Узгоркі і нізіны (1928)/Янка Купала — пясьняр вызваленьня
← Этапы разьвіцьця беларускае літаратуры | Янка Купала — пясьняр вызваленьня Крытыка Аўтар: Зміцер Жылуновіч 1928 год |
Рэволюцыйным шляхам → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Янка Купала — пясьняр вызваленьня. |
ЯНКА КУПАЛА — ПЯСЬНЯР ВЫЗВАЛЕНЬНЯ
(Крытычна-біографічны нарыс)
На сходзе дзевятнаццатага сталецьця беларуская літаратура мела ўжо пад сабою досыць моцны грунт і багатую глебу для далейшага свайго разьвіцьця. Творчасьць Ф. Багушэвіча, Янкі Лучыны і інш. пусьціла глыбокае карэньне ў рады маладое беларускае дробнашляхецкае і розначыннае інтэлігенцыі. Студэнцтва вышэйшых устаноў, якое лёгка паддавалася ўплыву ідэі політычна-экономічнага вызваленьня, спачуваюча сустракала ідэю нацыянальнага вызваленьня Беларусі, якое выяўлялася ў тыя часы галоўным чынам у разьвіцьці беларускага пісьменства. Праца нацыянальна-соцыялістычных партый у Беларусі, як ППС, Бунд, С-Д Літвы і Польшчы, а таксама належная ўвага нацыянальнаму пытаньню ў програмах агульна-расійскіх соцыялістычных партый спрыялі шпаркаму павялічэньню прыхільнікаў беларускага нацыянальна-культурнага вызваленьня. Гурткі беларускіх студэнтаў у Пецярбурзе, Маскве, Менску і інш. упяршыню выяўляюць сабою пачатковыя організацыйныя формы гэтага руху.
З ліку студэнцтва выходзяць новыя беларускія пісьменьнікі, якія паглыбляюць соцыяльныя мотывы ў беларускай літаратуры, захапляюцца павевамі народніцтва і надаюць ёй больш, калі можна так выказацца, дэмократычны адбітак. К. Каганец, Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі) — пісьменьнікі, Ян Луцкевіч, А. Грыневіч, Альгерд Бульба — публіцыстыя, прадстаўнікі дэмократычнай інтэлігенцыі, сваю літаратурную працу цесна зьвязваюць з працаю політычна-грамадзкаю, зьліваючыся з соцыялістычнымі партыямі (К. Каганец, Я. Луцкевіч).
Гэткім чынам, 90 годы перакладаюць к гадом дзевяцісотым дваццатага сталецьця шырокі мост, па якім ужо ў 1903 годзе праходзіць беларуская політычная партыя „Беларуская Рэволюцыйная (а пасьля Соцыялістычная) Грамада“. Адбываецца цеснае перапляценьне нацыянальна-культурнае працы ніткамі соцыяльнасьці і рэволюцыйнасьці.
Далейшае поле для працы — сялянства, якое, зразумела, галоўным чынам, і зацікаўлена ў тым, каб вызваліцца з прыгону соцыяльна-політычнага і нацыянальнага. Польскія аграры, расійскія чыноўнікі і панаваньне ў краі наднароднае буржуазнае, офіцыяльнае культуры прыгнятальнікаў стварала соцыяльныя ўмовы для ўзросту культуры протэстуючай, народнай, рэволюцыйнай, якая-б афармляла і культывавала нацыянальна-клясавы протэст. Гэтыя абставіны напіралі на музу беларускіх пісьменьнікаў, на перадавыя пласты беларускае інтэлігенцыі. І ў выніку гэтага няўхільны загіб у бок рэволюцыйнасьці прыняў і ўвесь генэзіс разьвіцьця беларускае культуры, а асабліва літаратуры. Пачынаючы ад 1904 году пясьнярка Цётка, будучы сябрам Беларускай Соцыялістычнай Грамады, сваімі вершамі кідае лёзунгі паўстаньня ў гушчы політычна-абуджанага сялянства і гарадзкога рамесьніцтва. Гэтак знатны 1905 год сустракаецца ў беларускай літаратуры гімнамі, літаньнямі.
Адзначаныя фактары падгатаўляюць шлях да выяўленьня новых сіл ужо з гушчы самое працоўнае клясы. Хвалі рэволюцыйнага ўздыму, што разгайдалі рабочых і сялян, скаланулі скрэпы нацыянальнага ўціску і культурнага застою. Паўстае творчы дух у самых гушчах беларускіх працоўных. Адзнаньне патрэбы культурна-нацыянальнага адраджэньня разьліваецца па шэрых абшарах вясковай краіны, успрымаецца шырокімі коламі народнае інтэлігенцыі, перадавым сялянствам ды рамесьніцтвам; вырастае рашучая гатоўнасьць да яе вытварэньня і… пачынаецца новы пэрыод у справе разьвіцьця маладое беларускае літаратуры, яе зрадненьне з народнай стыхіяй, яе абнародваньне.
У гэты вось момант і зьяўляецца на сцэну першы пасланец у літаратуру ад працоўнага сялянства, яго будучы баян і трубадур, Янка Купала. Ён, як-бы ў моц гістарычнае прымхі, нараджаецца з полымя вялікае рэволюцыі, каб апаліць у ёй сваю музу і загартаваным выйсьці на шлях свае славутнае працы. Уперадзе прарастала храсткамі атрутлівая рэакцыя, згушчаліся хмары, каб загасіць проблескі свабоды — політычнай і нацыянальнай, а шлях змаганьня звужваўся, зарастаў калючкамі — політычная сытуацыя суліла нядобрае. Але насустрач ёй з пэўнасьцю пазіраў новы, малады пясьняр, які прышоў у горад з глухіх куткоў узбунтаванай, парушанай Беларусі, лапцюжнай, мякіннай, дагэтуль няведанай ды нязнанай. Прышоў, каб сказаць пра яе, калі яна ўжо пачула воклічы Цёткі, гукі К. Каганца, мары Ядвігіна Ш., словамі мужычых думак, мужычае гардлівасьці, вартасьці чалавечай у асобе загнанага нявольніка:
Што я мужык, усе тут знаюць, |
У гэтым першым вершы Янка Купала выпукла і выразна перадаў настрой селяніна-працаўніка, селяніна, які адкрыў вочы і выглядзеў стан свайго жыцьця, зразумеў яго цяжкасьць, зразумеў сваю вартасьць. І ў гэтым першым вершы ўжо выразна адзначаецца ўсьведамленьне поэтаю клясавых прычын таго, што „мужык-беларус — усіх корміць сваёю працаю, а сам мякіначку есьць“. Адзнаньне, што ў гэтай несправядлівасьці соцыяльнай закладзена асноўная прычына клясавых супярэчнасьцяй, якія прыціснулі селяніна і з якіх, зразумела, выйсьце адно: зрабіць, каб „мужык-чалавек“ стаў панам тых багацьцяў, якія дабываюцца „сахою й касою“, „валоваю працаю“, — адзнаньне гэтага паказвае, што поэта зьяўляецца сынам свае эпохі і тых соцыяльных умоў, якія справаджаюць яго нараджэньне і яго жыцьцё.
