ШАЛЯСЬЦЕНЬНЕ НЯЗНАНЫХ ПЯШЧОТ…
Сустрэліся ў вечар авеяны
Шалясьценьне нязнаных пяшчот.
Штосьці сэрца маё паланее,
Нібы ўзбурана крыкам няўзгод.
Я ня знаю, аднойчы казалі,
што каханьне ўсё роўна як дым, —
узьвіецца пярсьцёнкамі ў далях
ну і зараз-жа гінуць сьляды.
Я ня знаю, а мне вось даволі,
а што блізіцца, што да таго?
Буду сэрцам гульліва сваволіць
пакуль не астыне агонь.
Больш ня будзе, чым быць павінна;
Эх, моладасьць, нібы стацьцё
цёмназорыя вочы дзяўчыны
і мне завязалі жыцьцё.
Сустрэліся ў вечар авеяны
шалясьценьнем нязнаных пяшчот.
Неба цёмнае зоркамі ўсеена
значыць пройдзе вясёласьцю год.
Так, здаецца, у нас варажылі
ў новагоднюю ночку калісь;
І ўзьвіваліся радасьці крыльля
ў задумённую зоркую высь.
А ўсё роўна, ці зоркі мігаюць,
ці сьлязьлівыя хмары ляглі.
З нас ніхто і ня знаў і ня знае,
як жыцьцё варажбой атуліць.
Дый ці ростань стаіць перад намі,
каб аддацца ліхой варажбе?
Нашы дні — не маўклівы камень,
а шчасьлівы юнацкі разьбег!
Румянцам зара па-над садам
заіграла, як твар юнака.
Я сустрэў цёмназорую радасьць,
я дзяўчынку выпадкам спаткаў.
Дык чаго маладому журыцца,
разьлівацца мілоснай сьлязой.
Ці-ж ня лепш узьвівацца крыніцай -
гучных песень вясны залатой?
А вось глянем, усхліпваюць людзі,
і сьлюнявяць вірлівыя дні.
Так бывае, калі хто заблудзіць
даліной жыцьцёвейных зарніц.
Можа ў старасьці й мне сумна стане,
а сёньня чаго сумаваць?
Забыцьцём атуляе каханьне;
рассыпаючы хмель хараства.
Сустрэліся ў вечар авеяны
шалясьценьнем нязнаных пяшчот.
Ня прышоў-бы, падумала: дзе ён?
З сэрца вырваўся-б думак узьлёт.
Ну, дзяўчына і сэрца ў дзяўчыны,
а ў сэрцы — палаюць агні
залатога спатканьня хвіліны;
залатыя юнацкія адні.
Сустрэліся! Хто-ж яго знае
я ня мог да яе ня прыйсьці,
Можа й дрэнна, што гэтак кахаю,
як нікога ніколі ў жыцьці.
Больш ня будзе — хоць можа й павінна;
Эх, моладасьць, нібы стацьцё
цёмназорыя вочы дзяўчыны
і мне завязалі жыцьцё.
6/XII—26 г.
|