Узброеныя песні (1936)/Сонца і песня/Таварыш-сын

Маё віншаванне Таварыш-сын
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Ноч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Таварыш сын.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТАВАРЫШ-СЫН

Сыну-таварышу — пяць гадоў,
Не вартае ўвагі грамадскай падзея.
Звычайнае з‘явішча: ў вочах зарэе
Разлівамі радасць і гонар бацькоў.
Ім свет урачыстасцю сёння авеян:
Сыну-таварышу — пяць гадоў.

Як стухне прамень на заморскай скале,
І чэрвеньскі вечар прысядзе на ганак,
У сына жаданне спаткаць нечакана
Бацьку свайго, што з работы. Але —
Надзея спаткання стапнее ў туманах,
Згасае прамень на далёкай скале…

Гудкі загулі, і дасада прышла,
Нецярплівасць маленькага хлопчыка точыць.
Ён сёння-ж убачыў на ўласныя вочы
Як робяцца шклянкі на фабрыцы шкла.
Дзе-ж бацька? Навінамі ўсцешаны хлопчык,
Гудкі загулі і дасада прышла.

… Ледзь золак з блакітных сваіх берагоў
Для сонца ў прасторах цярэбіць пуціну, —
Бацька ўстае, падыходзіць да сына,
Сыну-таварышу — пяць гадоў.

Радасць румянцамі шчокі залье,
Жаданне паслухаць — (пачуцці не стынуць!)
Слова жывое ад любага сына
Прачнуўся прамень на далёкай скале…

Прыветная ўсмешка на твары расла,
І прабягала, як змейка, ў маршчынах;
Ён гладзіць так ласкава соннага сына…
Гудкі загулі, і дасада прайшла.

На працу задуманы бацька пайшоў,
А горад гудзіць пераклічкай гудкоў.
Рупіцца бацька, на працу ідзе,
Ідзе, разважае:
— Ў выходны дзень —
Ніякай нарады, ў канцы-ж канцоў
Сыну-таварышу — пяць гадоў!

4-X 1932 г.