Узгоркі і нізіны (1928)/Этапы разьвіцьця беларускае літаратуры
← Ад аўтара | Этапы разьвіцьця беларускае літаратуры Крытыка Аўтар: Зміцер Жылуновіч 1928 год |
Янка Купала — пясьняр вызваленьня → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Этапы разьвіцьця беларускае літаратуры. |
ЭТАПЫ РАЗЬВІЦЬЦЯ БЕЛАРУСКАЕ ЛІТАРАТУРЫ
(Нарыс)
Беларусь пераважна краіна сялянская. Гарадзкога жыхарства ў ёй налічваецца прыблізна 15 проц. агульнага ліку насельніцтва. Беларусы, якіх у сярэднім 85 проц., галоўным чынам, расьселены па вёсках і складаюць сабою пераважна бядняцка-серадняцкі сялянскі стан. Таксама значная колькасьць іх жыве ў мястэчках і гарадох, дзе ізноў-жа зямляробства займае галоўную частку ў іх занятках. Асноўную гушчу гарадзкога і местачковага жыхарства падае на яўрэяў, і зусім у малым ліку ў гарадох жывуць расійцы ды палякі. У некаторых гарадох і мястэчках пападаюцца яшчэ і татары.
Прамысловасьць у беларускіх гарадох разьвіта зусім слаба; цяжкае індустрыі ў Беларусі амаль што няма. Маюцца невялікія заводы і фабрыкі па апрацоўцы жывёлавых рэчаў і лясных матэрыялаў, піваварныя заводы, дражджавыя, крухмальныя і інш. Але ўсе гэтыя заводы і фабрыкі не адышлі далёка ад тыпу майстэрняў павышанага тыпу. Вялікая колькасьць гарадзкога жыхарства займалася (і займаецца) рамяством: гарбарскім, шчацінным, сапожным, сталярным, шапачным і інш. Вялікі процант падае на гандаль і на службу.
Гэткім чынам мы бачым, што горад беларускі ў яго дарэволюцыйным складзе разьвіваўся ў бок концэнтрацыі ў сабе яўрэйскага рамесьніцка-гандлярскага і расійскага служылага насельніцтва. І дзякуючы гэтаму ён усё далей адыходзіў ад вёскі, пераймаючы праз яўрэйскую буржуазную інтэлігенцыю і расійскіх чыноўнікаў рускую культуру і карыстаючыся ёю ў баку ад асноўнай сялянскай беларускай гушчы. Адначасова польская панства — аграрыі, меўшыя ў сваім уладаньні да 60 проц. пахатнае зямлі, абыходзіліся культураю польскаю, падносячы яе беларускаму сялянству ў пераломе ксяндзоўскіх тлумачэньняў. З гэтае прычыны беларускае сялянства ўвесь час знаходзілася ў стане няпісьменнасьці, цемнаты. Агульная граматнасьць яго даходзіла ўсяго да 15 проц. І толькі ў апошнім перад рэволюцыяй дзесяцігодзьдзі знашлася крыху большая мажлівасьць пралезьці селяніну ў школу, дзякуючы адчыненьню шэрагу настаўніцкіх сэмінарый, прыходзкіх і двухклясовых сельскіх школ. Аднак у гэтых школах болей зварачалася ўвагі на выхаваньне на расійскіх чыноўнікаў, ніж на адукацыйную справу. Адначасова, побач з гэтым, расійскія чыноўнікі з польскімі панамі і праз цэркаў ды касьцёл і праз школу старанна зьнішчалі натуральна-гістарычныя асаблівасьці Беларусі і ўзмацоўвалі клясавы прыгнёт беларускага сялянства. Гэта было настолькі відочна, што бессаромнасьць жорсткага культуртрэгерства адначасова абудзіла ў беларускіх працоўных гушчах і протэст супроць соцыяльнае няволі і протэст супроць нацыянальнага прыгону. Адчуваньне гэтага выразнага нездаваленьня захапіла перш перадавыя колы беларускае дробна-шляхецкае інтэлігенцыі.
Ужо ў канцы XVІІІ стагодзьдзя дробна-шляхецкая інтэлігенцыя абярнулася вухам да жыцьця, настрою, вывучэньня вуснае творчасьці і соцыяльнага стану беларускае вёскі. Надыходзіўшыя да яе з Захаду водгукі падзей францускае рэволюцыі, а таксама блізкасьць гэтай інтэлігенцыі да опозыцыйных настрояў сярод польскага грамадзтва яшчэ болей падвострылі яе цікавасьць да выясьненьня соцыяльнага стану беларускага селяніна.
Час-ад-часу прадстаўнікі дробна-шляхецкае інтэлігенцыі: пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы, этнографы і інш., выхаваныя ў польскай культуры, патрошку пачынаюць удзяляць увагу беларускай мове, беларускай песьні, беларускай гісторыі; гэтак, піша вершы пабеларуску Ян Баршчэўскі (1790—1851 г.) („Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных апавяданьнях“, вершаваная поэма „Рабункі мужыкоў“ і інш.); Ян Чачот (1797—1847) захапляецца беларускай народнай творчасьцю і зьбірае яе ды выдае зборнікам пад назваю „Сялянскія песенькі з-пад Нёмна і Дзьвіны“; Аляксандар Рыпінскі, родам з Дзісьненшчыны, у 1839 г. чытае ў эмігранцкім гуртку польскіх літаратараў у Парыжы лекцыі па беларусазнаўству, а пасьля іх друкуе асобнай кніжкаю пад назвай „Беларусь“.
У пару творчасьці памянёных пісьменьнікаў (канец XVІІІ і першая палавіна XІX стагодзьдзяў) зьяўляюцца на беларускай мове дзьве вершаваных поэмы невядомых аўтараў „Энэіда навыварат“ і „Тарас на Парнасе“. Аўтар „Энэіды“ пераняў сюжэт з гэткага-ж твору украінскага пісьменьніка Катлярэўскага і прыстасаваў яго да беларускіх умоў. У поэме „Тарас на Парнасе“ адбіваецца гісторыя аб палясоўшчыку Тарасе, які папаў на Парнас і там сустрэўся з парнаскімі багамі. Быт багоў быў падобен да быту беларускіх сялян:
Глядзіць ён, аж на лаўцы шыюць Сатурн там лыкі размачыўшы, Няптун на лаўцы чыніць сеці |
Пад уплывам „Тараса па Парнасе“ формавалася беларуская літаратурная творчасьць шэрагу беларуска-польскіх пісьменьнікаў, папярэднікаў Вінцуся Марцінкевіча. Разам з іхняю працаю яна паслужыла моцнаю падвалінаю для разьвіцьця адносін гэтага пісьменьніка да беларускага пытаньня, да ўсебаковага прысьвячэньня яго літаратурнае працы Беларусі.
