Усім патроху… (1930)/Разбойства

Разбойства
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Карцёжнікі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗБОЙСТВА

Цераз цемру і дуроту
Столькі сіратаў і ўдоў
Ходзіць з торбаю ля плоту,
Што бракуе нават слоў,
Бо разбойніку другому
Так трэ‘ фэфару задаць,
Каб, ня скаржачысь нікому,
Ён зарокся век гуляць.
Паглядзеце толькі самі:
Ў кожнай вёсцы не амаль
Адзначаецца каламі, —
Хоць які ні возьмем баль!
Ці вясельле, ці хрысьціны,
Ці гульня якая так —
Бяз дручка і хварасьціны
Не абыйдзецца ніяк!
А часьцей — і тога мала:
Разьбяруць і азярод, —
Што пад руку ні папала —
Шворан, лом, сякера — у ход!
Ў чарапкі ляцяць галовы,
Не знайсьці ні рук, ні ног:
Пасякуць, як тыя дровы —
Зробяць сорак з чатырох!


∗     ∗

Прыклад гэтаму нядаўна —
Тыдні два назад — мы мелі:
Пагулялі хлопцы слаўна
У Язэпа на вясельлі…
Дзяцюкоў прышла — навала!
І Пятрусь за імі сьледам…
Піў, аж покуль не зарвала, —
І са сватам і з суседам!
Посьле ўлез к Язэпу ў хату
І давай слатой чапіцца
То к Андрэю, то к Ігнату, —
Так і рупіла пабіцца!
Каб разумныя другія —
Трэ‘ было ім задзіраку
Пахарошаму — за шыю
Ўзяць, як шкодную сабаку,
І пурнуць паціху з хаты,
Або, клікнуўшы старшога,
Пасадзіць яго за краты,
Як шалёнага якога!
Але дзе там? Калі госьці
Самі, выпіўшы бяз меры,
Як сабакі каля косьці,
Горш былі ад тэй халеры!
Распаліўся чортаў горан…
І зусім ня гэтак вышла:
Хто за шлягу, хто за шворан,
Хто за нож, а хто й за дышла!
Кроў пачулі, быццам зьверы!
І давай усім кагалам
Пляжыць так, што цераз дзьверы
Грукацела аж за галам!
А канец — усім вядомы:
Пётру зьбілі ўпрост да сьмерці…
Папытаемся адно мы:
Ці вы людзі? Ці вы чэрці?
Няужо-ж малых сіротаў
Вам ні кропелькі ня шкода?
Ой, ты п‘яная дурота!
Ой, ты воўчая парода!
Дзеткі бедныя галосяць…
Бацьку тузаюць рукою…
На забойц пагібель просяць,
Бо хоць ў яму галавою!
Хто для іх узарае поле?
Дзірваном заляжа глеба…
Ой, сірочая ты доля,
Бяз вугла, цяпла і хлеба!
Як пішу — душа палае…
Ці-ж ты, вёсачка-нябога,
Больш вясёласьці ня знаеш,
Як калом адзін другога?
Цяжка, сорамна бясконца…
Немы жаль сьціскае грудзі…
Ой, калі-ж узыдзе сонца!
Ой вы, людзі! Людзі! Людзі!