9. „Маслосоюз“ 10. Промысел і гандаль
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1936 год
11. Лекарскія установы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРОМЫСЕЛ І ГАНДАЛЬ.

На пачатку агульная заўвага. Гаворачы аб промысьле і гандлю — маю наўвеце украінскія, саматужныя, больш ці менш вырасшыя, гэныя дзялянкі жыцьця, а ня цікую аб промысьле і гандлю на украінскай крытэрыі Галіччыны, з чужым капіталам, чужымі, далёкімі імкненьнямі. Думаю, што для тых з нас, хто ведаў Львоў перадваенны, ці на‘т 12—15 гадоў таму назад, будзе неспадзеўкаю вялікі зрух украінца-хлебароба з сяньняшняю цягаю ў горад да варштату і ляды ў краме. Бязумоўна былі паасобныя ўстановы, прысьвечаныя эканамічным уrраінскім цікаваньням недзе ўжо ў XIX стагодзьдзі, пачалася тады коопэрацыя, паявіліся першыя банкі, аднак коопэрацыя вытворчая была надта слабая, а банкі і колькасна і паводле абаротных капіталаў зусім не адказвалі суадносінам паміж насельніцтвам.

Дык можна казаць, што украінскі промысел і гандаль зьявішча пасьляваеннае, ды на‘т, што гэта падзеі апошніх дзесяці гадоў. І трэба было-б з асабліўшым націскам падчыркнуць, што ўсё часьцей і часьцей бачым прыватную ініцыятыву ў гэнай галіне працы людзей, якіх мы ня прывыклі тутака бачыць — паіменна інтэлігентаў. На захадзе Эўропы, ў Амэрыцы зьявішча нармальнае і зразумелае, што дырэктарам вялікага прадпрыемства быў чалавек, які пачынаў кар‘еру ад чорнае работы, а з другое стараны не выклікала ў нікога зьдзіўленьня, што інжынер хадзіў ў рабочай блюзе ня толькі дзеля фасону, але дзеля таго, што сапраўды працаваў часта за адным станком з работнікамі. Украінская даваенная інтэлігенцыя была ўзгадаваная, бяручы агулам, з думкаю, што здабудзе месца на дзяржаўнай службе, у стане духоўным; менш часта, ці на‘т зусім рэдка, людзі йшлі ў „вольныя прафэсіі“ — лекарскую, адвокатуру. Зусім выняткова йшлі на тэхніку і гандаль. Гэта была праява і адначасна адказ нутраное няпэўнасьці сваіх сілаў, бязверра ці прынамся недавер у свае магчымасьці, уканцы ня было собскіх капіталаў, якія заахвочывалі-б адзінкі да таго, каб брацца за новую работу. Наканец яшчэ быццам нейкія панска-шляхоцкія адносіны народу хлебаробаў і пастыроў да гандлю. Гэта мамэнт, трэба думаць, які іграў вельмі важную ролю ў тым, што ня толькі інтэлігенты, але ўся маса сялянская быццам баялася ўзяцца за вагу і мэтр ды сесьці за свой маленькі варшат. Гэтым, здаецца, трэба было-б паясьняць тое зьявішча, што эмігранты найчасьцей варочаліся са здабытым на чужыне капіталам на загон, прасякнуты потам іхных дзядоў і прадзедаў, а зусім вынятковым зьявішчам было, каб „амэрыканец“ ці агулам быўшы фабрычны работнік імкнуўся наладзіць новую пляцоўку працы.

Усебаковае дасьпяваньне народу, вялікія ваенныя падзеі, рэвалюцыя, спроба наладзіць собскі дзяржаўны апарат, перамена краёвых, пасьляваенных суадносінаў — усё гэта глыбокім плугам перагарала псыхіку народу і ўзгадавала новы тып адзінкі. Можна шкадаваць колішні тып, можна лятуцець да „старое, добрае пары,“ аднак жыцьцё паклікала новага чалавека — украінца і гэны новы чалавек рэалізуе новую украінскую сучаснасьць, а ўсьлед за гэтым і бупучыню.