З часу творчасьці В. Дунін-Марцінкевіча беларуская літаратура становіцца на цьвёрды грунт. Гэты пісьменьнік, ня гледзячы на сваё шляхецкае пахаджэньне і на выхаваньне ў польскай культуры, аддае апошняй меншую за сваіх папярэднікаў увагу. Яго захапляе жыцьцё беларускага селяніна, і гэтаму жыцьцю В. Дунін-Марцінкевіч прысьвячае сваю літаратурную працу. Гэту цікавасьць пісьменьніка падвострывае ў значнай меры ўдзел беларускага сялянства ў польскім паўстаньні 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага[1]. Аднак соцыяльныя моманты, унесеныя апошнім у змаганьне сялян супроць расійскага самаўладзтва і польскага панства, мала кратаюць В. Дунін-Марцінкевіча. У яго багатай літаратурнай спадчыне (поэмы: „Гапон“ — выданьне 1855 г., „Вечарніцы“ — выданьне 1855 г., „Купальле“ — выданьне 1856 г., „Шчароўскія дажынкі“ — выдан. 1857 і п‘есы: „Сялянка“ — выдан. 1846 г., „Пінская шляхта“ — выдан. 1866 г., „Залёты“ — выдан. 1870 г. і інш.) можна мала знайсьці падкрэсьліваньня клясавых суадносін між сялянствам і панамі і, тым болей, між рамесьнікамі і іх гаспадарамі. В. Дунін-Марцінкевіч аддаваў галоўную ўвагу ў сваіх творах беларускаму фольклёру і клясавай пагоджанасьці між дробнай шляхтай і мужыкамі. Апошніх пісьменьнік вучыў, як шчыгульна прыстойна вясьці сямейнае жыцьцё, як выхоўваць дзяцей і інш. Толькі ў адным вершы, пакуль няпэўным у сэнсе яго належнасьці да пяра В. Дунін-Марцінкевіча, аўтар спаткнуўся з соцыяльнымі момантамі, абмаляваўшы іх гэткімі фарбамі:
Вясна, голад, перапала, На палацях пухнуць дзеці, Каліта ляжыць пад лаўкай, Але гора ўжо спаўгора; К чорту жонка, ласа баба! Будзем роўныя з панамі. Перастануць нашым братам, Хоць халодна, хоць галодна — Вось панам не дужа лоўка. Не адзін-то папацеець Як-бы быў якой скацінай Мужык будзець не скацінай — |
Гэтым вершам В. Дунін-Марцінкевіч у шляхецкім праломе паказвае нам соцыяльныя бакі беларускага сялянскага жыцьця. Гэта выключнасьць В. Дунін-Марцінкевіча ў зацікаўленасьці соцыяльнымі мотывамі тлумачыцца яшчэ і тым клерыкальным уплывам, які справодзіў усё яго жыцьцё. Тым ня меней, значнасьць В. Дунін-Марцінкевіча ў беларускай літаратуры далёка перавышае значнасьць у ёй усіх яго папярэднікаў. Адначасна яго творчасьць дала моцны штырхач да нараджэньня новых шырокіх колаў беларускай і спачуваючай беларускаму адраджэньню інтэлігенцыі. У яго часы гэтым пытаньнем захапляюцца: і польскі пісьменьнік Кандратовіч (Сыракомля), пішучы вершы на беларускай мове, і композытар Монюшка, укладаючы на музыку яго п‘есу „Сялянка“, і іншыя вядомыя польскія дзеячы. Творы В. Дунін-Марцінкевіча вытрымалі шэраг выданьняў і яшчэ зараз маюць запытаньне з боку беларускага чытача.
Непасрэдна пад уплывам В. Дунін-Марцінкевіча пачаў сваю працу і яго пасьлядовец, здольны пісьменьнік-народнік Ф. Багушэвіч (нарадзіўся ў 1840 г.).
Пахаджэньнем з тае ж дробнае ашмянскае (Вілен. губ.) шляхты, Ф. Багушэвіч правёў свае маладыя гады ў крыху іншых, ніж В. Дунін-Марцінкевіч, умовах. Ды часы падасьпелі іншыя. Вучачыся ў Пецярбурскім унівэрсытэце, Ф. Багушэвіч стыкаўся з перадавым студэнцтвам, захапляўся тагачаснай расійскай літаратурай, на чале якое стаялі часопісі „Современник“, „Отечественные записки“, з гэткімі крытыкамі і пісьменьнікамі, як В. Бялінскі, Дабралюбаў, Н. Чарнышэўскі, Салтыкаў-Шчадрын, А. Някрасаў і інш. Цікавячыся політычнымі плынямі, Ф. Багушэвіч прыстае да польскіх паўстанцаў і змагаецца супроць царскае ўлады. У паўстаньні яго ранілі. Пасьля сканчэньня унівэрсытэту, ён выбірае месца народным настаўнікам, пасьля сьледчым судзьдзëю, далей адвокатам — усё пасады, на якіх у той час заставалася перадавая інтэлігенцыя. На гэтых пасадах Ф. Багушэвіч меў мажлівасьць блізка азнаёміцца з беларускім сялянствам, улавіць яго думкі і настрой, убачыць яго соцыяльнае становішча. Няпрыглядная карціна сялянскага жыцьця захапляе пісьменьніка цалкам, і надае яму настрою прысьвяціць сваю музу апяваньню гора і нядолі беларускага селяніна. Далей мы бачым, што Ф. Багушэвіч усёю істотаю аддаецца падбору грамадзкіх мотываў для свае творчасьці і ад пачатку да канца не расстаецца з імі. Прыгнечанасьць беларускага селяніна, яго цемната, нацыянальная несьвядомасьць і жорсткі соцыяльны прыгон да таго катуюць поэтаву думку, што ён з усёй сілай творчае здольнасьці вытыкае наперад соцыяльную няпраўду, концэнтруе на ёй увагу чытача, застаўляючы апошняга абурацца, злаваць, зьбіраць протэст і думаць аб рашучым змаганьні за сваё вызваленьне. Адносная маласьць падобных яму змаганьнікаў і цяжкасьць справы разьюшваньня сялянскіх гушчаў да нездавальненьня часта засмучае аўтара, але Ф. Багушэвіч верыць у наступнае і гэта вера надае яму сілы і ахвоты на далейшую працу. Гэтак, у сваім вершы „Мая думка“ ён піша:
Га! Чаму-ж ня граеш? |
Ф. Багушэвіч ясна разумеў, што „вадзіцы з крыніцы“ дастане сам мужык беларус, якога сіла і праца трымае сьвет, а завошта яго дурнем завуць. Варта толькі мужыку азірнуцца на сябе ды разам з тым уявіць сваё месца ў жыцьці соцыяльным і нацыянальным, і тады „крыніца“ свабоды забурліць жывою „вадзіцай“: Бо,
Глядзі. Горы паразрыты, |
Ад мужыка схавалі праўду, а каб яе не паказаць, нарабілі сваіх панскіх судоў, ад воласці да сэнату, па якіх усё жыцьцё цягаюць селяніна, заўсёды вінаватага і ніколі няправага. Селяніну адведзены „край жыцьця“, як пасынку, яму назначана доля:
Каб сэрца шчымела і рвалася з болю? |
Аб працоўным чалавеку забыў і бог, да якога паны яго пасылаюць, ад чыйго імя абяцаюць нагароды і кары і чыëю сьвятасьцю атуляюць свае неміласэрныя зьдзекі над „дурным мужыком, як варона“. Чырвонаю ніткаю праходзіць праз усе творы Ф. Багушэвіча адна ідэя — гэта стараньне як найвастрэй падкрэсьліць цяжкасьць умоў беларускага сялянскага жыцьця і гэтым навярнуць сялянства на дарогу вызваленьня. Помеж з гэтым Ф. Багушэвіч лічыць асабліва важным момантам для пасьпешнасьці змаганьня за лепшае жыцьцё — патрэбу нацыянальнага разьвіцьця. У сваёй прамове да невялічкіх зборнікаў сваіх вершаў (Ф. Багушэвіч напісаў два зборнікі вершаў „Скрыпка беларуская“ і „Смык беларускі“) ён кажа: „Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі“. Поэта асабліва надаваў гэтаму вялікай значнасьці, бачачы, як праз нацыянальную несьвядомасьць польскія паны і расійская чынавенства няшчадна паглыблялі эксплёатацыю і прыгон над беларускім селянінам.
Ф. Багушэвіч першым у беларускай літаратуры раскрыў соцыяльныя хваробы старога ладу; ён першым загутарыў ад беларускага селяніна, як яго сябар, прыяцель, чыя бяда катавала пісьменьніка роўна з мужыком. Зразумела, што песьня Ф. Багушэвіча атрымала шырокі водгук з боку беларускага чытача, натаўхнуўшы яго на акрэсьленую думку, на выразны настрой.
Гэтым настроем захапіўся, між іншым, і Янка Лучына (Няслухоўскі), які ў сваёй творчасьці вельмі блізка падышоў да Ф. Багушэвіча, падмацоўваючы, такім чынам, народніцкую плынь у беларускай літаратуры. Янка Лучына і па плённасьці пісаньня і па мастацкасьці напісанага далёка адстае ад Ф. Багушэвіча[2], але разам удвух яны афармляюць цэлы пэрыод у гісторыі беларускае літаратуры, стоячы на чале культурных дзеячоў 80 гадоў XIX стагодзьдзя. Іх творы набываюць значнае пашырэньне, захапляюць колы новага беларускага чытача і к канцу 1890 гадоў узьнімаюць шырокі беларускі нацыянальна-рэволюцыйны рух сярод розначыннай інтэлігенцыі і студэнцтва. Шэраг культурных таварыстваў („Мінчук“ у Менску і інш.) і студэнцкіх організацый (у Юр‘еве, Маскве, Пецярбурзе, Александрыі) маюць сваім натхніцелем творчасьць Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны і інш. Дзякуючы гэтаму культурныя мэты памянёных гурткоў і аб‘яднаньняў перамешваюцца з рэволюцыйнымі заданьнямі. Соцыялістычныя ідэі ў іх знаходзяць добрую глебу. І ў пачатку 1900 гадоў з сяброў беларускіх культурных аб‘яднаньняў гуртуецца беларуская соцыялістычная партыя „Беларуская Рэволюцыйная Грамада“. Апошняя на сваім сьцягу піша лёзунг „Соцыяльнае і нацыяльнае вызваленьне Беларусі“.
