НА СПАТКАНЬНІ ГАДОЎ
сцэны з жыцьця
I
ПЕРАД НОВЫМ ГОДАМ
Белы сьнег на кустох, быццам белыя ружы,
што ўначы расьцьвілі пры спатканьні гадоў.
Зварухнецца гальлё і сьняжынкі цярусіць,
і здаецца пялёсткі спадаюць на дол.
Я люблю урачыстую гэту бялёвасьць,
што прыносіць у сьнежні з сабою зіма:
выдаецца ўсё чыстым і сьветлым, і новым,
і празрыстым такім, як вясновы туман.
*
Ужо дзень адышоў. Ноч агні запаліла.
Скалыхнуўся ў пакоі маім нечы цень, —
увайшоў чалавек:
— Ты ня чуў пра ухілы? —
папытаўся адразу, пасьля: „добры дзень!“
— Што ты, дружа, такі заклапочаны сёньня —
пераблытаў вітаючы вечар і дзень.
— Не да жартаў цяпер, — беларусы ў загоне:
не знаходзяць ні праўды, ні долі нідзе.
— Пачакай, агляніся, правер, хто набаяў,
ты, напэўна, устаў не на тую нагу:
Беларусь называлі — западным краем,
а сягоньня яе Беларусьсю завуць.
— Мяне слова і назва ня могуць суцешыць,
будзь ласкавы і факты раскрый, пакажы;
сярод дзікіх балот багуністыя сьцежкі
і вялі і вядуць да бяздольнай мяжы. —
— Я люблю перагортваць старонкі гісторый,
разглядаць далячынь адышоўшых вякоў,
перамерваць у думках нізіны і ўзгор‘і,
што зраўнованы сёньня сыпучым пяском.
— Ты прыгледзься! На гэтай раўніне, як кропкі,
вырастаючы ў горы (Каўкаскіх ня менш),
паўстаюць у вялікасьці дні забастовак,
а на фоне — і Гомель, і Віцебск, і Менск.
— Чуткі ворага ходзяць па Менску бяз візы,
але праўды і ў чутках суздром не ўтаіць:
Менск стары, што калісьці стаяў на Нямізе —
іншы горад на Сьвіслачы сёньня стаіць.
— Гэты Менск — Беларусі-дзяржавы сталіца…
Ды ці варта пра гэта пісаць і казаць? —
Калі маеш ахвоту — будзь ласкаў дзівіцца,
дасягненьні бяруся табе паказаць.
*
Выбачайце, чытач, мой таварыш, такі неспакойны,
прапануе цяпер-жа пайсьці падзівіцца на Менск,
запрашаю і вас, апаўночы так ціха й спакойна,
вы пабачыце шмат найцікавейшых месц.
*
Апішам пагоду, як людзі, і мы
(вядома, у некалькіх словах).
Электра і зоры, і яркасьць зімы
былі у імгле каляровай.
Таварыш наставіў шырокі каўнер,
насунуў бахматую шапку,
сказаўшы пры гэтым на слуцкі манер:
— у вушы зрабіласа зябка.
Савецкая шумна гуляла ў кіно,
афішы былі за рэмаркі,
і людзі-артысты снавалі наўкол
пад бляскам электрыкі яркай.
Аб‘інеўшы, парамі, крокаў праз пяць,
Дрантвелі трамвайныя рэйкі.
Даклады заслухаўшы, йшлі будаваць
жыцьцё маладое з ячэйкі.
Дайшлі па Савецкай на Ленінскай рог,
таварыш тады мой і кажа:
— Гуляць па Савецкай адзін бы я змог,
калі-ж дасягненьні пакажаш?
— А хіба ня бачыў? — тады выбачай!..
Глядзі і любуйся на рэйкі:
улетку тут пройдзе з вакзалу трамвай
(білет каштавацьме капейкі).
— А вось паглядзі, падзівіся адно:
будынак, чатыры паверхі;
тут трыста, а можа і болей вакон,
і скрозь дубальтовыя дзьверы.
— А далей — будынак на сорак кватэр,
а далей — на семдзесят соцень!..
(Ня верыш, чытач і таварыш? — павер:
дзяржбуд будавацца ахвоцен).