Янка Купала — селянін. Бацькі — арандатары зямлі. Продкам поэты за нейкую выслугу перад кн. Радзівілам дасталася зямля, на якой узьнік засьценак Пяскі, заселены сям‘ёю Луцэвічаў. Яны ўраблялі гэту зямлю, плацячы чынш. Але ўжо дзеда поэты „міласьцівы“ князь выкінуў з зямлі; бацька Купалы з братамі мусіў шукаць шчасьця ў іншых мясцох. Удалося заарандаваць фольварак „Камень“ каля мястэчка Івянец, ды што-ж — не надоўга. Ізноў бацька пераехаў на новае месца, на гэты раз у фольварак Раговічы Набароўскага, Старасельскай воласьці, Менскага павету і губэрні. У гэтым месцы бацька ажаніўся з сялянкай Бэнігнай Валасэвіч з фольварку Няшота, Рубяжэвіцкай воласьці, Менскай губэрні (у 1879 г.). Але ўжо праз год бацькі поэты пераехалі з Раговіч у м. Паморшчына на службу да пана Зьдзяхоўскага, каля Ракава, адкуль праз год перабраліся да братоў бацькі ў фольварак Вязынка Замбржыцкага, Менскага павету, Заслаўскай воласьці.
У Вязынцы якраз і нарадзіўся наш поэта 25 чэрвеня старога стылю 1882 г. Сям‘я пабольшылася, уцяжыла свой стан. Бацьком прышлося яшчэ многа раз пераходзіць з месца на месца, шукаючы то зямлі, то службы. Пры гэтым вандраваньні па абшарах Беларусі поэта рос, выхоўваўся, вучыўся, набіраючыся непасрэдных уплываў ад вакольнага жыцьця беларускага селяніна, парабка-найміта, дробнага панскага служкі. Чулая душа Янкі ўбірала ў сябе ўсе праявы ў сельскім жыцьці і адбівала іх у сабе з портрэтнаю яркасьцю. Нягоды, зьвязаныя з бяспрытульнасьцю ў сваёй сям‘і, паглыблялі ачуласьць і ўспрыяцьце будучага поэты.
На 13 годзе памірае бацька Янкі. Поэта становіцца ўдзельнікам цяжкага стану сям‘і, сам робіцца яго ахвяраю. І яшчэ вастрэй паўстае ў яго думках неадхільнае пытаньне: чаму іх сям‘і так цяжка, а тут-жа, помеж, паном так добра жывецца? Малады розум настойна шукае адказу на гэта пытаньне. І калі з яго ўзростам і сталасьцю прычыны соцыяльнае несправядлівасьці праясьняюцца, Янка, бяручыся за пяро, за пісаньне сваіх першых вершаў, укладае ў іх зычныя мотывы ня толькі рэволюцыйнасьці, а і клясавых адзнак. Пачуцьцё дыктуе словы, якімі выразна падкрэсьліваюцца дагэтуль нявыказаныя нікім, насьпеўшыя, узьвіхраныя думкі і імкненьні беларускіх працоўных гушч.
Верш, надасланы і надрукаваны ў „Северо-западном крае“ — „Мужык“ ― адзін з цыклю першых рэволюцыйных вершаў Купалы, быў выпадкова надрукаваны. Іншыя, якія Я. Купала пасылаў для друку, не маглі быць надрукаваны па сваёй рэволюцыйнасьці. Ды ня толькі расійскія газэты паступова-лібэральнага характару, а пасьля на‘т „Наша Доля“ — газэта Беларускае Соцыялістычнае Грамады — і „Наша Ніва“ на працягу ўсяго 1906 г. не асьмельваліся пускаць у друк Янкавых вершаў таго часу[1]. Ужо некалькі пазьней у галіцыйскім друку, дзе даваўся крытычны агляд поэзіі Янкі Купалы, было прыведзена некалькі забароненых у тагачаснай Расіі яго вершаў.
Само сабой зразумела, што Янка Купала ня мог дзеля складу сваіх думак і характару выхаваньня, якое дастаў ён у цяжкіх умовах сялянскага ды службовага (у панскіх дварох) жыцьця, зацікавіцца мотывамі не грамадзка-політычнага зьместу. То-б перакорыла сутнасьці жыцьцёвых падзей тэорыі соцыяльнага разьвіцьця. Навокал поэты быў сьвет клясавых супярэчнасьцяй; ад іх ня мог ён пазбавіцца на працягу ўсёй маладосьці, юнацтва. Наадварот, толькі Янка Купала пасталеў, як на яго лягло ярмо павіннасьці гаспадара, селяніна, і тады клясавыя супярэчнасьці шчыльна сьціснулі яго з усіх бакоў. Пасьля сьмерці бацька не пакінуў спадчыны, якая-б магла забясьпечыць сям‘ю: цяжкая праца зямляроба, а ўперамежку слугача, прытым, няўседнага на адным месцы больш 1—1½ гады, — праца малаўдзячная. Толькі-толькі хапала на тое, каб пракарміць сям'ю. Даводзілася адрываць ад патрэб жыцьця, каб хоць крыху падвучыць дзяцей. І сям‘я пасьля сьмерці бацькі — вялікая сям‘я з 8 душ — адчула цяжкія недахваткі.
У дваццаць год мы застаëм Купалу прыказчыкам у маёнтку Беліца Сьвяцкага, Магілеўскай губ., Ceньненскага павету. Трэба рабіць, каб жыць і памагаць сям‘і. З Беліцы ён у 1905 г. перасяляецца ў Сёмкава, Менскай губ., за вінакурнага практыканта, а праз год — бацькава доля! — у 1906 г. ў Яхімаўшчызну, Віленскай губэрні, Віленскага павету памочнікам вінакура; а яшчэ праз год, у 1907 г., у Сноў, Менскай губерні, Наваградзкага павету. І толькі ў 1908 годзе Я. Купала трапляе ў Вільню.