Гэты лёзунг „Беларускай Рэволюцыйнай Грамады“, якая ў 1903 г. пераймяноўваецца ў „Беларускую Соцыялістычную Грамаду“, акрэсьлівае ідэолёгічны напрамак у літаратурнай творчасьці новае пляяды беларускіх пісьменьнікаў, як: А. Луцкевіч, К. Каганец, Алёіза Пашкевічанка (Цётка), Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), А. Бурбіс і інш. Усе яны зьяўляюцца соцыялістымі, і сваю музу прысьвячаюць барацьбе за соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне беларускіх працоўных гушчаў.
Асаблівай рэволюцыйнасьцю адзначаецца творчасьць Цёткі, якая з галавою нырае ў хвалі рэволюцыйнага змаганьня, пішучы свае вершы перад выступленьнем на мітынгах, перад і пасьля демонстрацый, у політычнай эміграцыі. Яе вершы служаць проклямацыямі, у дзесятках экзэмпляраў распаўсюджваюцца сярод сялян і рабочых, абуджаюць іх рэволюцыйнае пачуцьцë. Праўда, праз гэта творы Цёткі ўступаюць іншым творам з боку мастацкага аформленьня, але сваім ідэёвым зьместам яны захапляюць чытача і адыгрываюць ролю будзіцеля беларускіх працоўных гушчаў. Да прыкладу, у вершы „Хрэст на свабоду“ мы чуем гэткія словы:
На усходзе красна неба, |
У вершы „Над крывавымі разорамі“ поэтка прызывае гартаваць свае сілы да помсты. З чужыны яна шле гарачыя бадзёрыя словы аб патрэбе не здавацца пад уціскам перамогшага ворага. Цётка з-за непасрэднага ўдзелу ў рэволюцыйным змаганьні, якое падарвала яе сілы, не магла напісаць столькі, наколькі яна была здатна. Аднак яе літаратурная спадчына займае пачэснае месца ў гісторыі беларускае літаратуры.
Яе равесьнікі, К. Каганец, Ядвігін Ш. і інш., таксама ўдзялялі ў сваёй творчасьці багата месца рэволюцыйным мотывам. К. Каганец, напісаўшы некалькі п‘ес („Модны шляхцюк“, „Двойчы прапілі“ і інш.), апавяданьняў („Пра пана Ленскага“, „Царская служба“ і інш.) і вершаў, заплаціў за ўдзел у рэволюцыйнай працы астрогам.
У вогуле, памянёнае пакаленьне пісьменьнікаў, якіх можна аднесьці да катэгорыі народнікаў-раволюцыянэраў, у той-жа час былі апошняю ступнëю ў пераходзе беларускае літаратуры да народнага поэты і пісьменьніка. Вышаўшы з асяродку дробнабуржуазных пластоў шляхты, служачых, гарадзкіх мяшчан, яны ў большасьці маглі атрымаць вышэйшую адукацыю і праз гэта высунуцца над працоўнымі гушчамі, і, хоць на невялікім, але ўсё-ткі на адгоне, назіраць за сялянскім жыцьцём і за яго запытаньнямі. З гэтага боку пісьменьнікі-розначынцы болей набліжаюцца да інтэлігенцкае формацыі. Іх выступленьне справодзіць сабою скон народніцка-сантымэнтальных плыняй у беларускай літаратуры і спатыкае нараджэньне рэалістычна-рэволюцыйнага напрамку. Глебаю для апошняга служыць рэволюцыя 1905 г.
*
Для беларускага працаўніка рэволюцыя 1905 г. была будзіцелем яго політычна-соцыяльнае і нацыянальна-культурнае сьвядомасьці. Беларускія соцыялістычныя партыі і соцыялістычны партыі агульнарасійскага характару, як соцыял-дэмократычная, соцыял-рэволюцыйная, а таксама нацыянальна-соцыялістычныя партыі другіх народаў (Бунд, ППС, СДЛіП), аддаючы належную ўвагу нацыянальнаму пытаньню, прылучылі да змаганьня за нацыянальнае вызваленьне шырокія колы перадавога сялянства і беларускіх рабочых. Беларуская народная інтэлігенцыя, наогул, пасьля 1905 году, у вялікай колькасьці накіравалася ў шэрагі ваяк за соцыяльна-нацыянальнае вызваленьне Беларусі. Гэткім чынам уся праца ў гэтым напрамку перанеслася на плечы самога беларускага працаўніка, без дапамогі пахаджэнцаў з іншых станаў. У партыю „Беларуская Соцыялістычная Грамада“ ўліліся сяляне і рабочыя, прыдаўшы ёй больш радыкальны характар; значная лічба гарадзкіх і местачковых організацый РСДРП, разбаўленыя сьвядомымі беларускімі рамесьнікамі, таксама падвострылі ў сябе беларускае нацыянальнае пытаньне (Капыльская орган., Клецкая, Слуцкая і інш.). Падстава для пашырэньня беларускай нацыянальна-культурнай работы ўзмацнілася, і ўмовы для далейшага яе разьвіцьця беларускае літаратуры былі на воку. Але творчасьць пісьменьнікаў, якія выступілі на літаратурную арэну да рэволюцыі, калі ўмовы адлічаліся ад наступіўшых пасьля 1905 году, стала нездавальняючай для новага чытача, чытача-селяніна, рамесьніка і народнага інтэлігента (настаўнік, паштавік, чыгуначнік, канторшчык). Падышла пара казаць не аб селяніну ды рамесьніку, а выслухаць, што ён сам скажа аб сабе, які яго настрой, яго жаданьні і імкненьні. І вось на сцэну зьяўляюцца першыя народныя пісьменьнікі: Янка Купала (Іван Луцэвіч) і Якуб Колас (Кастусь Міцкевіч) — абодва сыны вёскі, сяляне. Першы з іх яшчэ пачынае сваё пісаньне на польскай мове, а другі на расійскай, але хутка абодва выступаюць з політычнымі беларускімі вершамі.
Янка Купала, сын панскага служкі, ня мае магчымасьці атрымаць адукацыю, і абмяжоўвае сваю асьвету ніжэйшаю школаю і рэпэтытарствам; Якуб Колас дастае мажлівасьць паступіць у настаўніцкую сэмінарыю. Але абое, надзеленыя багатаю талентнасьцю ад натуры, першымі сваімі дэбютамі, — Янка Купала у расійскай газэце „Северо-Западный Край“ і пасьля ў беларускай „Наша Доля“, а Якуб Колас — у тэй-жа „Нашай Долі“, — засьвядчаюць сваю пісьменьніцкую сьпеласьць. Абодва пісьменьнікі, нібы згаварыўшыся, зразу ўносяць у беларускую літаратуру новыя мотывы соцыяльнага характару, ставяць рубам пытаньне аб соцыяльна-нацыянальным вызваленьні Беларусі і яе гаспадара-беларускага бедняка-селяніна. Якуб Колас пасьлядоўна зьвязвае свой літаратурны напрамак з рэволюцыйнай сапраўднасьцю ўдзелам у рэволюцыйным змаганьні праз організацыю настаўніцкага зьезду. Янка Купала шчыльна набліжаецца да Беларускае Соцыялістычнае Грамады і пад уплывам яе змаганьня накіроўвае сваю творчасьць. Першыя словы яго песьняў зычаць гардлівым пачуцьцём свае мужыцкае вартасьці, падкрэсьліваньнем асноўнасьці ў людзкім жыцьці яго працы. У вершы „Мужык“ Янка Купала кажа:
Я — мужык беларус, |
Якуб Колас, згаджаючыся з гэтаю відавочнасьцю, дадае:
Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі, |
Голас абодвых пісьменьнікаў звонкім рэхам разыходзіцца па глухіх куткох Беларусі. Іх песьні завучваюцца напамяць, дэклямуюцца на вячорках па сёлах і мястэчках, будзяць пачуцьцё бадзёрага настрою ў гушчах беларускага юнацтва. Адначасова з імі разносіцца выяўленьне хараства і прыгожасьці нядаўна пагарджанае, беларускае мужычае мовы. Газэта „Наша Доля“, а пасьля яе зачыненьня на 6 нумары, яе пасьлядоўніца — „Наша Ніва“, становяцца ўлюбёнымі газэтамі. Імі зачытваюцца і з цікавасьцю абгаварваюць новапаўстаўшыя зьявішчы, як адраджэньне свае мовы, працоўнае культуры і… незалежнасьці Беларусі. Помеж з глыбокімі плынямі соцыяльнага зьместу, нацыянальныя мотывы ў творчасьці Янкі Купалы і Якуба Коласа, паралельна з іх мастацкім разьвіцьцём, паглыбляюцца, рознастайняцца і не пакідаюць быць значнымі элемэнтамі ў іх ідэолёгіі. Здольнасьць пісьменьнікаў хутка рашчыняе новыя небасхілы, падаючы ўсё прыгажэйшыя перлы іх працы; і ўжо к 1908—9 гадом яны зьяўляюцца буйнейшымі фігурамі ў шэрагах беларускіх пісьменьнікаў. Значна вырастае іх тэматыка, удасканаленасьць формы. Аглядчыкі і крытыкі беларускае літаратуры найбольш аддаюць увагі гэтым двум пісьменьнікам. Іх-жа творы пачынаюць перакладацца і на іншыя мовы (украінская, польская, літоўская, чэская). Аднак, з выяўленьнем іх здольнасьці выяўляецца і разыходжанасьць паміж імі ў сэнсе літаратурных напрамкаў: Янка Купала пахіляе ўбок романтыка-сымболізму, а Якуб Колас абірае сабе рэалізм… Гэта зусім не перашкаджае ніводнаму з іх шчыльна трымацца ідэй, кінутых рэволюцыяй 1905 г., і не застаўляе сходзіць з п‘едэсталу народных трыбунаў.