— А вось паглядзі — збудавалі палац,
завецца ён — Дом Селяніна…
— Пакінь ты марочыць, пакінь бузаваць,
бо ясна — ўзрастае краіна!
Таварыш дзівіўся, дзівіся, чытач!
Мы працы штодзённай ня бачым,
праходзім удоўжкі і ўпоперак пляц
і нашых сьлядоў мы ня значым.
А ўсё ж такі сьцелюцца густа сьляды,
сьціраюць асфальт і каменьне,
і пройдуць чаргою жывою гады,
І скемім хаду ў вокамгненьне.
І дзіўным падасца, што нехта такі
прайшоў сваёй цяжкай хадою,
парушыў асфальт і каменьняў радкі,
і будзем дапытвацца: хто ён?
— Таварыш мой любы, такі ўжо закон:
работы штодзённай ня бачым.
Будынак на тысячу семсот вакон
над плошчаю будзе маячыць!
— На Ляхаўку выйдзі, навокала глянь,
паўсталі заводы, заводы!
Разьвей ты з вачэй цемрашальны туман
і новыя ўбачыш усходы.
— Ну, што ты адкажаш цяперака мне?
Маўчаў мой таварыш панура;
падумаў… і посьле: — мне стала відней,
адно вось няясна з культурай.
— Ня вельмі вялікі у гэтым узрост, —
дадаў ён, зірнуўшы нясьмела.
Па вуліцах тупаў сярдзіты мароз
у вопратцы ініста-белай.
І людзі зьнікалі, ішлі спачываць,
і ціха было, і прасторна,
і хтосьці на дрэвах карункі зьвіваў —
на сад асыпалася зорнасьць.
Над ганкам тэатру хістаўся ліхтар
паважна і горда, як месяц.
Гавораць, уласнай рукою, як дар,
яго тут дырэктар павесіў.
Павесіў… нам ясна нашто й для чаго, —
каб людзі насоў ня зьбівалі,
каб такжа (напэўна яшчэ й для таго)
уважна рэклямы чыталі.
— І ты, мой таварыш, уважна чытай
(ліхтар, калі трэба, павесім)
і посьле у процантах лічбы падай,
пра ўсе пастаноўкі і п‘есы.
Я й тутака мэты сваёй дасягнуў, —
ах, гэтыя факты — калецтва!
Таварыша далей свайго пацягнуў.
Куды? — у магазын выдавецтва.
Сьвятло ў магазыне на ўвесь белы сьвет,
мігае у бляску вітрына;
глядзіць з юбілейнае рамкі портрэт
поэты (вясёлы мужчына).
А поруч таўшчэзныя томы стаяць
і тысячы кніжачак дробных,
на вокладках колеры ярка зіхцяць,
i думы цьвітуць на балонах.
— Ну, што ты цяперака мысьліш, скажы?
Ты ростам культуры здаволен?
— А колькі на базе, — пытае, — ляжыць?
— У сотню разоў яшчэ болей.
Дзівіўся таварыш, спыніўшы хаду,
і радасьць гарэла паціху.
— Ты хочаш дазнацца, дзе чуткі растуць
прайдземся тады на Нямігу.
*
Праходзім па Ленінскай, далей ідзём,
туды, дзе акраіны стынуць.
Пад бляскам марозным вялізманны дом
здаецца пад сонцам пустыні.
Часамі маўклівасьць на вежы і скрозь
парушыць гадзіньнік нясьмела;
ды зноў цішыня, толькі ходзіць мароз
у вопратцы ініста-белай.
*
З цэнтральнай плошчы наўскасы
прайшлі паволі на Нямігу.
Ля брамы, чуем, галасы
пераліваюцца паціху.
— Глядзі, кажу, убачыш шмат —
тут родзяцца заўсёды чуткі.
Камусь паслаўшы моцны „мат“,
прайшлі да хаты простытуткі.
Іх затрымалі на рагу,
пачалі ўголас таргавацца:
— За паўрубля я не магу
на ноч цалюткую аддацца.
Ў адказ на гэта галасы:
— Яно як да кавалераў…
Відаць, згадзіліся зусім,
бо заскрыпелі хутка дзьверы.
