Памяці рабочых-ударнікаў, дзяцей і экіпажа „Максім Горкі“
Ты быў дзівам, быў гордасцю нашай,
Сцяг крылаты надземных дарог.
Лётны гул твой быў радасным маршам
Маршам — росквіту і перамог.
Раптам хлынуў у вочы туман:
— Намі ўтрачаны наш велікан!
Найбагатшых і сілай, і воляй
Я не ведаю ў свеце людзей. Чалавек — як нідзе і ніколі,
Скарбу золата ў нас даражэй.
Раптам гора звівае наш стан:
— Намі ўтрачаны наш велікан!
На сваім караблі над Масквою
Сорак сем выдатнейшых плылі,
Сорак сем заслужоных герояў
Расцвітаючай нашай зямлі.
Раптам крык неспадзеваных ран:
— Намі ўтрачаны наш велікан!
Хваляй радыё — наша жалоба
Абляцела пад сонцам зямлю.
Над сябрамі, над жудасным гробам —
Я слязу Беларусі пралью.
Раптам смерцю прабег ураган:
— Намі ўтрачаны наш велікан.
Мы адкажам на смутак глыбокі
Тым, што ў сэрцы ў нас мужнасць гарыць.
Тым, што новыя ў лёце высокім
Будуць — „Ленін“, і „Сталін“, і „Горкі“ —
Многаматорныя багатыры.
Будзе новы ў нас плыць караван:
За веліканам —
Велікан!
20 мая, 1935 г.
|