Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць жыцьця/Зімняе

Зьлітасьць Зімняе
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
Восеннае
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зімняе (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗІМНЯЕ

Ў шэрані мяккай дзярэўцы
Гойдаюць ціха галінкі,
Ў сонечным промені мкнуцца
Лётам павольным сьняжынкі
Зайца сьляды, як сьцяжынкі,
Сплётам заблытаным ўюцца…

Поле ў бялюткай сукенцы
Мёртвую ціш пераймае…
Сонца ўсё ніжай ступае —
Цені лахматыя доўжыць,
Промень чырвоную ложыць
Стужкамі доўгімі к сьнегу…

Вецер, схаваўшы адлегу,
Туліцца к кусту, у нетры…
Зырка-блішчастым галёнам
Рэзьвяцца кропкі-сьняжынкі,
Сонцу сьмяюцца, а ветру
Шлюць свае шэпты, уклоны.

Змоўклі крыкухі-вароны,
Заяц залез у гушчэчу,
Дрэўцы стаяць не трапечуць
Ўбраных сьвятошне галінак:
Шкода махнатых сьняжынак —
Гэтага стройнага ўбраньня…
Хто яго нанаў апране?

Тухне ўжо сонца сіяньне —
Сіняе неба празрысьцей,
Зорка за зоркай ірдзісьцей,
Сьвечкамі ў вечным ліхтары,
Сьвецяць на лес, на абшары,
Сонцу шлючы удагонку
Срэбнага сьветла палойку…

16/I-24 г.