Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць жыцьця/Зьлітасьць

Пакуль жыў — для мяне Зьлітасьць
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
Зімняе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зьлітасьць.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗЬЛІТАСЬЦЬ

Я ляжу, як у шоўку, у сьвежай траве
І гляджу у бяздоннае неба, у далі,
А разьвістыя думкі снуюць ў галаве
І плятуць сеткі мар, што у сэрцы запалі,
І кіпіць пачуцьцё, як бурлівыя хвалі.

Матылькі нада мною трасуцца, снуюць
З сьцебялькоў на лісточкі гасьцінна садзяцца,
Паяскі свайго лёту мінутныя ткуць,
І вось-вось прагнуць скрыдламі твару кратацца,
Каб са мною, прышэльцам, ды ім, прывітацца.

Мне пяюць незгамонна, мне граюць наўкол
Перапёлкі, цвыркунчыкі, стрэлкі і восы,
І зьяўляецца з песьнямі іх лёгкакрылы Эол,
Рассыпаючы сонца махрыстыя косы
На зялёныя травы, на жыта палосы;

Ён вядзе па траве нячуваны вятрок,
І былінкі, і кветкі, і мохрык мятліцы
На мяне пахіляюць уважлівы ўзрок, —
За аднэю адна ка мне мкнуцца схіліцца,
Усё завуць, ўсё маняць да сябе прыхіліцца.

І я кідаю ўзрок навакол, як дзіця,
Прагна рвуся аддацца бяскрайнай свабодзе,
Каб быць там, дзе дрыжыць калыханьне жыцьця,
Дзе нябачны, а моцны развой яго ходзе,
І ня чуць ад нікога ніколі сібернага „годзе“.

Сьляпянка, 31/V-25 г.