Вандруючы, лётаючы за месцам, дзе-б больш-менш людзка прымайстравацца, Янка Купала натыкаецца на цяжкія, крэпкія перашкоды. Усюды жыцьцë захоплена тымі, хто яго ня творыць, хто дармаедзтвуе, гультуе, бярэ чужое, незаробленае. І настойна, неадгонна поэту хвалююць агіда, нездаваленьне, протэст, клясавая нянавісьць да гаспадароў стану. Лера чула паддаецца навеям гэтага пачуцьця і выцінае на сваіх струнах соцыяльныя тоны. І цікава, што помеж з рэволюцыйнасьцю, якая цалкам захапляе Янку Купалу ў пачатку яго творчасьці, выразна, неадступна, у роўнай меры пачынаюць зычэць ноты і нацыянальнага пачуцьця. Поэту было ўвачавідкі, што агульныя ўмовы соцыяльна-політычнага і экономічнага ўкладу куды цяжэй там, дзе да іх прылучан яшчэ нацыянальны ўціск. Беларусь, якую адну пакуль бачыў і чуў перад сабою Янка Купала, болей іншых краін была заціснута ў ярмо няволі, у бяскультурнае завяданьне. Куды поэта ні кідаўся — спатыкаў пана, ашчасьліўленага культураю, чужою і варожаю агромнай гушчы цёмнага, запрыгоненага беларускага сялянства. Гэта культура ішла ад мэты, каб ямчэй абіраць селяніна. І заданьні гэтай культуры падтрымлівала з гарадоў другая варожая культура, культура папоў і чыноўнікаў у нявольніцкім выяве сваім на Беларусі. А будаўнік жыцьця ціснуўся, заганяўся ў гэткія ўмовы, з якіх ня можна было ўбачыць сонца, сьвятла.
Гэткая сытуацыя, бязумоўна, абурала Янку Купалу; часамі ён прыходзіў у гнеў і галосна клікаў:
Дружна йдзі, бедны люд, і з зары да зары |
Занадта згусьцілася гора вакола, ажно не дае спакою, прасьветлае гадзіны.
Але чым мацнейшы яго ўціск, тым большая прага ў поэты бегчы
К долі, к волі, гэт, па полі. |
Што гэтая воля дастанецца людзям, працаўніку — Янка Купала не сумняваецца анізваньня. Дзеі рэволюцыі 1905 г. — сьведкамі таму. Гэта-ж у імя волі адбываюцца магутныя бойкі, гэта-ж за ёю
Ідуць людзі — ў крыві грудзі, |
якім
Няма ночы, жарам вочы |
Яны поэту самога
Абуджаюць, узываюць: |
Ваяўнічасьць настрою, бадзёрасьць не пакідаюць Янкі Купалы на працягу доўгага часу: ён жыве з эпохаю, сугалосна з часам грандыёзнага ўздыму працоўных гушч 1905 г. Блізкія ідэалы, што залуналі на сялянскім паземе Беларусі, — ідэалы родныя і мілыя поэце. І мы бачым, як глыбока прасякнуты баявітасьцю яго вершы тае пары. Сум і безнадзейнасьць тане ў шырокіх хвалях высокіх парываньняў. Поэта пытае:
Ах, ці доўга, братцы, будзем пад нядоляй мы стагнаць? |
І адказвае, што гэтым гору не пасобіш, што вакола працаўнікі ў нядолі ды брудзе, таму што „самі многа вінаваты“.
Так, віну за цяжкі стан Янка Купала сьвядома ўскладаў на самыя працоўныя гушчы. Гэта ён адзначаў у многіх мясцох у розных варыяцыях. Процілегласьць між панам і сялянствам вельмі востра кідалася ў вочы — ня бачыць гэтага ён ня мог. І, бачачы, не хаваў.
Але ў гэты тэрмін мы заўважаем, што поэта ў адзін толькі бок накіроўвае стрэлы сваіх слоў — толькі проціў пана. Горад, як прылада ў руках капіталістых ды самадзяржаўнага правіцельства, адкуль распасьціралася іх сіла, пакуль быў па-за ўвагі поэты. Тварам да твару ён стыкаецца выключна з гнёздамі магнатаў-паноў, якія ўсілілі ў свае сеткі вакольныя вёскі, сялянскую Беларусь. Гэтыя паны — вось соцыяльная хвароба, вось самае горшае ліха на дарозе да прыходу долі. Да іх Купала прарочна кажа:
Пажалей мужыка-бедака, |
І яшчэ ў аднэй варыяцыі:
Не пагарджайце лапцей лазовых, |
Пэрыод творчасьці ад пачатку да 1906 году Янка Купала пераважна прысьвячае грамадзкім напевам. Яны выдаюцца ў кожнай тэме, з якога-б боку ён да яе не падыходзіў. Будзь то „Жніво“, „Восень“, „Вясельле“, „Каханьне“ — усюды спынка на соцыяльных супярэчнасьцях жыцьця, на яго несправядлівасьці ў адносінах да працаўніка.
І ўжо ў гэты пэрыод Янка Купала шчыльна зьвязвае соцыяльныя мотывы з нацыянальнымі. Беларусь фігуруе ў многіх яго вершах, а сам ён сьвядома заве сябе поэтаю беларускім. Аднак большая ўвага гэтаму пытаньню пакідаецца на пасьля. Пакуль пануюць агульныя інтарэсы, абарона якіх нясла політычную свабоду, як мост да свабоды нацыянальнай.
*
У працягу часу з 1904 г. па 1907 год Янка Купала напісаў шмат твораў, якія сабраў у адзін зборнік, назваўшы яго „Жалейка“, якая-б —
Апявала няволю, |
Выдавецтва „Загляне сонца і ў наша ваконца“ выдала яе ў 1908 годзе. Гэтым выданьнем беларуская літаратура значна ўзбагацілася. Імя поэты было ўжо вядома беларускаму чытачу. І на „Жалейку“ накінуліся, сталі чытаць яе з захапленьнем. Вершы „Жалейкі“ востра ўразваліся ў душу, будзілі надзеі, клікалі наперад, разьбіваючы цемру насеўшай рэакцыі. Кожнае слова вершу, зразумелае, выпуклае, ачулае, біла молатам па струнах душы, прымушала іх гучэць бадзёрым тонам. Янка Купала пападаў у балючае месца і выклікаў зацікаўленьне да сябе. Калі зварочвалася думка да беларускае літаратуры, то адразу яна спынялася на Купале. Яго здольнасьць, як поэты многаабяцаючага, кожнаму кідалася ў вочы, і за яго словам пачалі сачыць. „Наша Ніва“ не прадстаўлялася бяз вершу Янкі Купалы, які адразу вырас у корыфея, у непараўнальную велічыню. Ён на вачох разьвіваўся, дужэў. Кожны новы яго верш сьведчыў за гэта. У поэты разьвінаўся сьветапогляд, пашырылася рознастайнасьць ахопу, глыбела думка і паднімалася мастацкасьць тэхнікі. Ужо ў яго творчасьці можна было знайсьці ўсе тыя формы вершаскладаньня, якіх да гэтуль ня было ў беларускай літаратуры.
Побач з гэтым Янка Купала няўхільна падаваўся ў бок сымболізму. Слабыя налёты яго выразна адзначаліся і ў „Жалейцы“. Але дух эпохі рэволюцыйнага ўздыму, калі „Жалейка“ пісалася, разьвяваў сымболічны налёт. І першы зборнік зьявіўся романтычна-рэалістычным па сваім напрамку. Разьвіцьцю сымболістычнага вобразу ў творчасьці Янкі Купалы дапамагала тагачасная політычная сытуацыя.