— Дык што тут дзіўнага, скажы? —
спытаў задзірліва таварыш:
— такія бачым міражы
на кожным скверы і бульвары.
— Чакай, чакай!.. ня шый паўшор,
бо ты яшчэ ня цалкам рымар,
прайдзем паціху ў калідор
і станьма тамка за дзьвярыма.
Падпёршы ў змрочнасьці сьцяну,
сьвідруем шчыліну вачыма.
Таварыш вушы расьцягнуў
і ловіць словы як магчыма.
Віно, закуска на стале
(відаць, вясёлая бяседа).
Адзін, каб чулі яго ўсе,
гаворыць ціха да суседа:
— Якім Абрамавіч, ты чуў? —
у нас ізноўку пастанова —
хачу таго, ці не хачу,
пісаць на беларускай мове.
— Ну, как вам нравится вопрос?.. —
Якім Абрамавіч узьняўся:
— Даволі нас вадзіць за нос!.. —
Зірнуў навокал і суняўся,
— Між намі кажучы, у нас
шмат ва ўстанове шовіністых;
што не карысна мо‘ для мас,
затое нам яно карысна.
— Умела трэба натравіць,
няхай галёкаюць газэты,
а ты тады момэнт лаві,
гані ў кішэнь сабе манету.
Нэпман.
— Казаў знаёмы мне адзін
і ня вельмі ён саветам рад),
што кожны ў вёсцы селянін
кляне цяперашні урад.
Поп.
— Ах, дзякуй, госпадзі! Рабін,
цяпер ня так нам будзе крута,
адно глядзі — пабольш гані
ты рэлігійнае атруты.
Рабін.
— Ну, гэта мне не навіна,
паўзуць памалу толькі чуткі, —
і, келіх выпіўшы віна,
абняў за шыю простытутку.
Домаўласьнік.
— Для вас, відаць, усё дармо,
мне-ж давядзецца збыць і сьвітку:
пятнаццаць маю я дамоў,
а ні капейкі з іх прыбытку.
Нэпман.
— Сапраўды, нашы справы дрэнь,
мы ўсё чакаем перагібу,
а комуністых не бярэ,
ані ніякая пагібель.
Поп.
— Бяда, пайшлі у культпаход
І ўжо сьвятое імя бога
(такі упарты стаў народ)
ня можа зьбіць людзей з дарогі.
Шовіністы.
— Куды там бог твой, ягамосьць,
няма і нацыі увагі:
яўрэй для беларуса — госьць,
а беларус яўрэю — швагір.
Рабін.
— Ну й што мы маема рабіць?
Пайсьці павесіцца нам хіба:
Я думаў, горкай закупіць —
ня хочуць піць, на іх пагібель!
Спэц. (толькі ня чырвоны).
— Сябры, сягоньня новы год,
пакінем скаргі і праклёны.
Я спадзяюся, што праз год
у залях сыдземся колённых,
Гуляка-растратчык.
— Няхай сапраўды будзе так,
а покуль ‘шчэ саветы жывы,
гаруйце, нэпман і кулак,
я п‘ю за працу вашу, віват!
...........
— Цяпер ты ведаеш, дружак,
адкуль зьяўляюцца настроі?
Яны заўсёды без нажа
душу краіны нашай крояць!
*
Менск маўчаў. Правады ня шумелі,
асыпалася інеем сыпкім краса.
Новы год у цьвятлівасьці белай
па-над плошчаю зоры красаў.
І пад гэтую негую яснасьць
Беларусь перайшла ў адзінаццаты год,
Усьміхаліся весела й шчасна
адлятаючы зьнічкі далоў.
II
НА НОВЫ ГОД
Раніца сьцягі разьвесіла,
шэраньню дрэвы ўпрыгожыла.
Сонца ўсьміхнулася весела
белым пушыстым атожылкам.
Вецер прабег над акраінай,
зьмяўшы на дрэвах атожылкі.
І праляцелі вітальныя
гучныя гораду водзыўкі.
Замятусіліся вуліцы,
і на бальконе над плошчаю
сьцягі вянком разьвінуліся,
сыплючы радасьць прыгоршчамі.