У 1909—10 г.г. на падмогу Янку Купалу і Якубу Коласу ў беларускую літаратуру прышлі новыя сілы. Гэта быў цэлы шэраг пісьменьнікаў, грамадзка-партыйных дзеячоў з рабочых, служачых і бедных сялян. Сюды адносяцца: Алесь Гарун (сталяр), Цішка Гартны (гарбар), Фаб. Шантыр (муляр), Хведар Чарнушэвіч (кравец), А. Гурло (сьлесар), З. Бядуля (сын селяніна-яўрэя), У. Галубок (чыгуначнік), К. Буйла (настаўніца), і адзін, як выключэньне, сын настаўніка гімназіі — М. Багдановіч. Пакідаючы ў баку апошняга, адмечаны шэраг пісьменьнікаў, узгадаваных, галоўным чынам, на Янку Купале і Якубе Коласе, унясьлі ў беларускую літаратуру шмат новых рознастайных мотываў. Аддаючы падатак нацыянальнаму моманту, яны абагацілі зьмест беларускае літаратуры рабоча-пролетарскімі напевамі. Праз гэта ў беларускай літаратуры зьліліся тыя элемэнты, якія складалі рухаючую сілу ў рэволюцыі, якія абымалі ў сабе соцыяльную сутнасьць беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху.
Адпаведна таму, як Янка Купала і Якуб Колас падкрэсьлілі мужыцкую працу, загутарылі моваю мужыка, як важнейшага будаўніка жыцьця і яго багацьця, гэтак рабочыя пісьменьнікі падышлі да асноўнага гаспадара сьвету — рабочага-пролетарыя ў яго беларускай формацыі. Гэта ëн — герой працы, катораю жыве сьвет і каторая прывядзе праз сваё вызваленьне да лепшай долі ўсё працоўнае чалавецтва. Цішка Гартны абвяшчае ў сваім вершы „Гарбар“:
Я — рабочы-гарбар, |
Алесь Гарун у вершы „Муляру“ бадзёрыць тых, хто складае вялікі мур для вастрогу, і ўпэўняе, што іх праца пабудуе зьняволеным працаўніком:
Мур вялікі вольнай волі, |
Гэты мур будуе кожны рабочы, хто сваëю працаю корміць сьвет, а сам застаецца ў няволі. Для мура стукае молат шаўца і шыпіць пілка пільшчыка; для яго гудзе кавальскі мех і б‘е кавальскі молат. Зьяднаная сіла працоўных адна здолее гэты мур узьнесьці на зямлі…
Хв. Чарнушэвіч адчувае абуджаючы сыгнал кавальскае працы, на гукі якое вырасьце падмога:
Куй, каваль! Зялеза гнецца… |
*
Лера памянёных пісьменьнікаў кратае рознастайныя процэсы працы, находзіць у іх хараство і мотывы вызваленьня, і пісьменьнік у кожным руху работніка, у кожным яго стуку чуе водгалас надыходу свабоды. Працоўнымі мотывамі час-ад-часу захатляецца і Янка Купала. Як і другія, ён падглядае шаўца пры варстаце, каваля пры горне. Але Янка Купала меней стыкаецца з самою постацю трудавых процэсаў, і радзей адчувае непасрэдныя настроі ад уплыву рытмічных рухаў гэбля па дзераве, сабачкі па шкуры, кельні па цэгле. Апошнія застаюцца прэваліраваць у пісьменьнікаў з рабочых, як Цішка Гартны, Алесь Гарун, Ф. Шантыр. Неадлучная іх прывязанасьць да майстэрні, якая дае хлеб на жыцьцё, рэгулюе іх думку і фармуе іх ідэолёгію.
Праўда, умовы дзесяцігадзіннага працоўнага дня, разам з дадатнымі бакамі, у той-жа час адбіралі ў гэтых беларускіх пісьменьнікаў мажлівасьць цалкам аддацца літаратурнай творчасьці, пашыраць свае веды і гэтым паглыбляць сваю творчасьць. Вольны час, які заставаўся ад працы ў майстэрні, забіраецца грамадзкаю працаю, без якое нельга пашырацца справе культурна-нацыянальнага адраджэньня. Для пісаньня застаюцца выпадковыя ўрыўкі часу, часта аднятыя ад сну ці купленыя прымусовым беспрацоўем. Лічаныя часопісі не маглі плаціць гонорару, і літаратурная іх праца ўваходзіла ў склад грамадзкіх абавязкаў. Гэтыя жорсткія абставіны прыводзяць да таго, што на працягу ўсяго так званага „нашаніўскага“ пэрыоду у гісторыі беларускае літаратуры пераважная плённасьць працы большасьці пісьменьнікаў зусім абмяжованая. Свае зборнікі[3] выдае рэдка хто з іх; большасьць здавальняецца друкаваньнем сваіх твораў у тыднёвіку „Наша Ніва“, у квартальніку „Маладая Беларусь“, у календарох і рэдкіх непэрыодычных зборніках. Гэтыя-ж умовы не дазволілі ў адзначаны пэрыод зьявіцца гэткім літаратурным рэчам, як поэма, апавяданьне, роман.
Шчасьлівейшымі ад іншых асталіся ў „нашаніўскі“ час Янка Купала і М. Багдановіч. Першы праявіў на працягу ад 1905 да 1917 г. найбольшую інтэнсыўнасьць свае творчасьці, сумеўшы выдрукаваць тры зборнікі вершаў („Жалейка“ — 1908 г., „Гусьляр“ — 1909 г., „Шляхам жыцьця“) і дзьве сымболічныя поэмы „Сон на кургане“ і „Адвечная песьня“.
Максім Багдановіч па свайму складу быў чыста мастацкаю натураю. Дзякуючы сваёй адлучцы з Беларусі, ён не ўваходзіў у асяродак беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага і культурнага руху, а наглядаў яго разьвіцьцё здалёк і з гэтага далёку сачыў за беларускаю літаратураю, пачынаючы пісаць і сам. І вось, пішучы, М. Багдановіч адчуваў: нязнаньне жывое беларускае мовы, адсталасьць ад ідэй часу. Гэтыя прычыны моцна ціснуць на яго багатую здольнасьць да творчасьці. Яго адукацыя[4] і шырокае знаёмства з расійскаю ды чужаземнымі літаратурамі дазваляла яму ўдасканаліць беларускі верш.
