Неяк раз пастух авечы
Пахваліўся на людзях:
„Покуль выпаліцца ў печы —
Я абуюся шах-мах!“
Пахвальба ня стрэла спрэчак,
Просты быў яму адказ:
„З гэтай шпаркасьцю — авечак
Не напасьвішся у нас!“
І яго прагналі з вёскі,
Як ён пекна ні трубіў,
Каб ня драў дарма падноскі
І жывёлы ня губіў.
Я прыслоўе ўзяў ня кпінай:
Гэтак сама, так якраз,
І з пажарнаю дружынай
Прыключылася у нас.
Як пісаліся — усякі
Ганарыўся, як той цар:
„Э, цяпер ужо ніякі
Не страшны для нас пажар!
Па сыгналу — коні ў бочкі,
У машыну жарабца, Пабяжым, хоць без сарочкі,
Не дагоніш малайца.
Хай які агонь, затушым:
Дзьве хвіліны і капут!“
Ажно вянуць сталі вушы,
Так другі хваліўся чмут!
Ой, усякі можа баяць
І гусьці, як авадзень,
А тут трэба ня гультаіць
І спрытнець са дня на дзень!
Трэ‘ вучыцца ўсякай справе
Галавой ці кулаком,
А ня, седзячы на лаве,
Вудзіць рыбу языком…
Але — до! Была прычына —
Загарэлася страха,
І вось нашая дружына
Вышла горш за пастуха!
Перш за ўсё — сыгнал згубілі:
Заваліўся, як у бот!
Дык трывогу затрубілі,
Пальцы ўсунуўшы у рот…
А усякаму-ж вядома —
Сьвістуноў тых можа сто!
І ня дзіва калі з дому
Не парушыўся ніхто!
Толькі мо‘ праз паўгадзіны
Адшукаўся той сыгнал,
А за гэты час з хаціны
„Певень“ дах увесь сагнаў! Пачаліся-ж тыя зборы —
І пакуль другі Міхась
Да кален зьвярцеў аборы,
Столь, як сьвечка, занялась!
Але вось — дружына ўсходзе —
Толькі гора, што каня
Не знайсьці — у Чыстым Бродзе!
Недзе пасьвіцца да дня…
Ўрэшце, неякую клячу
У машыну запраглі,
Прыпрагліся у прыдачу
І, як быццам, пацяглі…
Ажно раптам — бац! і сталі…
Што за трасца? Трасца ў тым,
Што ўсе шрубы пагублялі,
І качалка зьнікла ў дым…
A пажар сабе гуляе,
І увесь, як ёсьць, народ
Анічым не памагае,
Бо няма чым, хоць ты ў плот!
Вышлі кепскія паперы:
Лезь, як кажуць, на „ура!“
Ні драбін тых, ні сякеры,
Ані вёдзер, ні багра!
Праз гадзіну — ўсё знайшлося,
Але трохі ня у час,
Бо ад хаты засталося —
Два вугольчыкі якраз… Ня было чаго машыне
Ні тушыць, ні заліваць…
Эх! пры гэтакай дружыне
Бястрывожна можна спаць…
Але ходзіць пагалоска, —
Як кума ні мудрагель, —
А такіх пажарных вёска
Хутка выганіць ў каршэль!
|