Радасьць упала пялёсткамі,
году насустрачкі новаму,
і пракацілася з лёскатам
і з прывітальнымі словамі.
*
Гучныя воплескі змоўклі,
раптам упалі далоў:
сьціплай і слушнай прамовай
мітынг пачаў Чарвякоў.
— Новы год і новыя надзеі,
і чаканьні новых перамог,
бо ліхія зьявы і падзеі
пролетары дружна перамог.
Беларусь, бяздольная калісьці,
зваявала долю ў барацьбе
і з Масквой сягоньня ў таварысьцьве
вызначае новы шлях сабе.
Дасягненьняў нашых не падлічыш,
а цяжэй работу падлічыць,
хоць на кожным стомленым абліччы
сьлед работы цяжкае ляжыць.
Трэба быць староннім вельмі, вельмі —
Перад зрокам стануць гарады;
толькі так убачым нашу веліч,
працу спорную пабачыма тады.
Мы расьцем нязьменна і няспынна,
але трэба больш стократ расьці,
каб змагла Савецкая краіна
да Комуны слаўнае дайсьці.
Можа ў хлебе часам недастача,
і тавараў дзе якіх няма.
Мы разьвяжам гэныя задачы,
сілы выстарчае нам!
— Помню я нядаўныя паходы,
іх ня мог і голад сутрымаць.
Ι цяпер нам трэба з новым годам,
трэба дух упарта гартаваць.
Дасягнем тады мы перамогі,
як даўно, учора і цяпер.
З адзінаццатым вітаю годам,
з дзесяцігодзьзем БэСэСэР!
*
Воплескі, воплескі, воплескі —
полымя шумных пажараў!
Гаснуць, сьціхаюць, як водблескі…
— Слова, таварыш Гамарнік!
— Сябры — таварышы, якое шчасьце
вітаць з дзесяцігодзьдзем БэСэСэР!
Падобных дзён, як нашая сучаснасьць,
гісторыя ня ведае яшчэ.
— Якімі словамі размах апішаш,
якія сёньня словы вам сказаць?
На новыя шляхі краіна выйшла
І больш ня вернецца назад.
І вораг дзівіцца, зайздросьціць вораг,
вайною думае спыніць жыцьцё,
а мы старожка сёньня, як і ўчора
няспынна да Комуны йдзём.
— Дык хай расьце, расьце руплівасьць працы,
Дык хай расьце наш дух у барацьбе…
Якое шчасьце выпала - змагацца
пад сьцягам нашай Капэбэ.
*
Воплескі плошчу схіснулі
і зьмятусілі людзей.
Радасьць і кволіць і чуліць…
Слова узяў Галадзед.
— Я вітаю цябе, пролетары,
я вітаю працоўны народ!
Вышай сьцягі свае, штандары —
наступіў адзінаццаты год.
Дзесяць год ваявалі упарта,
будавалі краіну сваю.
На мяжы СэСэСэР сталі вартай,
бараніць каб працоўных зямлю.
— Нас навалы ня зломяць, ня згіблюць,
бо напорнасьць, імклівасьць расьце.
Будзем так-жа старанна і сьціпла,
як раней, будаваць БэСэСэР!
*
Воплескі-віхрам шалёным,
воплескі-ветрам над сьветам
............
Ціхнуць памалу колёны.
— Слова Наркому Асьветы.
— Школы, тэатры, кіно —
знала калі Беларусь?
Зьнікла пахмурая ноч,
бачым над краем зару.
— Бедны народ і сьляпы
мае асьвету цяпер —
вынікі тэй барацьбы…
Хай-жа жыве БэСэСэР!
І пахіснуліся колёны,
І пахіснуліся галовы
у віхры воплескаў шалёным…
— Чырвонай арміі прамова.
— Дні ідуць, гады ідуць —
прывітаньне з Новым годам!
Усплывае многа дум
пра мінулыя паходы.
— Шмат загінула тады,
але волі — не аддалі.
Расьцьвітаюць гарады —
не дарэмна ваявалі.
Беларусі дзесяць год,
але колькі дасягненьняў!
Калі трэба — у паход
выйдзем зноў у вокамгненьне.
— Выстарчае, хопіць сіл,
мужнасьць на абліччы:
Выйдзем дружна бараніць,
калі партыя пакліча!
