Пастухова шпаркасьць Гульня
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Падзел працы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГУЛЬНЯ

Каб другі — ня даў-бы веры,
Аж надоечы Габрусь
Піша кепскія паперы
Мне пра нашу Беларусь.
Прышпіліць на чорнай дошцы
Просіць хлопцаў, бо штодзень
Распаўсюджваецца ў вёсцы
Нямаведамая дрэнь.
Проста нейкая навала:
Гару п‘юць, як малачко,
І — ў дадатак — ўсе ад мала
Заразаюцца ў вачко.
Вось паслухайце: нядаўна
У Нізку, каля Узды,
Сталі хлопцы марнатраўна
Час губіць дзеля брыды!
Трэба ж неякай халяве —
Ўздумаў йграць на сярнікі!
І глядзі, — за ім на лаве
З цэлай вёскі дзяцюкі…
Цераз дзень і ноч да ночы
Льецца пот у іх па лбе,
Покуль хто-небудзь ахвочы
Ўсё к сабе не падграбе!
Спаць тады… Бо нос на квінце
Ў нешчасьлівых салапяк…
Ой, хлапцы! прашу, пакіньце,
Бо у картах дрэнны смак!
Пойдзем далей: ёсьць другая
Вёска — назвай Ляднікі,
Дзе сялянства наша йграе
Ў грашакі — не ў сярнікі.
Хай жанчына без апраткі,
Хай няўзораны загон,
І няплачаны падаткі —
Усёроўна, — сядзь, Сымон!
Дый картуй ў абедзьве рукі.
А скаціна у хляве
Хай раве з галоднай мукі,
Наравецца і зарве!
Бо табе-ж, Сымоне мілы,
Па гульні ахвота спаць,
Каб набрацца новай сілы,
Дай ізноў ісьці гуляць…
Ой, як брыдка, ляднікоўцы!
Пасаромейцеся хат,
Бо ўжо плача па вяроўцы
Ў картах вымуляны зад!..
З Ляднікоў у Навасады:
Тут ня горай, як і там…
І ніхто ня дасьць im рады —
Можа я хоць ў вершах дам.
Бо селькор мне гэтак піша:
„Ёсьць у нас такі гурток,
Што ад картаў ледзьве дыша —
Пратрубіўся да парток!
Самы першы з іх ґуляка —
Гэта неякі Стэфан:
Ў гаспадарцы — разьзявяка,
А у картах — капітан!
Ён часьценька прайгравае,
Але жонка — ані у лоб,
Што з грашыма — не пазнае,
Бо ён хлусіць, як той поп.
Раз-дай памяці — здаецца,
Тры рублі на соль ён узяў
І за вечар, як вядзецца,
Туды-сюды расхістаў…
Заўтра зрана жонка кажа:
„Зьбегай, Стэфачка, па соль!“
А Стэфан, як лыка вяжа,
Вочы вылупіўшы ў столь:
„Я хадзіў, але няўдача —
Мусіць кепскі выпаў дзень:
Грошы ўсе згубіў — ня йначай
Праз дзіравую кішэнь!“
Ой, браткі мае, даволі
У брыдзе карцежнай жыць,
Бо ніколі к бульбе солі
Вам ня выпадзе купіць!
За навуку ўзяцца трэба,
Бо ў вачка такі закон:
Будзеш век сядзець бяз хлеба
Ў курнай хаце без вакон!