Усім патроху… (1930)/Дурная краіна

Пакараны злодзей Дурная краіна
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Ці ня пекна гэта

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУРНАЯ КУЛЬТУРА

Ўжо ня першы гадок
Я жыцьця увалок,
Стаў, як кажуць, лабацінай босы,
Маю жонку, дзяцей,
І ніякіх чарцей
Не спаткаў і дасюль — безвалосы…

Аж учора якраз
Піша мне Апанас
З роднай вёскі у локаць паперу,
Што сусед наш Язэп,
З маслам пляжачы хлеб,
Ад навукі — здурнеў цераз меру!

Лет дзесятак назад
Быў ён бульбіне рад,
Ў басаножы хадзіў за разорай,
Пра культуру ня дбаў,
Крупнік лапцем хлябаў,
Рэзаў хлеб, як гавораць, аборай!

Бяз нуды і бяды
Ён жаніўся тады,
Ня зьбіваючы доўга абсацы,
Бо дзяўчына была
З лепшых дзевак сяла
Найспрытнейшай да ўсякае працы! —

Ці то шыць, ці то мыць,
Або жаць і касіць, —
Ня любіла жанчына маруды!
У рабоце кіпіць,
Не даесьць, не дасьпіць,
Але зразу пасьпее усюды…

Калі стала вайна,
На гасподзе яна
І адна, як раней, працавала,
Бяз гульні і грызьні
Беглі ночы і дні —
Пажаночы кабета чакала!

У сямнаццаты год
Раскумекаў народ,
Што ён церпіць праз царскую зграю, —
І — даволі — капут!
У пятнаццаць мінут
Ён „халэмус“ зрабіў Мікалаю!

А як стала відно,
І паноў за-адно
Папрасілі з ахвотаю шчырай:
„Ці ня годзе, ня пас?
Кепскі клімат у нас —
Вылятайце вы лепей
на вырай!“

І хоць пан быў тугі,
Зьбіў народ ланцугі —
Уцяклі яны — рады-ні-рады!
Стаў народ ажываць
І жыцьцё будаваць
Пад кірункам Савецкай Улады…

Для старых і малых
Ўсюды вольніцца дых,
Як у казцы якой ці па цуду:
Хочаш — землю ары,
Хочаш — кніжку бяры,
Ўсё даступна працоўнаму люду!

Крыху масла на хлеб
Захацеў і Язэп:
Стаў на фэльчара ў Менску вучыцца…
Гаравала яна,
Але душу да дна
Аддавала, каб сьвету дабіцца!

Аб сабе — неча дбаць,
Трэба прасьці і ткаць,
А кашулю — замчаць да нядзелі:
Можа вошы грызуць
І, як пчолы, гудуць
На яго занядбалай пасьцелі…

Не бядуй, Апанас!
Наша будзе у нас,
Перамулеем ўсякае гора…
Што мне серп ды каса?
Ўзыдзе сонца — раса
Мне аздобіць жыцьцё без дакору!

Ня хлусьня, не мана —
Стала сьвечкай яна!
Да Язэпа-ж ляціць у суботу…
Ні кусочка сабе:
„На, Язэпка, табе!
Еж усё, калі толькі ў ахвоту!“

Ён вучыўся і еў…
Жонцы ў вочы глядзеў
З захапленьнем і велькай падзякай…
Але час прамінуў —
Як навуку глынуў,
Абярнуўся і бокам і… ракам!

Стаў культурны Язэп:
Масла лезе праз хлеб!
З лесаводам жыве панібратам,
Бо ён фэльчар цяпер!
Ўжо аборай ня мер…
Крые жонку бязьлітасным матам:

„Растуды і туды!
Някультурная-ж ты!
Мне паненка цяпер да спадобы:
Як закруціць хвастом
І махне памялом, —
Аж агнём запалаюць вантробы!“

Вось якая куцьця!
Эх! ня будзе жыцьця:
Разыйціся — адна пуцявіна…
„Хай каршак задзярэ!
Хай паненку бярэ!
Пераходзіць на панскія віна!“

Гэтак жонка ў адказ…
Але-ж ён — сьвінапас!
(Хоць у постаці культ-кавалера).
З гаспадаркі на нюх
Даць ня хоча — трыбух!
Вось „культурны“ зрабіўся, халера!

Я скажу вам: дарма!
У Саветаў няма
Патураньня усякай глупоце…
Ты хвастом ня круці —
Алімэнты плаці
І найлепш па уласнай ахвоце!

Не заплаціш — у суд!
Не адкруцішся тут:
Яна болей як ты працавала!
Адрывала ў сябе —
Пхала ў горла табе
І такую падзяку спаткала!

І яшчэ што скажу,
Так, я вузел зьвяжу.
Калі тога, што сказана, мала:
Эх! культура, браток,
Да цябе ні на крок,
Як гарох да сьцяны, ня прыстала!

Вынік з вершаў маіх
Зразумелы для ўсіх!
Дабаўляю адно наастатак,
Што культура — дабро,
Покуль чорт пад рабро
Не залезе да самых лапатак…