Урачыстае ўшанаваньне беларускага нацыянальнага песьняра і пісьменьніка Янкі Купалы (Журба)

Урачыстае ўшанаваньне беларускага нацыянальнага песьняра і пісьменьніка Янкі Купалы
Рэпартаж
Аўтар: Янка Журба
1922
Крыніца: Адраджэньне, №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Урачыстае ўшанаваньне беларускага нацыянальнага песьняра і пісьменьніка Янкі Купалы.

19-га сакавіка сёлета ў актавай залі Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытату адбылося ўрачыстае ўшанаваньне беларускага нацыянальнага песьняра і пісьменьніка Янкі Купалы.

Урачыстасьць пачалася афіцыяльным пасяджэньнем, якое адчыніў рэктар азначанага ўнівэрсытэту праф. В. І. Пічэта.

У сваёй устуннай прамове ён сказаў, што зараз выяўлены ўсе адзнакі ў творчасьці Янкі Купалы, па якім беларусы маюць права лічыць яго вялікім беларускім нацыянальным пісьменьнікам. Адзначыўшы, што Я. Купала мае для беларусаў такую вартасьць, як Т. Шаўчэнка для ўкраінцаў, А. Міцкевіч для палякаў і А. Пушкін для расійцаў, паважаны прафэсар правёў паралель між творчасьцю Я. Купалы і творчасьцю ўкраінскага нацыянальнага песьняра і яскрава давёў, што значэньне Я. Купалы для беларускай літаратуры шмат большае, чымся значэньне Т. Шаўчэнкі для ўкраінскай літаратуры.

З другім дакладам выступіў лектар Унівэрсытату М. Я. Пятуховіч. Яго даклад быў самым вялікім і багатым па зьместу і захопліваў размаітыя бакі творчасьці Я. Купалы. Даклад зьявіўся запраўднай навуковай лекцыяй аб творчасьці шаноўнага пісьменьніка і заслужвае таго, каб спыніцца на ім падрабязьней. Шкада толькі, што даклад быў сказаны не ў беларускай мове.

Разглядваючы досыць падрабязна творчасьць Я. Купалы, дакладчык адзначыў, што ён зьяўляецца выдатным індывідуалістам, і, як у індывідуалісты, у яго творах прыкмячаецца самаўглыбленьне і імкненьне к адзіноцтву. Пясьняр цешыцца прыродай — гэтай невысыхаючай крыніцай чыстай радасьці.

У параўнаньні з расійскімі пісьменьнікамі-індывідуалістамі; (К. Бальмонт, Ф. Салагуб. і інш.) творчасьць Купалы знаходзіцца на больш жыцьцёвым грунце з тэй прычыны, што адзначаныя расійскія індывідуалісты ў шмат якіх сваіх творах сталі на няпэўны шлях дэкадэнства, якое не расквятнеўшы памёрла. Купала-ж, на вялікую карысьць для беларускай літаратуры, зусім ухіліўся ад такога шляху. Яго індывідуалізм, па думцы дакладчыка, знаходзіцца ў цеснай сувязі з агульна-грамадзянскім настроем. З адзначанага кірунку Я. Купала ня выходзіць у працягу ўсяе свае літаратурнай дзейнасьці.

Далей С. Пятуховіч адзначыў, што ў Я. Купалы ёсьць нешта супольнае з расійскім пісьменьнікам Лермантавым, як, напрыклад, самаўглыбленьне і імкненьне к адзіноцтву, але гэта зусім ня значыць, што ён пазычыў думкі з твораў расійскага пісьменьніка.

У многіх сваіх вершах Я. Купала зьвяртаецца к слаўнаму мінуламу сваей Бацькаўшчыны і шчыра сумуе, што ў часе царызму ў розных галінах жыцьця Беларусі прыкмячаецна поўны заняпад і панаваньне цемры, калі прыходзілася толькі марыць аб залатой волі.

Моцным і яскравым пратэстам супроць усіх цёмных сіл, якія бязьлітасна прыгнячалі ў гэтыя часы беларускі народ, зьявіўся мастацкі верш «Ворагам беларушчыны».

Абмаляваньню цяжкага палітычнага і эканамічнага стану беларусаў, пісьменьнік пасьвячае шмат сваіх вершаў і даходзіць у некаторых з іx да праўдзівага рэвалюцыйнага пафосу. Выхал з палітычнага тупіку, у якім доўгі час знаходзілася Беларусь, Я. Купала бачыць толькі адзін — гэта ўпартае рэвалюцыйнае змаганьне. Яго творы заклікаюць беларусаў на вялікі сход, пад якім разумеецца нішто іншае, як рэвалюцыя. Найбольш выяўна гэты кліч прыкмячаецца ў яго драме «Раскіданае гняздо».

Малюючы цажкі палітычны і эканамічны стан Беларусі, пясьняр не заплюшчывае вачэй і на прыродныя заганы роднага яму беларуса. З некаторых яго твораў відаць праконаньне песьняра ў тым, што кожны чалавек у значнай меры, каваль свайго шчасьця. Грунтуючыся на гэтым праконаньні, пясьняр даводзіць, што шмат якія няшчасьці беларуса залежаць ад яго ўласнай нядбаласьці і адсутнасьці моцнай волі.