У 1908 годзе, калі Янка Купала трапіў у Вільню і спаткнуўся з разгулам рэакцыі, якая няшчадна распраўлялася з астаткамі свабоды, уціскала духова ўсё перадавое, ён ужо ня мог радыкальныя думкі ды ідэі выкладаць іначай, чымся сымболямі. Тым болей, калі гэтыя ідэі, як то было з Янкам Купалам, неабходна вярцеліся вакол аднаго — соцыяльна-нацыянальнага вызваленьня працоўнай Беларусі. Яму прыходзіцца адшукваць параўнаньні разуменьняў і сымболізаваць іх. І трэба адзначыць, што таленту ў яго хапіла досыць, каб сымболічнасьць сваіх малюнкаў перадаць прыгожа, нават дасканала. Тыя яго творы, у якіх асабліва густы адбітак сымболізму, дужа сільныя і мастацкія. Возьмем „Адвечную песьню“, надрукованую ў 1910 годзе, „Раскіданае гняздо“, дробныя вершы. Ад іх так і павявае запаляючым жарам, так і дыхае гневам і помстаю. Вобразы гукаюць да ўздыму, наводзячы думку на безнадзейнасьць страшэнны заняпад працоўнай Беларусі.
У гэтым хавалася тая асабістасьць Янкавага сымболізму, якая адрозьнівала яго ад сымболізму, што панаваў у расійскай літаратуры. Апошняя згубіла пад яго ўплывам усякую веру, жадную надзею. Расійскія сымболістыя-песьняры і пісьменьнікі накіроўвалі сваю музу ў бок апяваньня цялесных патрэб, нізкіх інстынктаў, самалюбаваньня, богашуканьня, мэтафізычнасьці; яны, фактычна, дапамагалі сваім дарам узмацаваньню рэакцыі і моральнага развалу, адракаючыся ад нядаўных ідэалаў. Бальмонт, Кузьмін, Арцыбашаў, Салагуб, Каменскі і інш. адкрыта палілі старых бажкоў і аддаваліся наўім чарам, кубкам громакіпячым, Саніным, Ледам. Сымболізм беларускай літаратуры, наадварот, нёс службу рэалізму, бо гучэў нотамі прызыву ды протэсту.
Янка Купала вельмі рэдка паддаваўся суму, але ніколі апатыі ці нэрвовай утоме. Ён цьвёрда, паваяцку перамагаў вакольны жах і, кормячыся сокамі нясупыннага росту беларускага адраджэньня, кідаў праменныя словы сваіх вершаў, як воклічы, у беларускія працоўныя гушчы. І гэтыя воклічы, ня гледзячы на атульнасьць іх сымболістычнасьцю, ці то байкавай алегорычнасьцю, краталі чытача за жывое, успрыймаліся ім і мелі сабе багатыя водгукі. Гэта можна аднесьці да тэй здольнасьці, дзякуючы якой Янка Купала ўмеў (і ўмее) выкладаць думкі, знаходзіць фарбы і падбіраць тоны.
З 1908 году ў віленскіх часопісах упяршыню зьявіліся біографічныя весткі аб Янку Купале. У гэтым годзе, працуючы бібліотэкарам у бібліотэцы Б. Л. Даніловіча ў Вільні, ён меў магчымасьць папаўняць чытаньнем кніжак свой сьветапогляд, пашыраць кругавід. Гэта служба таксама давала яму магчымасьць удзяляць час для бываньня ў рэдакцыі „Нашае Нівы“, у гурткох інтэлігенцыі, дзе нясупынна кавалася ідэя і вызначаліся пэрспэктывы нацыянальна-культурнага і соцыяльна-экономічнага будаўніцтва Беларусі. Янка Купала чэрпаў натхненьне, набіраўся сіл і энэргіі для свае творчасьці.
Аднак, Вільня хутка яго нездавальняе — усё-ж провінцыя. А праца, за якую яго пасадзіла жыцьцё, місыя песьняра-агалосьніка працоўнае Беларусі, вымагала большых вед, глыбейшага пазнаньня. І ён у 1909 годзе накіроўваецца ў Пецярбург. Там гэтым часам ужо працавала беларускае выдавецтва „Загляне сонца і ў наша ваконца“ на чале з вядомым беларускім адраджэнцам Бр. Іг. Эпімах-Шыпілам. Вакола выдавецтва гуртавалася беларуская грамадзкая думка. Абуджанае ідэяй нацыянальнага адраджэньня, беларускае студэнцтва самаахвярна працавала над выданьнем кніжак, над організацыяй спэктакляў і інш. Б. І. Эпімах-Шыпіла, аддаючы большасьць сваіх заработкаў ад профэсарскае службы, як мага падтрымліваў беларускую культурную справу, дапамагаючы часта бедным студэнтам і пісьменьнікам беларускім. Да сябе запрашае Б. І. Эпімах-Шыпіла і Янку Купалу, які жыве ў яго з 1909 па 1913 г.
Жывучы ў Пецярбурзе, Янка Купала стараўся папоўніць асьвету і скончыў агульна-асьветныя курсы Чарняева. Гэта было вялікай дапамогай поэту, які ўсю сваю навуку вынес з народнага вучылішча, скончанага ім у Беларучах, ды з тых лекцый вандроўных настаўнікаў Стацкевіча і Ляскоўскага, якія ён слухаў па розных мясцох свайго бываньня. Спроба ў юнацтве пасунуцца далей, хоць-бы папасьці ў рэальнае вучылішча, куды яго быў падгатаваў дырэктар гэтага вучылішча (і настаўнік Янкі Купалы) У. І. Самойла, была перанята бацькам поэты: апошняму выгадней было, каб сын пасабляў яму ў зямляробстве, ніж займаўся навукамі… Прышлося наганяць пасьля.
*
На пэрыод з 1908 г. па 1913 год, калі Янка Купала жыў у Вільні і Пецярбурзе, выпадае найбольшая ў яго творчасьці плоднасьць. У Вільні ён напісаў другі свой зборнік вершаў „Гусьляр“, які вышаў у 1910 г. ў выдавецтве „Загляне сонца і ў наша ваконца“; адначасна ён прымае дзейны ўдзел у „Нашай Ніве“. На творчасьці Янкі Купалы ў гэтыя гады ўзрасталі новыя пісьменьнікі, гуртаваліся вакол яго песень сілы сельска-рамесьніцкай беларускай інтэлігенцыі.
Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух з часу выйсьця ў сьвет „Гусьляра“ нагэтулькі вырас і акрэп, што на яго не маглі не зьвярнуць свае ўвагі суседзі беларускага народу. Нарысы аб разьвіцьці беларускае культуры наогул і літаратуры ў асобку сталі зьяўляцца ў польскім, украінскім, расійскім і чэскім друку. Беларуская літаратура прыхільна сустракалася ўсімі, яе нараджэньне віталі ўсе, хто-б ні кратаў гэтага пытаньня.
І вось у крытычна-аглядных артыкулах, прысьвечаных беларускай літаратуры, мы сустракаем цэлы шэраг думак аб Янку Купале, як аб найвыдатнейшым прадстаўніку тагачаснага стану гэтай літаратуры. Гэтак, Адольф Чэрны ў часопісу „Прагляд Славянскі“ ў артыкуле „Беларускія нацыянальныя і культурныя імкненьні ў 1909—1910 г.“[7] піша: „Да самых популярных маладых поэтаў належыць Янка Купала, з творамі каторага спатыкаемся ў 1907 г. ў „Нашай Ніве“. Поэзія яго мае беспасрэдны грунт народны, бо ён — дзіця беларускай вёскі, самавук; ён прачувае долю народу, апявае яго сум, працу, жальбу і беднае жыцьцё“. Тых-жа думак трымаецца проф. А. Пагодзін у сваім артыкуле „Белорусские поэты“ („Вестник Европы“, студзень 1911 году), проф. Янчук і інш. Янку Купалу, як народнага поэту, прызнаюць усе аглядальнікі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня ў 1910-1911 г.
Але Адольф Чэрны, проф. А. Пагодзін і інш., пішучы свае артыкулы, усяго мелі справу з першымі творамі Янкі Купалы, якія ўвайшлі ў „Жалейку“. Па сваёй тэхнічнай вартасьці, па сваёй поэтычнасьці, бязумоўна, яны не давалі таго, што давалі вершы пазьнейшага часу, сабраныя ў „Гусьляры“. Гэты апошні зборнік яскрава засьведчыў нясупынны рост таленту Янкі Купалы. Шырыня ахопу, дасканаласьць формы і тэхнікі, багацьце тэматычнага зьместу далёка адрозьнівалі „Гусьляра“ ад „Жалейкі“, прыдаючы аўтару ўсё большую вядомасьць.
У Пецярбурзе, дзе былі выданы: першы драматычны твор Янкі Купалы „Паўлінка“ (1912 г.), сымболічная поэма „Сон на кургане“ (1912 г.) і найбагатшы збор вершаў „Шляхам жыцьця“ (1913 г.), ім зацікаўліваецца цэлы шэраг расійскіх пісьменьнікаў (І. Белавусаў, А. Корынфскі, Е. Нячаеў, Н. Ашукін, а пазьней і В. Брусаў), якія перакладаюць яго творы на расійскую мову[8]. Вершы яго таксама перакладаюцца на польскую, украінскую і літоўскую мовы. Ва ўсіх паказаных творах Янкі Купалы, як і ў „Жалейцы“, ідэя нязьменна адна: вызваленьне працоўных гушчаў Беларусі з экономічна-нацыянальнага ўціску. Напевы соцыяльнага зьместу — пераважны. Толькі часамі яны ўступаюць месца вобразам беларускае прыроды. Янка Купала трымаецца раз абранага шляху — змагацца сілаю мастацкага слова за сваю краіну. Чым болей сталеў яго талент, тым глыбей прасякаўся поэта пачуцьцём патрыотызму, пачуцьцём заўзятага ваяўніка, нават ідэёвага правадыра. Моц, якая зычэла ў яго вершах, раўнялася моцы трыбуна, які кліча і вядзе масы сілаю слова.
Песьня мая ня шукае чырвонцаў — |
Грунт творчасьці Янкі Купалы — вясковая, зрэбная Беларусь. Яна на яго вокліч, зразумелы, блізкі, давала „водклік“, паперш, успрыняцьцем роднага слова, а пасьля — вялікаю цягаю да вызваленьня і будаўніцтва працоўнае рэспублікі.
Так, як-бы ні стараліся іншыя бачыць у Янку Купале выключна нацыянальнага адраджэнца, нельга ўлажыць творчасьці поэты ў гэтыя рамкі. Наадварот, усе мотывы аб „бацькаўшчыне“ прасякнуты наскрозь глыбокімі соцыяльнымі нотамі. Для яго быў дораг „водклік у сонным сяле“; сяло — вось дзе ён бачыў Беларусь. І ў „Гусьляры“ і ў „Шляхам жыцьця“ той самы мужык, з якім Янка Купала паказаўся перад сьветам, бярэ галоўную ўвагу ў яго грамадзкіх мотывах. У „Шляхам жыцьця“ выдзелены цэлы аддзел „Наша вёска“, прысьвечаны мужыку, яго долі, жаданьням, умовам яго жыцьця і рознастайным праявам гэтага жыцьця.
Вельмі характарна тое, што, ня гледзячы на сваю адданасьць сялянскім мотывам, Янку Купалу ў пэўнай меры займае і процэс працы; ён падае вобразы яе ў розных варыяцыях — за сахою, з сярпом, з касою, з шылам (шавец) і інш. І кожны выгляд працы хавае пад сабою асаблівую дробязь тэй вялікай гамы працы, якая аддаецца на справу вызваленьня. Ад таго — заўсюды, кожны верш, прысьвечаны працы, канчаецца ў поэты праменнаю надзеяй:
Вецер і моц, знаць, табе прынясе |
Альбо:
Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты! |
І яшчэ:
Песьню пей і касі, пакуль ясныя дні, |
У той час, калі Янка Купала пісаў гэта, навісалі цёмныя хмары рэакцыі, засьцілаючы небныя кругавіды і хаваючы сьвятло. Таму-та гэтак горача і кліча да яго поэта; кліча, часамі занепадаючы ў сум… праўда, не дзеля таго, што яго ахапляе безнадзейнасьць, а таму, каб паказаньнем найцяжэйшага стану вёскі і селяніна падбіць чытача на пачуцьцё нездаваленьня існуючым ладам. А хто-б мог ня плакаць над змучанай, прыдушанай беларускаю вёскаю? Тым болей, яе сын, поэта? Янка Купала часамі даходзіць і да мінорнасьці. Доля безьзямельніка наводзіць на гэта. Але рэдкія хвіліны суму хутка мінаюць, акупаючыся новым уздымам надзейнасьці і веры. Ахоплены імі поэта кажа:
На вялікім сьвеце б‘е жыцьцё крыніцай |
Бачыць:
Прайшло засьляпеньне, мінае трывога, |
Упэўнены:
Ночка цёмная на сьвеце |
Спадзяецца, што
К свабодзе, роўнасьці і знаньню |
Янка Купала ўзносіўся высока над вакольным жыцьцём, кідаючы напевы сваіх бадзёрых, спадзейных песень. Радасны настрой, часта сягаючы да патосу, справодзіў яго неадменна пры напісаньні „Гусьляра“ і „Шляхам жыцьця“. Сочныя вобразы, квітучасьць, яскравасьць фарб яго лірыкі асабліва захапляюць. Так і чуеш, як буяе ды пушніць паўната жыцьця.