Праца М. Багдановіча ў гэтым напрамку справодзілася буйным посьпехам: дзякуючы яго працы адчынілася крыніца багацьця і гібкасьці беларускае мовы, якая дазваляе ўжываць найскладанейшыя мотывы ў гармоніі слова. Усе выгляды поэтыцкае композыцыі паддаліся здольнасьці песьняра, які даў беларускай літаратуры прыгожыя формы тэрцыяў, сонэтаў, тэнтамэтраў, рондо. Пявучасьць вершаў М. Багдановіча ня ўступае брусаўскай ды бальмантаўскай.
Аддаючы асноўную ўвагу форме свайго вершу, М. Багдановіч лёгічна захапляецца плыньню імпрэсыянізму. Адбітак імпрэсыянізму ляжыць на ўсёй яго творчасьці, ухіляючы поэту ад грамадзкіх напеваў, аддаляючы яго ад рэальных тэмаў жыцьця. Дзякуючы гэтаму, мы наглядаем, што ў час напружанай барацьбы за нацыянальна-соцыяльнае вызваленьне, якое натхнявае пісьменьнікаў рабочых і сялян на песьні працы і змаганьня, М. Багдановіч пераважна прысьвячае сваю творчасьць лёгкім мотывам аб лесавікох ды русалках, аб „гнедых жывёлах, што плывуць па небу“ і інш. Гэта былі конфэці ў час кіпучае ўтомнае работы. М. Багдановіч, праўда, удзяліў некаторую ўвагу і грамадзкім напевам. Але яго вершы на гэтыя тэмы, хоць і веюць магутнаю сілаю гармоні, прасякнуты безнадзейным сумам.
*
Вайна 1914 г.—1917 г. перабіла паступовае разьвіцьцё беларускае літаратуры. Болей таго, яна вельмі балюча адбілася на ўсёй справе беларускага адраджэньня. Вільня, як цэнтр беларускае політычна-культурнае працы, згубіла сваё значэньне, дзякуючы ўмовам прыфрантовага гораду. Большая частка актыўных дзеячоў была забрана ў салдаты, рэшта раскінулася па Расіі. Пастановаю ўлады зачыніліся беларускія газэты і часопісы. У паветры залуналі пагрозныя здані невядомасьці наступнага ў жыцьці беларускага народу. Хвалі выгнанцаў, прымусова пакінуўшых краіну і паехаўшых у сьвет, разбурэньне гарадоў і вёсак нямецкаю ды расійскаю арміямі, поўнае здратаваньне здабыткаў упартае, цяжкае, векавое працы ставілі пытальнік ня толькі над лёсам адраджэнцкіх ідэй, а і над лёсам краіны…
Пад знакам застою мінула доўгіх паўтара гады. І толькі ў 1915 годзе паціху ізноў заварушылася грамадзкая і літаратурная чыннасьць; на гэты раз яна раздвоілася па месцу: адзін цэнтр яе заснаваўся ў тэй-жа Вільні, якую занялі немцы, другі — у расійскіх гарадох, галоўным чынам, у Пецярбурзе. Але гэта не паспрыяла ажыўленьню літаратурнае працы. Пад окупацыяй пісьменьнікаў не засталося, а ў Расіі нельга было ўзьбіцца на беларускую газэту ці часопіс. З-за гэтага ня было магчымасьці навязаць зносіны з раскіданымі ўсюды пісьменьнікамі, надаць ім настрою і прыцягнуць да творчасьці. Заснованыя ў канцы 1906 г. ў Пецярбургу газэты „Дзяньніца“ і „Сьветач“ крыху пасунулі справу ў гэтым напрамку: патрошку сталі адгукацца песьняры і пісьменьнікі і надсылаць у рэдакцыі газэт свае творы. Аднак падзеі рэволюцыі 1917 году гэта супынілі. Тым ня меней перад беларускімі працаўнікамі заміргаў прамень яскравых надзей. Рэволюцыя магутным ударам разьбіла ярмо соцыяльнае і нацыянальнае няволі. На чаргу дня вытыркнулі пытаньні новага дзяржаўнага будаўніцтва, у якім Беларусь зойме належнае месца. Гэта вочавідкі рабілася сапраўднасьцю; соцыяльна-нацыянальныя ідэі хутка захаплялі шырокія колы беларускіх салдат, рабочых і беларускую працоўную інтэлігенцыю. Хутка расьлі беларускія організацыі, камітэты фронтаў і армій, мацнела Беларуская Соцыялістычная Грамада. Бойка і голасна загутарылі беларускія працоўныя гушчы аб дзяржаўным адбудаваньні Беларускай Рэспублікі.
Дзякуючы такому вялікаму выбуху нацыянальна-грамадзкага беларускага руху, пісьменьнікі рынуліся ў яго з галавою, адлажыўшы леру на далейшае. Трэба было падтрымліваць разьвіцьцë руху, гэтым самым ствараючы ўдзячныя ўмовы для наступнага росту беларускай літаратуры.
Загэтым на працягу ўсяго 1917 году зьявіўся лічаны лік твораў, надрукаваных беларускімі пісьменьнікамі. Толькі і зьвярнула на сябе ўвагу, зьмешчаная ў газэце „Вольная Беларусь“ (выдавалася ў Менску), першая частка поэмы Якуба Коласа „Сымон Музыка“. Але пісьменьнік не адгукваўся ў ёй на бурлівую сучаснасьць, і выпхнутыя гэтаю сучаснасьцю агромністыя заданьні не адбіваліся ў „Сымоне Музыку“. Зьмест поэмы наступны. Герой поэмы Сымон — пастух, скітаючыся па сьвеце, шукаў гармоніі жыцьця, якую дае праўда, каторая, з свайго боку, ашчасьліўвае людзей і іх існаваньне. Нараджэньне шчасьлівага жыцьця прыходзіла ў сьвет з громам і бурамі, і чулая, наіўная душа Сымона Музыкі губілася ў грукаце разбурэньня старога ладу… Зьмітрок Бядуля і Алесь Гарун, зрэдку выступаючы на старонках „Вольнае Беларусі“, таксама адбівалі пакуль у сваіх творах перажыты час, не пасьпеўшы ператварыць у сваім нутры грандыёзнасьць рэволюцыйнага сягоньня…
Бурлівыя хвалі апошняга, паднімаючыся ўсё вышэй ды вышэй, радзілі праз Кастрычнікавую рэволюцыю нацыянальнае вызваленьне і дзяржаўнае будаўніцтва раней прыгнечаных краін. Адчынялася шырокая дарога да выяўленьня захаваных у нетрах працоўнае грамады творчых сіл… Само жыцьцё заняло месца поэзіі, якая не магла ўвабраць у сябе бліскучасьць фарб, ня ў сіле была падаць акорды, роўныя гімну казачнай сапраўднасьці…
*
Але раптам апофэоз Кастрычніка на галах Беларусі засмуціўся цем‘ю хмар, што шугнулі з захаду. Кайзэраўскае войска заняло беларускія прасторы і адрэзала іх жалезнаю сьцяною ад рэволюцыйнага цэнтру адраджэньня. Бразак шпоры прускага афіцэра вярнуў у жыцьцё часы царскага самаўладзтва. Якраз у гэту пару беларускі нацыянальна-рэволюцыйны рух раскалоўся на дзьве часткі. Соцыяльна-клясавыя супярэчнасьці аддзялілі тых, каму было па дарозе з Кастрычнікам, ад тых, каторых яго ідэі палохалі. У два бакі накіраваліся і беларускія пісьменьнікі. Частка іх застаецца пад нямецкаю окупацыяй, другая асталёўваецца ў Пецярбурзе. Глыбокая розьніца ўмоў памянёных цэнтраў яскрава адбіваецца ў іх творчасьці, прыціснутай, звужанай у окупацыі, і вольнай, пазыўнай пад саветамі. Янка Купала, З. Бядуля, А. Гарун і інш. аддаюцца апавяданьню запрыгоннай нанова краіны, у сымболічных вобразах зазываючы яе выратавацеля. Рэволюцыйныя падзеі, водгук якіх даносіцца з усходу, іх цешыць і абнадзейвае на гэта. Але вакольваючыя ўмовы лёкалізуюць іх бадзёрасьць… Прыкрая сапраўднасьць не дае разгарнуцца іх прызыўным напевам.
Апошнімі прасьвечваецца творчасьць тых з пісьменьнікаў, якія апынуліся ў цэнтры рэволюцыйных падзей і на чыю долю выпала зьбіраць сілу для зьвяржэньня окупацыі і ўтварэньня работніча-сялянскае Беларусі. У творах апошніх (Ф. Шантыр, Ц. Гартны, А. Гурло) гучэла цьвёрдая ўверанасьць у пераможны поступ вялікага Кастрычніка, урачыстасьць вызваленьня беларускіх працоўных гушчаў.