Паміж гарачых закліканьняў к барацьбе за лепшае жыцьцё. Я. Купала ў сваіх творах часта імкнецца ўвысь ―к сонцу і зорам―і адтуль сумна аглядае цярнёвы шлях, па якім ён вёў свой родны народ з цяжкае няволі.

Сымбалізм так-сама займае, па думцы дакладчыка, выдатнае месца ў творах Я. Купалы. Так, напрыклад, раскіданае гняздо беднай беларускай сям'і, апісавае ў драме пад тэй-жа назвай, зьяўляецца вялікім сымбалем шмат вякоў пакутуючай Беларусі. Адзін з гэрояў драматычнай поэмы «Сон на кургане»―Сам ёсьць ніхто іншы, як беларус, каторы шукае свайго шчасьця.

Пасьля М. Пятуховіча зрабіў даклад на беларускай мове аб сацыяльна-палітычных матывах у творах Я. Купалы прафэсар Унівэрсытэту У. М. Ігнатоўскі.

У пачатку свайго дакладу ён адзначыў, што беларус спрадвеку быў прадстаўніком працоўнай клясы, і таму сацыяльна-палітычнае адраджэньне беларускага народу зьяўляецца адным з галоўных матываў творчасьці Я. Купалы. Яго нацыяналізм заўсёды грунтуецца на сацыяльных пытаньнях. Гэты нацыяналізм нідзе не выглядае ў песьняра, як нешта асобнае, а заўсёды знаходзіцца ў цеснай сувязі з думкамі аб родным народзе і яго палтычна-сацыяльным становішчы. Вышэй за ўсё пясьняр ставіць працу, якая зьмяняе нават самы выгляд зямлі. Aпіcваючы ў сваіх творах жыцьцё беларуса з усіх бакоў, пясьняр бачыць прычыны яго цяжкага стану ў нацыянальнай няволі, у безьзямельлі, у поўнай залежнасьці ад панскай ласкі, у адміністрацыйным уціску, у несьвядомасьці і цемнаце. Соцыяльна-політычны элемэнт знаходзіцца ў большасьці лепшых вершаў Я. Купалы і выяўна характарызуе яго, як аднаго з магутных правадыроў беларускага народу на шляху к сучаснаму сацыяльнаму яго адраджэньнню.

Наступны дакладчык прафэсар Вазьнясенскі гаварыў аб сувязі лірыкі Я. Купалы з народнай творчасьцю. Дакладчык адзначыў, што як у народнай поэзіі, гэтак і ў творах Я. Купалы зьяўляюцца адны і тыя-ж матывы.

Нарэшце выступіў З. С. Кацанбогін, які ў сваім цікавым дакладзе адзначыў, што лірыка Я. Купалы зьяўляецца надта правідловай люстрай жыцьця беларускага народу. Сваё галоўнае лірычнае натхненьне пясьняр чэрпае з адвечнай пакуты беларусаў і зьяўляецца вельмі выдатным ідэолёгам нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Ідэя нацыянальнага адраджэньня, па словах дакладчык, вьяўляецца лейт-матывам усёй яго творчасьці. У гэтым дакладчык бачыць вялізарную заслугу песьняра перад Бацькаўшчынай.

Далей адбылася літаратурна-вакальная часьціна ўрачыстасьці, якая пачалася сьпевам міжнароднага гымну.

У літаратурна-вакальнай часьціне прыймалі ўдзел артысткі і артысты Беларускага дзяржаўнага Акадэмічнага Тэатру, а таксама і хор памяненага Тэатру.

Дэклямацыя і сьпевы—музыкі Ул. Тэрраўскага —складаліся выключна з твораў Я. Купалы.

Як сьпевы, гэтак і дэклямацыя былi выкананы вельмі добра.

У канцы літаратурна - вакальнай часьцiны по просьбе арганізатараў урачыстасьці, Я. Купала прачытаў свой уласны верш «Перад будучынай». Як толькі шаноўны пясьняр узыйшоў на катадру, публіка зрабіла яму вялiзарную, бурную авацыю.

Пасьля гэтага студэнт Унівэрсытэту, малады пясьняр Мiхась Зарніца з шчырым пачуцьцём прадэклямаваў уласны верш, прысьвячоны услаўляемаму песьняру пад назвай «Вялікаму песьняру Бацькаўшчыны».

Урачыстасьць скончылася сьпевам беларускае марсэльезы «Ад веку мы спалі»...

Актавая заля Унівэрсытэту была перапоўнена самай размаітай публікай, якая прыйшла ўшанаваць беларускага нацыянальнага песьняра.

Вiдаць было, што ўрачыстасьць зрабіла моцнае ўражаньне на публіку, якая з захопліваючай цікавасьцю слухала даклады, сьпевы i дэклямацыю.

Сярод публiкi адчуваўся ўзвышаны настрой. Наўкол у залі, у часы антракту, была чутна беларуская мова.

У вокны залiлiлiся моцныя праменьні сонца. І хоць на вулiцы была яшчэ поўная зiма, але па ўсяму вiдаць было, што ўжо хутка прыйдзе жыватворная, сьветлая вясна.

Прадвясновае сонца сярод зімовай прыроды, якое так яскрава сьвяціла ў гэты дзень, зьявiлася вялiкiм сымбалем нацыянальнага адраджэньня Беларусі, якое, ня гледзячы на ўсе перашкоды, iдзе магутнымі крокамі наперад.

Я. Журба.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.