польскага народа, — на гэту змясціну навукі і мастацтва пазіраюць цяпер і сумныя вочы літвіноў і беларусаў.

Мы ведалі, што Вільня — гэта спрэчны горад, на каторы тры дзяржавы заяўляюць свае правы — гэта Польшча, Літва і Беларусь.

І вось, не ўходзячы сягодня ў разбор таго, хто мае больш правоў на "грод Гедыміна", мы скажам толькі, што Віленскі Батораўскі Універсітэт павінен і абавязан задаволіць духоўныя і культурныя патрэбы гэтых усіх трох народаў: палякаў, літвіноў, беларусаў. І калі гэта высокая вучэльня не пойдзе шырокай дарогай талеранцыі і роўных правоў для ўсяго насялення нашага краю, — яна не споўніць таго культурнага назначэння, якое ёй сягодня суліць гісторыя.

Вядомы польскі пісьменнік Баляслаў Ліманоўскі[5], пішучы аб вялікім праз доўгія годы асветным значэнні Батораўскага Універсітэта, паміж іншым кажа:

«Святло, якім прамянілася гэта вучэльня, захоплівала сабой не толькі край Польска-Літоўска-Беларускі, быўшае Вялікае Літоўска-Беларускае Княжства, але праменні яго дасягалі аж да Масквы і Харкава...

«Гэта асвета, пашыраная ў вышэйшых школах на польскай мове, не пасягала на апалячванне ані літвіноў, ані беларусаў, — наадварот, будзіла ў іх нацыянальнае пачуццё, прыпамінала ім слаўную гістарычную мінуўшчыну, успамагала іх першыя крокі дзеля ўзбудавання іх уласнай нацыянальнай літаратуры.

«Маем перакананне, што гэтая светлая традыцыя будзе панаваць і ў адроджанай сягодня Віленскай Вучэльні.

«Я лічыў бы дзеля гэтага вельмі важным, каб устанавіць у гэтай вучэльні дзве катэдры: літоўскай мовы, літаратуры і літоўскай гісторыі, а такжа такую самую катэдру для Беларушчыны.

«Вельмі было б пажаданым, каб запрасілі на гэныя катэдры прыродных літвіноў і беларусаў, пасвяціўшых сябе гэтым прадметам.

«Значэнне і ўплыў універсітэта гэтакім спосабам вельмі б павялічыўся».

Хай жа гэтыя шчырыя і справядлівыя словы п. Баляслава Ліманоўскага не будуць голасам, клічучым у пушчы.


Каментар

правіць

Апублікавана ў газеце "Звон" № 24-25, 17.X.1919, пад крыптанімам К-а.

Зноскі

правіць
  1. Другі кіраўнік Рэчы Паспалітай абодвух народаў (глядзі артыкул Вікіпедыі.
  2. да 1832
  3. Адам Міцкевіч — славуты польскі паэт беларускага паходжання.
    Ян Снядэцкі — астраном; у 1806-1825 рэктар Віленскага ўніверсітэта (гл. артыкул).
    Іяхім Лялеваль — гісторык, палітык, удзельнік паўстання 1830 г. Працаваў у Віленскім універсітэце (гл. артыкул).
  4. Юзаф Пілсудскі — прэзідэнт Польшчы ў 1918-1922 годах (гл. артыкул).
  5. Выступаў супраць палітыкі Пілсудскага