Іх веру цалкам апраўдала бурлівая сапраўднасьць, калі фактам выданьня ў сьнежні 1919 г. маніфэсту часовага рэволюцыйнага правіцельства радзіла сьвету незалежную Савецкую Соцыялістычную Рэспубліку Беларусь… Праўда, памянёны акт, гістарычнае значнасьці і неасяжнае вялікасьці, ня зразу ўсё-ж зьнішчыў перашкоды для вольнага распачыну аднаўленчае працы ў краіне. Яскравыя дні нараджэньня беларускага дзяржаўнага організму, як рэспублікі працоўных, хутка засмуціліся новаю навалаю, на гэты раз у выглядзе польскае окупацыі. Апошняя на працягу году ізноў нішчыла ўсе праявы нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі і душыла думкі аб яе дзяржаўным будаўніцтве. Пад польскім прасам цяжка было вадзіць пяром беларускаму пісьменьніку. Страшны ўціск окупацыйнае няволі яскрава выглядаў у смутных напевах ад гэтага часу і Янкі Купалы, і Зьмітрака Бядулі, і А. Гаруна і інш. Бліснуўшая надзея на Пілсудзкага, на хвіліну зьвіхнуўшая марнымі надзеямі некаторых з іх, хутка патухла.
Вось чаму ў час польскае окупацыі літаратурнае беларускае жыцьцё пульсавала зусім ціха. Газэта „Беларусь“ і часопісь „Рунь“, хоць і часта зьмяшчалі творы пісьменьнікаў, але па іх нельга было адмеціць адзнакі здаровага жыцьця беларускае літаратуры і сымптомаў яе далейшага разьвіцьця. Янка Купала пяяў аб „Выраі“, да якога імкнуўся як найхутчэй выляцець з абдыму цяжкае зімы. З. Бядуля захапляўся ваяцкімі мотывамі, і калі адхіляўся ад іх, то чуў „пад вокнамі свае каморкі“ шапаценьне страшных зданьняў.
Аднак ні што іншае, як страшныя здані гартавалі рэволюцыйныя думкі новага здольнага пісьменьніка Міхася Чарота. Апошні настарожана чакаў прыходу Чырвонай арміі для вызваленьня Беларусі, пяяў аб надыходзячым вызваленьні свае радзімы і гатаваў музу да ўрачыстых гімнаў гэтаму вызваленьню.
Гэты новы пэрыод гісторыі беларускага працоўнага народу першымі пагоджана вітаюць Міхась Чарот і Цішка Гартны. Яны-ж таксама першымі сваёю творчасьцю закладаюць фундамант для пасьлякастрычнікаўскіх усходаў беларускае літаратуры. Іх песьні таксама падаюць вокліч новым маладым, народжаным рэволюцыяй, беларускім пісьменьнікам.
Ужо ў 1921 годзе выяўляюць сябе А. Александровіч і А. Дудар. Маладая бадзёрая творчасьць у абодвых прасычана рэволюцыйнымі мэлёдыямі і цалкам прысьвечана апяваньню пратварэньня Кастрычніка ў беларускае жыцьцё. За імі прыходзяць Міхась Зарэцкі, А. Моркаўка, Я. Нёманскі.
Адначасна падае свой першы гучлівы водгук на вялікія падзеі сучаснасьці Янка Купала. У вершы на „Сьмерць С. Булата“ ён вітае надыходзячую комуну. Некалькі пазьней Якуб Колас урачыста сьведчыць тысячную залю яго спаткаўшых на зямлі адноўленай Беларусі новых сваіх настроях, аб сьветлай веры ў будучае свае краіны. Гэткім чынам, ужо ў пачатку 1922 году беларуская літаратура становіцца ўцалку сугучнай эпосе, літаратурай савецкай. Асноўнаю падставаю для яе ўгрунтаваньня, базысам для яе посту, зьяўляецца ўзрост дзяржаўнага, гаспадарчага і культурнага будаўніцтва. Засноўваецца беларускі тэатр, беларуская мова стае моваю дзяржаўнаю. Беларусізуецца школа і дзяржаўныя ўстановы.
Дзякуючы гэтаму паднімаецца попыт на беларускую літаратуру, на беларускі падручнік. Для выданьня апошніх закладаецца адначасна тры выдавецкія організацыі: выдавецтва „Савецкая Беларусь“, „Беларускае Аддзяленьне Дзяржаўнага Выдавецтва РСФСР“ і „Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі“, якія выдаюць цэлы шэраг твораў беларускіх пісьменьнікаў. У выдавецтве „Савецкая Беларусь“ выходзяць у 1922 годзе наступныя кніжкі: „На зачарованых гонях“ — збор новэль З. Бядулі, яго-ж зборнік вершаў „Пад родным небам“; „Спадчына“ — зборнік вершаў Я. Купалы; Якуба Коласа „Водгульле“ — зборнік вершаў і яго-ж вершаваная поэма „Новая Зямля“. Зарубежнае Беларускае Аддзяленьне Дзяржаўнага выдавецтва РСФСР у Бэрліне выдае зборнік вершаў Цішкі Гартнага „Песьні працы і змаганьня“; першую частку яго романа-трылёгіі „Сокі цаліны“ — „Бацькава Воля“ і „Казкі жыцьця“ Якуба Коласа. У дадатак да гэтых выданьняў „Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі“ выпускае збор вершаў М. Чарота „Завіруха“ і знатную яго поэму „Босыя на вогнішчы“. Гэта колькасьць выданьняў робіць значнае ўражаньне і на тыя колы інтэлігенцыі, якія пакуль не здавальняліся конкрэтнымі вынікамі нацыянальнае політыкі, і на некаторых пісьменьнікаў, да гэтага ня верыўшых у падобныя мажлівасьці разьвіцьця культурнага будаўніцтва.
Памянёныя выданьні па сваёй якасьці і па свайму значэньню папаўнялі іх колькасны эфэкт. 3 выданьняў гэтага часу выдзяляліся „Новая Зямля“ Якуба Коласа, „Бацькава Воля“ Цішкі Гартнага, „Завіруха“ і „Босыя на вогнішчы“ М. Чарота. Гэтыя творы адлічаюцца сваёю фундамэнтальнасьцю і шыратою размаху, і ў беларускай літаратуры зьяўляюцца першымі вялікімі палотнамі. „Новая зямля“ Якуба Коласа дае нам багаты вобраз усебаковага жыцьця беларускага селяніна, пачынаючы ад калыскі і канчаючы магілаю. У ёй яскрава абмалёваны ўсе пэрыпэтыі гэтага жыцьця, пададзены сакавітыя малюнкі беларускае натуры і выведзена спаконная думка — імкненьне героя поэмы „найсьці новую зямлю“. Старая зямля — гэта вастрог, цесны і пакутлівы, як і ўся дарэволюцыйная Беларусь. Жыць на старой зямлі робіцца не пад сілу. Трэба дамагацца новае зямлі, на якой-бы можна было пабудаваць і новае вольнае жыцьцë — вось ідэя поэмы „Новая Зямля“.
Але сваю поэму Якуб Колас пісаў на працягу доўгіх гадоў да рэволюцыі. З гэтае прычыны ў „Новай зямлі“ слаба адчуваецца дынаміка рэволюцыйнага пачуцьця, і самы процэс адшуканьня зямлі героем поэмы паказваецца ў эпічных настроях. Тым ня меней, сіла і глыбіня здольнасьці Якуба Коласа робіць гэты яго твор клясычнаю рэччу.
У першай частцы „Сокі цаліны“ — „Бацькава воля“ Цішкі Гартнага адбіваецца жыцьцё местачковае моладзі, зачэпленае соцыялістычнымі ідэямі, якія формуюць з яе будучых ваяк за соцыяльнае і нацыянальнае перабудаваньне Беларусі. Водлуг гэтае асноўнае думкі ідзе апісаньне тых клясавых супярэчак, якія заўсёды справодзіліся ў мяшчанска-сялянскім быту суадносінамі паміж багатаю (кулацкаю) часткаю мяшчанска-сялянскага насельніцтва і яго бяднейшымі прадстаўнікамі. „Завіруха“ М. Чарота цалкам зьявілася водгукам на падзеі новага жыцьця і служыла падставаю для разьвіцьця маладой, рэволюцыйнай плыні ў беларускай літаратуры. М. Чарот гэтак піша ў прадмове да свайго зборніка: „Мой зборнік — хутчэй дынаміка, чым статыка“. Ён адбітак таго, што перажываў аўтар ня толькі як наглядчык рэволюцыйнай завірухі, але як і непасрэдны яе ўдзельнік. А Цішка Гартны свае „Песьні працы і змаганьня“ прысьвяціў тым таварышом, „якія змагаліся і змагаюцца за пабудову Беларускае Савецкае Соцыялістычнае Рэспублікі“.
