Урачыстае ўшанаваньне беларускага пісьменьніка Якуба Коласа (Журба)
Урачыстае ўшанаваньне беларускага пісьменьніка Якуба Коласа Рэпартаж Аўтар: Янка Журба 1922 Крыніца: Адраджэньне, №1 |
Урачыстае ўшанаваньне беларускага пісьменьніка ЯКУБА КОЛАСА.
30 красавіка бягучага году у актавaй залi Беларускага дзяржаўнага Унівэрсытэту адбылося ўрачыстае пасяджэньне Рады Унівэрсытэту, ахвярованае ўшанаваньню беларускага пісьменьніка Якуба Коласа. Заля была перапоўнена зацікаўленым грамадзянствам, амаль выключна беларускім.
Урачыстасьць адчыніў Рэктар Унівэрсытэту прафэсар Пічэта. У яго кароткай прамове была вiдаць шчырасьць да беларускага адраджэньня. Прафэсар адзначыў, што Якуб Колас, як нацыянальны пісьменьнік, у навейшай беларускай літаратуры займае першае - побач з Янкам Купалам месца. Твор, часьць яго вельмі багатая і рознакаляровая і зьяўляецца выяўленьнем думак і настрою сялянства.
Я. Колас мае вялікае значэньне для беларускага народу ня толькі як мастак-пісьменьнік, але і як грамадзянскі дзеяч, прымаўшы ўдзел у політычным жыцьці народу і ў барацьбе за яго культурна-нацыянальнае вызвалельне. Ён ясна бачыў, і голасна казаў што дзеля разьвіцьця народу, дзеля дасягненьня лепшай будучыны патрэбна яму школа ў яго роднай мове.
Я. Колас быў сябром апазыцыйнага Настаўніцкага Саюзу, разам з якiм у часы царскай рэакцыi папаў на лаўку падсудзімых і тры гады адпакутаваў у турме, ня страціўшы вызваленчаскіх ідэй і каханьня да роднага прыгнечанага народу.
Прысутныя ў залі грамадзяне гучнымi воплескамі віталі пісьменьніка, які, па запрашэньню старшыні, заняў пачэснае месца ў прэзыдыуме.
Даклады аб жыцьці і творчасьці Я. Коласа зрабілі: прафэсар Ігнатоўскі на тэму «Аснаўныя моманты жыцьця Я. Коласа», лектар Пятуховіч «Я. Колас, як нацыянальны пісьменьнік» і лектар Лёсiк ― «Нацыянальны элемэнт у творчасьцi Я. Коласа».
Якуб Колас, яб абмалёўвалi дакладчыкі, сын беднага селяніна Менскага павету, в. Мікалаеўшчыны. Радзіўся ён у суседняй вёсцы, куды матар'яльныя недахваткі змусілі выехаць яго бацькоў у заработкі. Няпрыемнасьць уласнага жыцьця павялічвалася ад няпрыемнасьці агульнай наўкол яго. Пры гэткіх абставінах зарадзілася ў сэрцы будучага пісьменьніка моцнае каханьне да свайго беднага прыгнечанага народу, да роднай, маляўнічай прыроды любоў, якая мела рашучае значэньне ў кірунку яго далейшага жыцьця і творчасьці.
Будучы выхаванцам Несьвіскай Настаўніцкай Сэмінарыі, ён складаў апазыцыю таму «вытравленьню языка», якое звычайна рабілася ў сэмінарыях, насьмешках з беларускай мовы, як з мужыцкай. Завяршаючы пратэст свайго абуранага сэрца на пасадзе настаўніка, яму прышлося перажыць увесь цяжар прасьледаваньня царскага жандара, а пасьля і трохгадовую турму. Няма чаго і казаць, як цяжка адбілася на яго псыхіцы і здароўі гэтае здарэньне. Але Я. Колас ня страціў сярод цяжкіх зьдзекаў каханьня да свайго народу: наадварот, сэрца яго яшчэ больш загартавалася, аб чым сьведчыць сучасная яго творчасьць.
Грунтоўная асаблівасьць творчасьць Я. Коласа―апісаньне прыроды Бацькаўчыны, як «маладой-беспасажніцы», розных бакоў быту роднага народу, выяўленьне яго псыхікі і філёзофіі. Пісьменьнік жаліцца на няшчасную долю беларуса, на яго беднасьць і прыгнечанасьць. Толькі на могілках знойдзе працоўнік сабе адпачынак; і могілкі нават выяўляюць малюнак беднаты і разбуранасьці.
Але пісьменьнік ня траціць надзеі на лепшую будучыну беларуса―селяніна. Рознакаляровымі малюнкамі і ласкавым юмарам ён стараецца падбадрыць сваіх братоў, загартаваць у іх сэрцы каханьне да ўсяго роднага.
Дакладчыкі аднагалосна жадалі Я. Коласу дачакаць поўнага адраджэньня любімага ім народу, і спадзяваліся, што гэты шчасьлівы момант хутка настане, і пісьменьнік будзе сьпяваць радасныя гымны вольнаму, шчасьліваму народу. Прысутныя ў залі далучыліся да гэтага пажаданьня моцнымі аплёдысмэнтамі.
Пасьля дакладаў, Я. Колас, па просьбе старшыні ўрачыстасьці і прысутных грамадзян, прачытаў новы свой твор, адрывак з поэмы «Новая Зямля», які ўсе слухалі з вялікім захапленьнем і цікавасьцю.
Беларускі хор Равінскага выпаўніў некалькі вершаў Коласа, паложаных на музыку, і пад сьпеў інтэрнацыяналу і беларускай марсэльезы «Ад веку мы спалі», прысутныя разыйшліся, выносячы ў сэрцы вялікі пад'ём, прадбачачы набягаючыя гадзіны поўнага росквіту роднай культуры.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.