І зелень, і кветкі, і песьні, |
І характарна, што часта да прыгожасьці натуры поэтаю прыдаецца той ці іншы элемэнт з процэсу сялянскае працы, з галіны думак і надзей селяніна. За правіла ўзята Янкаю Купалам — увесь пераплёт, усю гаму сваіх зыкаў браць фонам для накіданага на ім малюнку праяў людзкога, сялянскага жыцьця абойме ўсяе Беларусі.
Лірыка і вялікая колькасьць баек (цэлы аддзел у зборніку „Шляхам жыцьця“) прыстасаваны да агульнага вобразу — у сучаснасьці і наступным — працоўнай Беларусі. Сучаснасьць — у выяве яе да часу заснаваньня Беларускай Савецкай Рэспублікі — гняла Янку Купалу, ціснучы яго душу, усягды маладую, загартаваную і поўную надзеі. Але наступнае, інтуіцыйна прачуванае песьняром, цягнула яго да сябе, надаючы яму яскравай натхненнасьці, спадзяванак. Можна даць шмат прыкладаў таму, што творы Янкі Купалы, у якіх поэта чапае будучыні, жаданьняў, веры, — тыя творы блішчаць асабліваю здольнасьцю і беспасрэдным пачуцьцëм свайго творцы. Прымяраючы квадры году да сымболізаваньня людзкога жыцьця, Янка Купала топіць у хвалях радасных напеваў аб вясьне і леце напевы асеньняга і зімовага часу. Час красаваньня, пасьпяваньня, час кіпучасьці жыцьцёвай, нараджэньня — абганяе, перамагае хвілі заміраньня, нудных завываў ветру і галеючых садоў.
Сонейка, рэчка, вольха, дзяўчына |
Янка Купала жыве ў нясупынным паланьні, прасякаецца маладымі сокамі жыцьця. Усю прыгожасьць, усю пекнату абымае сваімі думкамі і чуцьцём сваім і… вельмі абураны, што соцыяльныя ўмовы вытвараюць вялікую несправядлівасьць у адносінах між людзкою грамадою і развоем прыроды. Чаму-б кветкамі ды зеленьню вясны не палюбавацца, не палагодзіцца кожнаму, кожнаму селяніну, працаўніку? Няўжо яго сэрца не адчувае цягі да гэтага? Няўжо ўсё хараство створана на карысьць таго, „хто багаты, адзеты і сыты?“ Не! Пераконаны поэта, што:
Негаданай песьняй-казкай |
У нутры Янкі Купалы, як на фотографічным шкелку, адбіваюцца ўсе вібрацыі з жыцьця Беларусі. Ідэі і іх выяўленьні не праходзяць міма яго пачуцьця.
Праўда, зацяжная рэакцыя, зьвязаная з незавідным экономічным станам, у якім жыў пясьняр, не магла не адбіцца на яго настроі. Памерны ўзрост соцыяльна-нацыянальнага руху перад вайною не абяцаў таго, што прынесла вайна. І сяганьні ў наступнае, і вера ў шчаснае жыцьцë — належыць моцнасьці і перадчуванасьці поэты. Становішча цяжка гняло. Максім Багдановіч часта пытаўся, ці хопіць сілы перажыць грамадзкае гора, а Якуб Колас зьняверваўся, і трэба было быць Янкам Купалам, каб заставацца оптымістым, упэўненым у нямінучым прыходзе лепшых дзён:
Глядзі, ўскалышацца, прачнецца |
І толькі адзін, выразна трывожны момант можна адзначыць у творчым жыцьці поэты. Гэта — момант абвяшчэньня сусьветнай вайны. Зьвязаны ўсімі фібрамі свае істоты з Беларускай краінаю і яе працоўным народам, жывучы іх жыцьцём, для іх жывучы, — ня мог Янка Купала на нейкі час не паддацца роспачы, калі ён убачыў, як усе жахі вайны апалі на многапакутную Беларусь. Што астанецца ад вечна забранай, ад вечна зьнішчанай краіны, пасьля таго, як пракоціцца па ёй паводка руйнаваньняў, пажараў? Ці астанецца, наогул, тая крыніца, з якое ëн чэрпаў сваё натхненьне, веру і спадзеі? Ці, магчыма, Молох вайны праглыне цалкам змучаную краіну? У кожным разе, размах здарэньняў ня суліў нічога суцешнага. Было вядома, што арэнаю сутычак двух варожых бакоў застанецца Беларусь —
Грамадзяцца цёмны хмары… |
Нельга было судзіць, ды ня цікава, на чый бок перагнуцца шалькі, але перагін адбывацьмецца непасрэдна ў Беларускім краі. Гэта страшэнная пара глыбока ўрэзалася ў душу Янкі Купалы. Але і тут знашоў ён мужнасьці аднесьціся да яе з завіднай сьмеласьцю, забойна, пракляўшы і час, і абставіны, і людзей, якія стварылі сусьветную вайну. Вось якімі словамі ён праводзіць 1914 год:
Зыходзіш ты туды, скуль ня прыходзяць — Прышоў ня з згоды і свабоды весьцяй Касьцьлявай зморай з гібелі сталецьцяў „Не забіваці“ — ты стрывожыў права, Га! Хай-жа льлецца кроў, дымяць пажары, Аж прыдзе іншы год з рукою лёгкай |
Ды як-жа не хвалявацца шчыраму сэрцу грамадзяніна-поэты? Як не праклінаць тых людзей, што выклікалі нязьлічоныя бядоты на працоўных усяго сьвету і асабліва на многапакутную бацькаўшчыну поэты Беларусь? І Янка Купала шле громы праклёнаў „разьюшаным сатрапам“, якія
Паганы зладзіўшы хаўрус. |
Поэта яскрава разумеў клясавую падставу імпэрыялістычнае вайны, кіруючы свае стрэлы на сатрапаў. І праз гэта яшчэ болей ахапляла яго нянавісьць на яе братазабойнасьць, на яе крывавую роспач.
Ды, паміма іншага, ці-ж можна было пагадзіцца, каб замест вясеньніх квятоў, замест мірнае працы на вызьвеўшых нівах лілася бязьвінная кроў рабочых і сялян, якіх настроілі адных супроць другіх? Прышла вясна 1915 году і супроць чаканьня —
Ня з сонцам вышла блаславіць аратага арбу. |
А куды тамака! З гэтаю вясною падзеі многа пастрашнелі, выяўна сьціснулі грабежнымі кайданамі Беларусь. Царская армія ня ўстоіла супроціў арміі кайзэраўскай і ў сполаху адступала, а перад сабой гнала тысячы беларускага сялянства. Краіна пусьцела, руйнавалася. Здань пагібелі вісела над ёю чорнаю хмараю. Дым пажараў затуляў сонца і надзею на блізкае зьнішчэньне крывавай вайны.
