Гэта ня жарты:
Хлопцы ў карты
Рэжуцца зраньня да раньня…
Месяцы — дбалі,
Ўдобу прадалі
І прагулялі дазваньня!
Янка з Хвядосам
Цешацца стосам,
Кідаюць картамі шпарка…
Жыта — пудамі,
Грошы — рублямі,
На кон — уся гаспадарка.
Босыя дзеці,
Пуста у клеці,
Жонка — маўчы, небарака!
Прала і ткала,
Недасыпала —
Выбеліў ў момант гуляка!
Замест кароўкі —
Хвост ад вяроўкі,
Конь — ледзьве ногі цягае: Сам запрагайся
І паганяйся —
Хай яго немач ня знае!
Пётра з Сымонам
І Харытонам
Польскі банчок залажылі…
Быдла — бяз сена,
І ні палена —
Ў печы тры дні не палілі!
Важная справа!
Зьлева і справа
Карты лятаюць, як птушкі:
Біта — ня біта!
Торбаю жыта
Сыплюць з астатняй кадушкі!
Гэтага ж мала:
Кубел з-пад сала,
Бочку з-пад кіслая капусты,
Пуню і хатку —
Ўсё без астатку…
Большай ня ўздумаць распусты…
З ночы да ночы
Лупаюць вочы…
Гінуць і дзеці і жонка…
Куры… авечкі…
Кошык з-пад сечкі —
Ўсё заграбастаў Сымонка!
Ён не прайграе,
Зразу трапляе —
Цягне і цягне да хаты…
Кепска, Міроне
І Харытоне,
Даўся банчок вам пракляты!
Дом Ермалая —
Хэўра другая:
Сідар з Іванам у моці
(Член Камітэту!)
Шпараць да сьвету —
Усё ад падкоў да аброці!
З мінай упартай —
Карту за картай…
Дай яшчэ трэцюю, братка!
Бах — і ня вышла:
Выперла дышлам
Тузана даму з дзесяткай!
З хаты Ярмолы
Босы і голы
Выляцеў Сідар бяз шапкі…
Выпрастаў з дому
Нават салому
Ўсю да апошняй ахапкі!
Брыдка бясконца:
З сонца да сонца
Сын яго пасьвіў жывёлу
Ў лесе, ў балоце, Мок у асоце,
Зьдзекі цярпеў і назолу…
Ў карты-заразу
Шаснуў адразу
Сідар і гэты заробак…
Вымеў да кроплі
Лён і каноплі
Нават з насенных каробак!..
Слухайце-ж, людзі!
Добра ня будзе
З картаў на сьвеце ніколі…
Сьлёзы… згрызота…
Больш не ахвота
Мне і казаць вам… Даволі!
|