Перад Сёмухай у суботу —
Па-царкоўнаму ня грэх!
Вышла стараму Хвядоту
Ехаць з коньмі на начлег.
Ня было у хаце лішкі —
Сала мала й на пакос, —
І спарожненыя кішкі
Ажна пухкалі у нос…
Дый жылося небагата —
Конь і толькі падсьвінак,
Што вялікаднем у свата
Ўзяў, як кажуць, на шармак…
Будзе скварка на каляды,
А цяперака ні ў рот,
І няма другое рады, —
У хамут вазьмі жывот,
Засупонься з цэлай сілы,
Да сьпіны прыцісьні пуп,
Каб аж лопаліся жылы,
І язык вылазіў з губ! Лепш ня выдумаць, Хвядоце,
Хоць на карку галава!
.........
Трэба ехаць: на балоце
Ўжо запырхала сава!
Месяц з неба ані гляне…
Сьцежкі воўчыя трашчаць
І у цемры на паляне
Коні путамі брашчаць.
Ля кастра-ж цяплей, як дома…
А, пад‘еўшы лебяды —
Думка ўсякаму вядома —
Ўспамінаюцца дзяды.
„Расьпяражаш ўсе адзежы,
І ўсю ноч дзярэш казлы,
Бо аж ломяцца ад ежы
Трохцалёвыя сталы.
Ночвы мяса, цэбар юшкі —
Ня узьняць на стол удвух,
А аладкі, як пампушкі,
Самі просяцца ў трыбух…
Ў крупені паверсе масла,
Ў сале топіцца кулеш,
І ні тога перавясла,
Колькі хочаш, столькі еж“.
З гэтых думак — завірушак,
Ажно скурчыўся Хвядот,
Бо адразу так, як з пушак,
Загудзеў увесь жывот. „Дай — здаецца — дзежку сала —
На разы ня больш як тры!“
Гэтак беднага забрала,
Што ня вытрымаў стары!
„Хлопцы! трэ‘б падмацавацца,
Сьвежанінкі напячы,
Падсьвінака пастарацца
І сюды прывалачы.
Па хлявох іх ёсьць даволі…
Ці ў забаву скакануць
Маладым нагам праз поле?
Дзьве мінуты, як зірнуць!“
Хлопцы зразу: „Мы гатовы!
Нават добры знаем кут.
Прыгатуй нам толькі дровы —
Падсьвінак ужо як тут!“
Праз гадзіну мо‘ — ня болей!
Падсьвінака хлапчукі
Тарабаняць цераз поле
Чацьвярых у дзьве рукі.
„Малайцы! люблю! яй богу!“
Чуць Хвядот іх не абняў,
Каб якраз у той час за ногу
Падсьвіначаня ня ўзяў!
„Эх! сюды-б яшчэ з паўкварты —
Дык ляпей ня трэба-б мне!
Баль такі — дальпан, ня ў жарты —
Ўспамінаў-бы і ў труне! Але стой! куды ні пёрла, —
Я таксама ня сьвіньня,
Што чужое толькі жорла:
Пачастую вас і я!
Хто шыбчэйшы з вас? Стралою!
У гумне сярод кулёў
Я схаваў яшчэ вясною
Дзьве кватэркі для кумоў.
Хай іх выцягне з кумамі!
Бо пад скварку чарку ў смак
Перакулім мы і самі —
Мчы-ж, Ігнатка, калі так!“
Чмыхануў Ігнась ў хвіліну…
А Хвядот, узяўшы нож,
Трыбушыць пачаў сьвініну
Як жывёла тую вош!
Падасьпеў Ігнась упору:
Падсьвінак ужо ляжаў,
Капыты задраўшы ўгору,
І ў зубах язык дзяржаў…
Запішчала ў лесе сала:
Хто лапатку, хто кумпяк
Пёк і парыў, як папала —
Так і гэтак, сяк і так!
„А цяпер ў падмазку скварцы, —
Закамандаваў Хвядот, —
Трэба выкуліць па чарцы —
З горла ў горла цераз рот!“ Дзьве бутэлькі, як у гаці…
Сербанулі раз ці два —
Засталіся ад сьвіняці
Толькі хвост і галава!
Посьле сытага папасу
Змарыў сон… Хвядот драмаў
І са смакам час-ад-часу
З носу бурбалкі пускаў…
Ружавее ў небе золак.
Певень лопае крылом.
І сям‘я вясёлых пчолак
Ўжо залётала кругом…
Паплылі на захад шаты…
Прахапіўся наш Хвядот:
„Годзе спаць! Пара дахаты!
Гэй, начлежнікі! ў паход!..“
Без далейшага прыказу
Хоць другі-б яшчэ і хроп,
Раскатурхаліся зразу
І вярхом на коні — гоп!
„Галава-ж і хвост? — ня шкода!
Хай ваўчаці пападзе“…
І Хвядот, як ваявода,
Першы едзе ў чарадзе…
Вось і вёска… Але ціха!
Ля Хвядотавых варот
Як-бы гоман? Што за ліха?
І зьбіраецца народ… Прыпусьціў Хвядот кабылу…
Як мага, з апошніх жыл
Брала гнедая праз сілу —
Аж курэў па полі пыл!
Што-ж ён бачыць? Каля тыну,
Паваліўшысь на траве,
Рве Хвядотава жанчына
Валасы на галаве…
І галосіць небарака,
Як на могілках ўдава:
„Ой, такога-ж падсьвінака
Уночы выцяглі з хлява!
Каб вас чэрці так цягалі!
Не паб‘юць іх пяруны!
Каб вы пропадам прапалі
Без магілы і труны!“
Па Хвядотаваму карку
Біў, як молатам праклён…
Пад сваю, брадзягі, скварку
Яшчэ й чарку ўлюліў ён!
Зразумее дурань самы —
Высьвятляць ня трэба вам:
Не капай другому ямы,
Бо у ёй захрасьнеш сам!
|