Урачыстыя дні (1930)/Прадмова

Прадмова
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1930 год
На спатканьні гадоў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Урачыстыя дні (Глебка, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

Мінае дзень, а ноч на зьмену,
у прыгажосьці і красе,
зусім інакшай і адменнай,
падходзіць бліжай пакрысе.

І сіні змрок чарнее вомірг,
і загараецца зара.
Туманна-вострая утома
прышла на нервах паіграць.

*

Мінае ноч, а дзень на зьмену,
у прыгажосьці і красе,
зусім інакшай і адменнай,
падходзіць бліжай пакрысе.

Празрыстасьць ясная навокал,
і залатога сонца круг,
а ноч пашла, а ноч далёка —
руплівасьць працы ў зьвівах рук.

*

Адходзяць так — за хваляй хваля —
за ноччу дзень, і ноч за днём:
то сон утомаю люляе,
акрыўшы ветліва крылом;
то праца рупная нэрвуе,
імклівасьць родзіцца тады.
І дзень за днём у даль вяслуюць,
за імі месяцы, гады.

*

Але бываюць дні, што строгі
парадак рушыцца да ног:
дні успамінаў і жалобы,
дні рэволюцый, перамог.

Я слаўлю гэту урачыстасьць,
я слаўлю выбраныя дні,
калі ў праменях залацістых
над краем вольным і квяцістым
гараць сьвяточныя агні.