Памяці Івана Луцкевіча (1920)/Успаміны пра Івана Луцкевіча/Салавей
← Успаміны пра Івана Луцкевіча | Успаміны пра Івана Луцкевіча Успаміны Аўтар: Язэп Салавей 1920 год |
Сьвятое гэта месца!.. → |
Я з Іванам Луцкевічам пазнаёміўся ў 1915 годзе, 4 лістапада, пасьля прыходу ў Вільню немцаў. Калі пачалі гутарку, то Іван Луцкевіч сказаў:
— „Нам трэба цяпер як хутчэй арганізаваць беларускіе школы“.
Я адказаў, што ў нас нямашака вучыцялёў.
— „Нічога: трэба толькі хутчэй вучыцельскіе вячорные курсы адчыніць, — дык і вучыцялі знойдуцца.
Многа працы палажыў ён дзеля беларускіх пачатковых школ і вучыцельскіх курсаў, каторые хутка былі зарганізаваны і пайшлі поўным ходам ужо ў канцы лістапада.
Пад той жа час Іван Луцкевіч і я арганізавалі саюз друкарскіх работнікаў, але ён больш за мяне палажыў працы дзеля гэтай арганізацыі. Пачалі мы так-жа арганізоўваць беларускіх работнікаў у Беларускую Соцыял-Дэмакратычную Групу. Зьбіраліся ў клюбе вольных пажарнікаў на Партовай вуліцы ў доме № 6, дзе часьць памяшчэньня была занята беларускай драматычнай дружынай; у яе пакою і зьбіраліся.
Гэтак у пастаяннай рабоце прыждалі мы вясны. Надыходзіў 1 май. Трэба было выдаць першамайскую праклямацыю. І ў дзень сусьветнага работніцкага сьвята ў 1916 годзе яна-такі выйшла ў сьвет ад імя Б. С.-Д. Гр., ды пры гэтым Іван Луцкевіч паказаў лішні раз сваю энэргію і спрыт: выдаць пад той час праклямацыю было нялёгка, бо-ж кожнаму вядома, сколькі ўсюды было нямецкіх шпікоў…. Сколькі з таго часу было выдана праклямацый Бел. С.-Д. Групы, то гэта была напалову праца Івана Луцкевіча. Якіе-ж былі клічы гэных праклямацый, — гэта пэўне кожнаму вядома.
Калі ў красавіку 1919 году прыйшлі ў Вільню палякі, захаджу я да Івана Луцкевіча і кажу: што цяпер будзем рабіць? А ён і кажа:
— „Будзем арганізавацца і пратэставаць, каб яны не прыціскалі нас, а такжа і жыдоў, бо жыды — гэта нашы натуральные хаўрусьнікі, і мы павінны разам бараніцца, сколькі хопіць у нас сілы“.
Я сказаў, што трэба ў гэтым кірунку выдаць праклямацыю.
— „Выдавай, калі можаш, — адказаў ён, — а я ўжо не магу: чуюся зусім хворым. Вось, калі паздаравею, дык ізноў возьмемся разам за арганізацыю работнікаў і будзем пратэставаць проці гвалтаў польскіх паноў“.
На гэтым скончылася наша апошняя гутарка з Іванам Луцкевічам, і больш я яго ўжо ня бачыў….
Вільня, 13. VIII. 20.
Язэп Салавей.