Дружнае слова — ура!
Лёзунгі, крыкі і поклічы!
Радасьцю вочы гараць…
Слова даецца Рабочаму.
Працаваў на цара, ваяваў за цара,
прападаў у нядолі і горы,
не чакаў, што над краем узыдзе зара
і сьвятлом залацістым надорыць.
— Нават мову сваю, нават мову забыў,
але помніў упарта заўсёды, —
не магу для рабочага ворагам быць
усіх нацый, плямён і народаў.
Час прыйшоў, запалалі над краем агні,
і прымчаліся весткі з усходу,
што насталі інакшыя, новыя дні,
роўнапраўнымі сталі народы.
— Дзесяць год будавалі, і зноў будаваць
будзем так-жа напорна, няспынна.
Гэта наша прысяга — ўсе сілы аддаць —
гэта наша прысяга краіне.
— Мы для будучых слаўных і сьветлых падзей
аддамо і жыцьцё і упартасьць,
бо мы верым — настане, народзіцца дзень,
красаваць будзе шчасьце і радасьць!
*
Шолах прамчаўся, пасьля навальніца,
громы, узьлёты, агні;
воплескі градам — вышэй за званіцу…
Слова тваё, Селянін!
— Краіна пакуты, нядолі сыны!..
Нашай мовай калісь пагарджалі,
і ня марыў ніхто, і ніколі ня сьніў,
каб краіну нам нашу аддалі.
— Каб зямельку аддалі, зямельку людзям,
што змачылі крывёю і потам.
Сэрца радасна б‘ецца сягоньня ў грудзях
заклікае да новай работы.
— Мо‘ каму і здаецца — жыве селянін,
задаволены хатай і полем,
і ня знае ніякіх трывожных часін
і ня знае нічога ён болей.
— Ах, каб зналі, як сэрца часамі баліць
за краіны заходнюю частку,
дзе крывёю сялянскай заліты палі,
дзе ня ведаюць радасьці, шчасьця.
— Ў нашай працы руплівай — імкненьне адно,
збудаваць каб Комуну сусьвету.
Дык няхай жа палае у сэрцах агонь,
над шляхамі да новага сьвеціць!
*
Лёскат нясьмелы ўстрывожыў спакой,
воплескаў хвалі ўзьняліся,
музыкі дзіўнай і сьветлай такой
ціха акорды ліліся.
Дзень пагасаў, бо зімовыя дні
хутка зьнікаюць заўсёды.
Горад запальваў электра-агні,
цешыўся радасна горад.
Стройна колёны ішлі ды ішлі,
а каля брамы нячутна
рабін стаіўся і нэпман прыціх —
чулі вялікасьць, магутнасьць.
*
Дні жыцьця, як лісты у завеях,
ападаюць адзін за адным.
Адыходзяць гады, пакідаючы дзеі
і вялікае працы сьляды.
Людзі розна гады спатыкаюць
і праводзяць парознаму дні:
вось адны ўжо ляглі, спачываюць,
а другія ‘шчэ паляць агні.
Апаўночы пайшлі мы у горад,
мой таварыш зацята маўчаў,
толькі вочы — асеньнія зоры,
переконаньні ў чорных вачах.
— Раскажы пра уражаньні, дружа,
як твой погляд на справы цяпер? —
Адказаў: — Я судзіць не бяруся,
толькі веру — расьце БэСэСэР.
На Савецкай спаткалі „бяседу“ —
Учарашняя публіка зноў:
нэпман, рабін і поп ідзе сьледам,
ціха шэпчуць — ня чутна іх слоў.
Горад змоўк неяк раптам, напружна:
хто заняты — пайшоў спачываць —
трэба з новаю сілаю дружна
на работу удзячную стаць.
*
Менск маўчаў. Правады ня шумелі,
асыпалася інеем сыпкім краса.
Новы год у цьвятлівасьці белай
па-над плошчаю зоры красаў.
Пасьцілаліся зоры на бруку,
Беларусі ўрачысты рыхтуючы шлях;
дрэвы выцяглі белыя рукі,
каб наперад няспынна ішла.
Сьнежань, 1928 г.
|