Мы засыпаны сьнежнымі іскрамі, |
кажа М. Чарот ва ўступным сваім вершы „Завіруха“.
І на „Крык сонцу“ М. Чарота чула адгукаюцца падарожнікі поэты… Яны зьлятаюцца восеньню 1922 г. на сьвятло першага марксыцкага беларускага часопісу „Полымя“. Часопіс першым выкінуў лёзунг аб‘яднаньня беларускіх культурных сіл вакол марксыцкага сьветапагляду для савецкага будаўніцтва Беларускай рэспублікі рабочых і сялян. „Полымя“ паставіла заданьнем выхаваць веру ў правовасьць і ў сілу ленінскага методу вырашэньня нацыянальнага пытаньня. Выйсьце першага нумару часопісу засьведчыла, што беларуская літаратура ў поўным складзе яе будаўнікоў шчыльна падышла да гэтага.
1923 і 1924 г. канчаткова замацавалі савецкую ідэю наогул ва ўсіх галінах беларускае пасьлярэволюцыйнае культуры і прыватна ў беларускай літаратуры. І старыя і маладыя пісьменьнікі сышліся на аднэй пляцформе і з аднакавай энэргіяй прыняліся за працу. К гэтаму часу не асталося ў беларускай літаратуры ніводнага пісьменьніка, які-б шукаў іншых шляхаў да беларускае будучыні. Тыя, каму незьясьнëнымі паказаліся грандыёзныя праявы рэволюцыйнай завірухі, сышлі з літаратурнае арэны: адны памёрлі, хаваючыся ў Польшчы (Алесь Гарун — 1920 г., Ядвігін Ш. — 1922 г.), іншыя залажылі леру на траму; тыя-ж, хто хоць і ня зразу, а разабраўся ў падзеях часу, пашлі на спатканьне будучыні цьвёрдымі крокамі.
*
Але і з тэй агульна-рэволюцыйнай афарбоўкі беларускай літаратуры, якая стабілізавалася ў 1924 г., выдзяляюцца паасобныя рэчы, орыгінальныя па сіле і моцы рэволюцыйнага пачуцьця, заложанага ў іх. Найболей яскравай формацыяй гэтага роду ёсьць поэма М. Чарота „Босыя на вогнішчы“. Гэта поэма нарабіла шмат гоману пры сваім выйсьці ў сьвет у 1922 г.; ей было пасьвечана многа крытычных нарысаў і дыспутаў. М. Чарот у „Босых на вогнішчы“ малюе ў яскравых, сакавітых фарбах вобразы змаганьня бядняцкіх элемэнтаў за вызваленьне Беларусі з-пад польскае окупацыі. Перад чытачом праходзяць поўныя хараством і сілаю здарэньні гэтага пэрыоду ў жыцьці Беларусі. Апроч глыбіні думак, поэма прыцягае да сябе і навізною пабудовы вершу, сваім стылем і дынамікай.
„Босыя на вогнішчы“ паслужылі штырхачом да выяўленьня шырокае пролетарскае плыні ў творчасьці беларускіх пісьменьнікаў. „Маладняк“ — аб‘яднаньне поэтаў, якія прышлі ў літаратуру пасьля Кастрычніка, фактычна стаў калыскаю гэтае плыні. Цэлы шэраг маладых пісьменьнікаў, увайшоўшых у гэта аб‘яднаньне, пасьпелі выявіць сябе на працягу бліжэйшага году. Ужо ў 1923 г. беларускаму чытачу былі добра вядомы гэткія здольныя пісьменьнікі, як: А. Александровіч, А. Дудар, М. Зарэцкі і інш.
„Маладнякоўцы“ ў сэнсе мастацкага разьвіцьця і колькасных вынікаў свае працы дасягнулі вялікіх посьпехаў. На працягу 1924—1927 г. г. імі выдадзена да пяці дзесяткаў зборнікаў вершаў і прозы, да трыццаці нумароў часопісу „Маладняк“.
Паміма літаратурнае працы „Маладняк“ правёў вялікую грамадзка-выхаваўчую работу. Ён зорганізаваў вакол сябе шырокія колы беларускае моладзі, выявіў з яе шэраг здольных ядынак. Філіі „Маладняка“, раскіданыя па ўсёй Беларусі, у сваю чаргу разьвілі шырокую выдавецкую працу шляхам друку часопісяў і зборнікаў апавяданьняў ды вершаў. З першымі трыма гадамі (1924—26) існаваньня і працы „Маладняка“ зьвязаны асабліва бурлівы пэрыод у разьвіцьці беларускае літаратуры. Адкідаючы адмоўныя бакі маладнякоўскай чыннасьці за паказаны пэрыод, нельга не аддаць павіннага яго багатым дадатным баком.
Аднак паглыбленьне соцыялістычнага будаўніцтва, унёсшага рэзкую дыфэрэнцыяцыю ў ідэолёгічную яго надбудову, рашуча адбілася на далейшым існаваньні „Маладняка“. Сабраўшы пад свае шаты рознастайных па настрою і па пахаджэньню маладых пісьменьнікаў, „Маладняк“ ачуўся ў ідэолёгічных супярэчнасьцях унутры сябе, і ў пачатку 1926 году распаўся надвая. З яго шэрагаў вышла правае, сялянскае крыло пісьменьнікаў, згуртаваўшы пасьля новую пісьменьніцкую організацыю „Узвышша“. Гэта організацыя, пад выглядам змаганьня за якасьць літаратурнае творчасьці, фактычна пачала культываваць адмоўныя бакі „Маладняка“, паступова сышоўшы ў нізіны выразнага ўпадніцтва, пустых вобразаў і містычных настрояў. У супроць ім пісьменьнікі, што засталіся ў „Маладняку“, сваёю далейшаю працаю сталі на другім полюсе, вядучы сваю творчасьць усьцяж соцыялістычнага будаўніцтва. Але, ня гледзячы на гэта, надалей „Маладняку“ ў яго першапачатковым выглядзе захавацца ня прышлося. Ён паступова занепадаў, калоўся і к канцу 1927 году быў сышоў на нішто. Не ўдаваліся частыя спробы заснаваньня і іншых пісьменьніцкіх організацый, як „Пробліск“ і „Літаратурная комуна“. Першая з гэтых організацый нічым сябе не праявіла, а другая абмежавалася ўсяго выданьнем двух нумароў свайго часопісу „Росквіт“
*
На працягу паказанага пэрыоду дыфэрэнцыяцыі маладых пісьменьніцкіх сіл старэйшыя беларускія пісьменьнікі частка навейшых стаялі ў баку ад пералічаных аб‘яднаньняў. Формальна яны не уваходзілі ні ў якую організацыю, а фактычна ядналіся вакол часопісу „Полымя“. Іх творчасьць, аднак, нясупынна разьвівалася, шчыльна падблізіўшыся да рэволюцыйна-пролетарскіх настрояў. Час-ад-часу выданьнем зборнікаў сваіх твораў яны засьвядчалі гэта перад шырокімі коламі работніцка-сялянскіх гушчаў. „Безназоўнае“ Янкі Купалы, „На прасторах жыцьця“ Я. Коласа, „На зломе“ Я. Нёманскага, поэмы М. Грамыкі („Лясьнічанка“, „Сямімільнымі крокамі“ і інш.) па ідэолёгічнаму зьместу і па мастацкаму аформленьню зьяўляюцца асноўнымі першаякаснымі творамі ў беларускай сучаснай літаратуры. Дзякуючы гэтаму і цэламу раду іншых прычын, перад старэйшымі і часткаю маладзейшымі пісьменьнікамі паўстала пытаньне пра заснаваньне свайго асобнага аб‘яднаньня. Апошняе і было заложана ў канцы 1927 г. пад назваю „Полымя“. Аб‘яднаньне „Полымя“ паставіла сваім заданьнем, вясьці сваю творчасьць водлуг соцыялістычнага будаўніцтва, яднаючы яе з шырокімі гушчамі працоўных. Першыя часы чыннасьці „Полымя“ паказалі вялікую працаздольнасьць аб‘яднаньня і кіруючую ролю яго працы ў беларускай літаратуры.