*
Грукат гармат разьвеяў на нейкі час і творчы імпэт Янкі Купалы, прымусіўшы яго замаўчаць, прытаіцца… Мы бачым, што з паловы 1915 г. па год 1918 Янкам Купалам напісана зусім мала, нават у друку няма ніякага твору, які быў-бы адзначаны 1916 ці 1917 гадамі.
Якраз а палове 1915 году цэнтр беларускага культурнага руху, г. Вільня, быў заняты немцамі. Беларускія культурныя дзеячы, якія пакуль ня былі яшчэ залучаны ў армію, разьехаліся ў іншыя пункты Расіі. Зачыненая перад гэтым „Наша Ніва“, наогул, адняла вялікую частку працы, ужо досыць парушанае вайною. Трэба было перачакаць востры момант, аглядзецца, выбраць месца, згуртаваць сілы.
Выяжджаючы разам з другімі з Вільні, Янка Купала пераяжджае ў Маскву, дзе ўлучае часу на слуханьне лекцый у унівэрсытэце Шаняўскага. Гэта працягнулася да пачатку 1916 году. Пасьля ён пераяжджае ў Менск, дзе паступае ў дарожную дружыну адбываць вайсковую павіннасьць. У Менску к гэтаму часу пасьпеў залажыцца беларускі гурток, які распачаў выдавецка-політычную працу. Янка Купала далучаецца да гэтай працы, але скора мусіць яе пакінуць і з канца 1916 году пераяжджае, з прычыны службы, у Полацак. У гэтым горадзе поэта пражывае канец 1916 году і ўвесь 1917 год. З Полацкага пазему Янка Купала сочыць за ўсімі тымі падзеямі, якія выліліся з страшнае вайны ў нячуваны раволюцыйны ўздым. Рост і пэнт нацыянальнага абуджэньня, здавалася, загінутай Беларусі бліснуў перад яго вачмі яскравым матэорам.
Працоўныя беларускія гушчы, парушаныя рэволюцыйным выбухам, зьядналі ў адно цэлае соцыяльныя і нацыянальныя моманты. Ідэі, аб якіх пяяў Янка Купала, з-за якіх хварэў душою, якімі жыў, кідаючы іх у сялянскія гушчы, і над якімі тры гады вісеў меч загубы, — гэтыя ідэі ператварыла Лютаўская рэволюцыя ў магутны беларускі рэволюцыйна-нацыянальны рух… А Кастрычнік падвёў пад іх сталы, моцны грунт. Новыя паземы адчынялі шырокі шлях яго радзіме, яго працоўнаму народу. Няхай выходзіць ён, няхай наладжвае свае паходні, — поэта паглядзіць, пачакае…
Але і на гэты раз ня суджана было Беларусі вярнуцца да спакойнага жыцьця, да адбудаваньня краіны, да аховы заваëваных рэволюцыяй праў. 1918 год прынёс ёй нямецкую окупацыю. Што не пасьпела зрабіць вайна, тое наганяла „мірная політыка“ окупантаў. Збоку, у Вялікаросіі, разьвіналася Кастрычнікавая рэволюцыя, крэплі і ператвараліся ў жыцьцë яе лёзунгі, а беларускі працаўнік стагнаў пад абсацам юнкераў кайзэра. Янка Купала, пераехаўшы з Полацку ў Смаленск, з болем у сэрцы сачыў за прыгнечанаю, бяздольнаю краінаю і ў няцерпе зваў:
Табе, народ мой, згібнуты ў аковах, |
Гэта пісалася 29-X — 18 г., а 1-I — 19 г. па абшарах вольнае Беларусі ўжо разносіліся магутныя словы маніфэсту часовага ўраду Беларускай Савецкай Незалежнай Соцыялістычнай Рэспублікі. Водгалас іх сягаў далёка на захад, б‘ючыся ў сьцены абуджанай Нямеччыны і апітае перамогаю Антанты… Ізноў на ваччу поэты адбывалася зьявішча ажыцьцяўленьня яго жаданьняў, ідэй; народ строіў для будучыні —
Шчасьце, каб пут ня строіў больш сусед. |
І пясьняр, поўны расчуленьня, зваў:
Час склікаці ўжо грамаду |
Народ рашыў пастроіць новы пасад, „разжыцца з новаю доляю“. Векавое бадзяньне бяз імя, бяз назвы мігам зышло з памяці, і вакола Савецкае Соцыялістычнае Рэспублікі аб‘ядналіся беларускія працоўныя гушчы. Аб‘ядналіся, прасякнуліся яе ідэяй, захапіліся пачуцьцём узьнікшага ў іх рэволюцыйнага патрыотызму і сталі абараняць яе, як радзіму, як сябе.
Янка Купала ўрачыста, з адкрытай душою сустрэў гэты вялікі акт у жыцьці свайго народу; ён з радасьцю пакінуў Смаленск і паехаў у сталіцу свае рэспублікі. Пачуцьцё грамадзяніна не пакідала поэты. І чулася яму, як ―
Назаўтра, к налецьцю |
Зьліўшыся з мільённаю грамадою, ён сачыў, „каб абсевак ня кінуці дзе“.
А ў той час новая хмара насувалася на Беларусь. Гэта была польская окупацыя. Яна перапыніла рэволюцыйнае будаўніцтва на цэлы год. Тэрмін, калі надышла новая эра для беларускага працаўніка і селяніна, пачаўся з 1921 году.
*
Янка Купала, перажыўшы ў Менску жахі польскае окупацыі і аддаўшы многа часу цяжкай хваробе, якая чуць ня згубіла яго, убачыў, што прышоў час зьдзейсьніцца яго нядаўным марам —
Час сонца схапіці і сонцам ірдзеці, |
І пясьняр адразу адгукаецца новай эпосе „Інтэрнацыяналам“. Рэволюцыйнае пачуцьцё, пачуцьцё пераможнага народу, дае яму вялікую сілу ды неахопнае натхненьне знайсьці тую жалезную моц і сьмелую глыбіню, якія набылі пад яго пяром зычныя словы міжнароднага гімну ў беларускім перакладзе. Поэта ўлажыў у свой пераклад дакладнасьць яго сэнсу і апогей урачыстасьці пачуцьця. Поэтавы-ж здольнасьць і мастацтва надалі яскравасьць, мілагучнасьць.
Гэтым перакладам ды вершамі: „Пазвалі вас“ і „На сьмерць Сьцяпана Булата“ Янка Купала дае поўную дань запатрабаваньню часу. Ня дзіва, што гэтыя вершы аднялі ў нашага песьняра даўжэй году.