Гэтым як-бы закончылася перагрупаваньне беларускіх літаратурных сіл. Перад беларускаю літаратураю зараз адчыняецца новая паласа сталага сур‘ёзнага соцыялістычнага будаўніцтва. Адкідаючы ўсё наноснае і часовае, яна горда накіроўвае ў сьветлае наступнае.
*
Буйнае разьвіцьцё ў Савецкай Беларусі беларускае культуры наогул і літаратуры ў прыватнасьці не магло ня ўплываць на выяўленьне і ўздым культурнае чыннасьці і ў Заходняй Беларусі. Ня гледзячы на ўсе рэпрэсіі з боку польскае окупацыйнае ўлады ў адносінах да беларускага культурнага руху, гэты апошні ні на момант ня спыняўся. Поруч з нараджэньнем і існаваньнем беларускае прэсы, сякіх-такіх выдавецтваў, лічаных навучальных устаноў, пускала парасткі і беларуская літаратура. Праўда, цяжкія ўмовы існаваньня беларускіх працоўных гушчаў, іх бязмоцнасьць у справе матэрыяльнага падтрыманьня сваіх культурных організацый, а таксама адцягненасьць энэргіі рабочых і сялян у бок політычнага змаганьня не дазваляюць гэтым парасткам замацавацца. Тым ня меней на працягу апошніх дзесяці гадоў мы можам адмеціць факт зьяўленьня шэрагу поэтаў і пісьменьнікаў у Заходняй Беларусі.
Сярод іх маюцца і досыць выдатныя па сваёй здольнасьці, ужо ўнёсшыя ў беларускую літаратуру багатыя ўклады. Да ліку апошніх трэба першым чынам залічыць таленавітую поэтэсу Наталю Арсеньневу. Яе зборнік вершаў, нядаўна вышаўшы з друку „Пад сінім небам“ сьведчыць аб незаўраднасьці поэтыцкіх здольнасьцяй яго аўтара. Наталя Арсеньнева — пераважна поэта-лірык. У яе творах пераважае сумны настрой, індывідуальныя перажываньні; але з мастацкага боку яны ня ўступаюць якасьці творам многіх ляпейшых беларускіх пісьменьнікаў.
Апроч Наталі Арсеньневай, трэба адмеціць яшчэ Сваяка, І. Дварчаніна, Салагуба і інш., якія сваёю творчасьцю падтрымліваюць разьвіцьцё беларускае літаратуры ў Заходнай Беларусі.
Маюцца літаратурныя пачынаньні і ў Латвіі. Некалькі часу таму назад у Рызе вышаў зборнік вершаў маладых беларускіх пісьменьнікаў, на які даны былі водгукі ў шэрагу латыскіх газэт. Сярод іх зьвяртаюць на сябе ўвагу Н. Казлоўская, Я. Воркуль, А. Бартуль і інш. Але і латыскія ўмовы мала спрыяюць культурнаму ўздыму беларускай меншасьці. З гэтае прычыны і праявы нараджэньня беларускае літаратуры ў Латвіі ўпіраюцца ў моцныя перашкоды. Сярод іншых перашкодаў, асноўнаю зьяўляецца адсутнасьць беларускае газэты ці часопісі, на старонках якіх маглі-б друкавацца пачынаючыя беларускія пісьменьнікі. У сваіх творах, зьмешчаных у адзначаным зборніку, аўтары яго выліваюць балючую скаргу на цяжкі лёс, у якім апынулася беларуская бядняцка-сялянская меншасьць у Латвіі. І хоць гэтыя творы пакуль далёкі да мастацкай дасканаласьці, затое яны поўны непасрэднага пачуцьця і зьяўляюцца адзнакай культурнага абуджэньня адарванай ад Савецкай Беларусі часткі беларускага насельніцтва.
*
Водлуг разьвіцьця прыгожага пісьменства расьце і мацнее беларуская крытычная літаратура. Ужо пачынаючы з часу Кастрычнікавае рэволюцыі, мы наглядаем за зьяўленьнем у друку шэрагу крытычных прац. Гэтак у Вільні А. Навіна выдае сваю кніжку „Нашы песьняры“, дзе разьбірае творчасьць раду беларускіх пісьменьнікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Максіма Багдановіча, З. Бядулі, Канстанцыі Буйлы. У 1920 годзе выходзіць з друку праца Ў. Ігнатоўскага „Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі“, у якім адводзіцца шмат месца разбору творчасьці беларускіх пісьменьнікаў. Спусьціўшы год Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі выдае новую кніжку У. Ігнатоўскага „Мотывы лірыкі беларускага песьняра М. Чарота“. У гэтай працы У. Ігнатоўскі ўсебакова разглядае першыя творы таленавітага поэты, грунтоўна даводзячы думку, што „мотывы М. Чарота робяць яго лірыку цікаваю як для працоўнай беднаты Беларусі так і для працоўнай беднаты ўсіх краёу“. З выйсьцем часопісі „Полымя“ на яго старонках пачынаюць зьяўляюцца крытычныя артыкулы Ў. Дзяржынскага, М. Піотуховіча, М. Байкова, З. Жылуновіча. Паступова ў беларускай літаратуры афармляецца значны асяродак крытыкаў, працы якіх ахопліваюць як агульныя зьявы ў жыцьці беларускай літаратуры, гэтак і творчасьць паасобных пісьменьнікаў. К бягучаму часу ў аналах беларускае крытычнае літаратуры маецца шмат каштоўных рэчаў, як працы проф. Піотуховіча „Беларуская літаратура“ і нарысы ў часопісах (пра творчасьць М. Багдановіча, Ц. Гартнага і інш.), У. Дзяржынскага (пра творчасьць Я. Купалы, Я. Коласа і інш.), проф. І. Замоціна (пра творчасьць Я. Купалы, М. Багдановіча і інш.), М. Байкова (пра творчасьць Ц. Гартнага, Н. Арсеньневай, Я. Купалы, і інш.), Тод. Глыбоцкага. Пры гэтым характэрна тое, што беларуская крытыка ў аснове сваёй соцыолёгічна-марксыцкая. Беларуская літаратура вывучаецца ёю з пункту гледжаньня яе настраëвасьці, зьместу ідэолёгічнай насычанасьці. Формальны бок закранаецца ўдругарадзь. І гэта зусім зразумела, калі прыняць пад увагу тое, што беларуская літаратура нашых дзён набывае значэньне аднаго са складаных і досыць важнага фактару ў справе соцыялістычнага будаўніцтва. Формальная крытыка, маючы на ўвазе голую ўгонку за эстэтыкай, зараз занепадае нават ва ўмовах разьвіцьця расійскае літаратуры. Тым болей для яе цясьней прабіцца ў абставіны беларускія.
У цалку, беларуская крытыка, як і беларускае прыгожае пісьменства, значна вырасла, набыла сталасьць і важкасьць, адпаведныя гэтаму роду літаратуры. На далейшае яе разьвіцьцё маюцца ўсе даныя, закладзеныя ў фактары культурнага росту БССР, як надстройкі яе бурлівага экономічнага разьвіцьця ва ўмовах соцыялістычнага будаўніцтва.
- ↑ Кастусь Каліноўскі — сын дробнага ўрадавага служкі, беларус-рэволюцыянэр, стаўшы ў часы польскага паўстаньня на чале „Чырвонага Жонду“ (рэволюцыйнага ўраду). Ён выкінуў лёзунг незалежнай Беларусі.
- ↑ Янка Лучына болей пісаў папольску. Пабеларуску ён напісаў некалькі дзесяткаў вершаў, якія выданы зборнікам пад назваю „Вязанка“.
- ↑ Да рэволюцыі апроч Янкі Купалы, выдалі свае творы: Цішка Гартны „Песьні“ — Пецярбург; Зьмітрок Бядуля „Абразкі“ — Пецярбург; Якуб Колас „Песьні жальбы“, „Нёмнаў дар“ і інш.; М. Багдановіч „Вянок“ і інш.
- ↑ М. Багдановіч адзін ад сваіх равесьнікаў меў мажлівасьць скончыць гімназію і вучыцца ў ліцэі.