Бо ў гэтых трох творах уложаны думкі, пачуцьцё, вага якіх роўна вялікім томам. Усё, што сконцэнтравала яго ўражаньне, што нагледзіла вока, што падслухала душа, — адбілася, як у фокусе, у адзначаных трох вершах…
Няхай думаюць іншыя, што Янка Купала не адгукнуўся як сьлед на вялікія падзеі Кастрычніка, — воля думаць, калі панікласьць іх зьбівае з панталыку. Мы трымаемся цьвёрдага пагляду на поэту, як на пасьлядоўнага рэволюцыянэра, які наймоцна, найвыразна адбіў дух Кастрычніка ў беларускіх праламленьнях, як адбіваў дух папярэдніх эпох і рэволюцый.
Пазвалі вас на пір піроў, |
Гэтак Янка Купала кажа пра Леніна працоўным гушчам, ад якіх т. Леніна заклікалі буржуазныя ўладары Эўропы на Генуэскую нараду ў 1921 годзе. І ў вершы „Пазвалі вас“, які прысьвечаны гэтаму здарэньню, пыхае полымем уся многафарбнасьць вобразу перамогі Кастрычніка. Поўная ўрачыстасьць стану запанаваўшай рэволюцыі.
І далей:
Вы ўладары… Яшчэ жар-цьвет |
Гэтых уладароў Янка Купала вітае, як насіцеляў усясьветнага вызваленьня, як будаўнікоў Комуны. І якім жалем стратку сустракае ён сьмерць рэволюцыянэраў-комунараў! І якою вераю поўна яго істота, калі ён гадае над лёсам свае вызваленае краіны! Далейшы шлях яе разьвіцьця поэце вядомы; гэты шлях — шлях да Комуны ў злучнасьці з другімі краямі.
Забуяе ў славе буйнай, |
Няхай неўпару памершы ваяка сьніць аб Комуне. Надыход яе забясьпечаны. Моладзь — новая, узросшая на вольнай глебе, маладая армія — працягне справу змаганьня за гэты ідэал працоўных. І Янка Купала з усёй сілаю свайго таленту ў сваім вершы „Арлянятам“ так блаславіць чырвоны маладняк:
Вам сярпы і косы ў рукі |
Кастрычнік прывёў радзіму поэты да таго стану, да таго стопню, калі нішто ўжо… —
…ня выламе |
Колькі Янка Купала памарыў аб ім! Колькі перажыў трывожных гадзін! Дваццаць год нясупыннае працы! Дваццаць год чулага балючага хваляваньня! Пакуль на вачох стала гэткая нявіданая перамена: безназоўная радзіма стала вялікай, магутнай Савецкай Беларусьсю! Трэба пазайздросьціць долі песьняра! Ды сам ён, адсьвяткаваўшы свой дваццацігадовы юбілей у часы поўнай перамогі Кастрычнікавай рэволюцыі, у часы магутнага ўздыму працоўных сіл Беларусі да творчай дзяржаўнай, экономічнай і культурнай працы, ня мог ня быць цалкам агорнуты, цалкам прасякнуты вялікім здаваленьнем. Толькі апошняе дало яму натхненьне на гэтыя словы:
Дык-жа шумі, красуй у волі, родны край! |
*
З часу вызваленьня Менску ад белапалякаў Янка Купала жыве ў Менску. Увесь гэты час ён служыў па выдавецкай справе, перш — рэдактарам часопісу „Чырвоны Сьцяг“, а з 1922 году — тэхнічным рэдактарам у выдавецтвах. У 1922 г. выдавецтва „Савецкая Беларусь“ выдала чарговы зборнік яго вершаў „Спадчына“, куды ўвайшлі яго ранейшыя творы. У 1924 г. у часопісу „Полымя“ была надрукована яго п‘еса „Тутэйшыя“, а ў розных часопісах („Полымя“, „Маладняк“, „Сялянка і Работніца“ ды інш.) зьмяшчаліся яго вершы, якія былі сабраны ім у зборнік „Безназоўнае“, што вышаў у 1925 г. З 1925 г. Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва прыступіла да выданьня збору твораў Янкі Купалы. К 1928 г. вышла яго чатыры томы.
У адзнаку 20-гадовага юбілею яго творчасьці Наркамасьветы БССР надаў яму годнасьць народнага поэты і прызначыў яму пажыцьцёвую пэнсію.
У апошнія часы творчая праца Янкі Купалы шмат цішэйшая, ніж то было раней. Але сілы і творчая здольнасьць поэты не аслаблі. І, хоць рэдкія, яго апошнія творы захапляюць сваёю гармоніяй, магутнасьцю і сілай. Гэта сьведчыць, што Янка Купала шмат яшчэ можа даць высокакаштоўных падарункаў у скарбніцу беларускай літаратуры. І даданае ў наступным да ўсяго ім напісанага, зложыць яму
„…памятник нерукотворный“, |
да якога —
„…не зарастет народная тропа“. |
- ↑ На вялікі жаль, усе гэтыя вершы загубіліся, і мы ня можам ніводнага з іх прывесьці ў даным нарысе.
- ↑ Жалейка. Верш „Касьба“, стар. 122.
- ↑ „Жалейка“, стар. 60.
- ↑ Там-сама.
- ↑ „Жалейка“, стар. 10.
- ↑ Там-сама, стар. 11.
- ↑ Adolf Cerny: „Slovansky Pžehled“. Roćnіk XІІІ. 1911, стар. 217—223, 401—416.
- ↑ Перакладзеныя на расійскую мову вершы Купалы выданы асобным зборнікам: „Янка Купала — белорусский поэт, избранные стихотворения в переводах русских поэтов. Собрал и редактировал Ив. Белоусов. Москва, 1919 г.“
- ↑ „Шляхам жыцьця“, стар. 3.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, стар. 108.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, стар. 118.
- ↑ Там-сама, стар. 120.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, стар. 54.
- ↑ Там-сама, стар. 140.
- ↑ Там-сама, стар. 142.
- ↑ Там-сама, стар. 44.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, стар. 75.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, стар. 76.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, стар. 88.
- ↑ Там-сама, стар. 159.
- ↑ „Спадчына“, стар. 30.
- ↑ „Спадчына“, стар. 37.
- ↑ „Шляхам жыцьця“, стар. 39.
- ↑ „Спадчына“, стар. 14.
- ↑ Там-сама, стар. 15.
- ↑ „Безназоўнае“, стар. 6.
- ↑ „Безназоўнае“, стар. 30, 31.
- ↑ Там-сама, стар. 31.
- ↑ „Безназоўнае“, стар. 24.
- ↑ Там-сама, стар. 31.
- ↑ Там-сама, стар. 15.
- ↑ „Маладняк — Янку Купалу“, стар. 54.