Украінскі промысел і гандаль яшчэ тым асаблівы, што яны зусім саматужныя, бяз чужога капіталу і ні ў чым не падобны да прыкладаў найбольш блізкіх, значыцца да польскага ці расейскага. Яны новыя, прабойныя, і дэмократычныя, адначасна-ж шчыра нацыянальныя сваім зьместам, насколькі можна гаварыць аб нацыянальным зьмесьце ў малой фабрыцы, у мястовай ці вясковай краме.

Прэса ад пары да пары паведамляе аб націску, які робіць вёска на жыдоўскія мястэчкі. Бяз ніякіх антыжыдоўскіх эксцэсаў, без пагромаў адна за аднэю жыдоўскія крамы ліквідуюцца, а на іх месцы сядае селянін. Ня толькі крызыс, цесната на вёсцы і малазямельле спанукаюць хлебароба да выхаду з вёскі, але тое нешта новае, што перамяніла украінскую душу ды без чаго, гэта трэба сабе ўявіць і ўбіць у памяць, ня можа зьдзейсьніцца заўтрашняя Украіна.

Гэта агульная асноведзь паасобных фактаў, з якіх аканчальна тчэцца рэчаіснасьць. Рэчаіснасьць далёка не такая романтычная, пазорная, рыцарская. Рэчаіснасьць — гэта штодзеннае, упорыстае змаганьне, вельмі цяжкая натуга, гэта бесперарыўны экзамін сьпеласьці і росту. Скажам „Дэндра,“ адно з прадпрыемстваў ці на‘т фабрыкаў украінскага львоўскага „Манчэстра,“ як кажа п. А. Курдыдык, які ветліва схацеў паказаць нам украінскі промысел. Сяньня фабрыка прадукуе 140 тоннаў шавецкіх цьвякоў, працуе ў ёй пару дзесяткаў людзей. Фабрыка здабыла львоўскі рынак дзеля сваіх прадуктаў, робіць памысныя спробы ў Варшаве, Пазнані. Існуе ўсяго два гады. У фабрыцы інжынер зьяўляецца адначасна дырэктарам гандлёвым, галоўным майстрам, шэфам канцэлярыі і ўсім, чым толькі хацець. «Дэндра» — прадпрыемства прыватнае. Наладзілі яго два безработныя інжынеры, якія не хацелі бадзяцца бяздзейна і ждаць перамены коньюнктуры, якія ня думалі больш аб магчымасьці такое ці іншае „пасады“ і ўзяліся за работу. Між іншым работа гэная не ляжала па лініі іх найбліжэйшае адумысловасьці. Узялісь за гэта дзеля таго, што адзіная краёвая фабрыка шавецкіх цьвякоў была без конкурэнцыі, давала паганы тавар па высокіх цэнах. Рызыка было, капітал вельмі агранічаны, была затое маладая вера, ахвота, а ўжо цераз два гады вялізарны эфэкт. А як яны шукалі рынку на свой прадукт? Ня мелі агентаў, ня мелі кантораў рэклямы, ня мелі грошаў на гэта. Рабілі ўсё гэта паапостальску. Ад шаўца да шаўца, ад крамы да крамы. А там ужо дайшлі да гуртоўні, а там бачыш высылаюць вялікія транспарты ў далёкую Варшаву і яшчэ далейшы Пазнань. Ясна, што фабрыка гэта ня толькі прыгожыя лятуценьні. Тутака дакладная, зважная калькуляцыя. Промыслу і гандлю ня можна будаваць на сэнтымэнце. Сэнтымэнт, гарачае пачуцьцё, ідэальнаю можа быць пружынаю, розум цьвярозы, востры зьяўляецца, каб павесьці імкненьні, і прысутнасьць ягоная неабходная.

Шмат іншых прадпрыемстваў ці ў Львове, ці ў Станіслававе, ці Косаве ці дзе йшчэ на Галіцкай зямлі, пачыналіся аднолькава, як «Дэндра,» ці мо‘ йшчэ больш скромна. Скажам выраб шчотак. Цяжка знайсьці купцоў на шчоткі. Безработная сям‘я за апошнія грошы купляе сырэц і пасьля навукі рамясла пачатна прадукуе на дзень 6 шчотак. Упорыстая воля перамагае ўсе заміны. Пачатна і свае гандлёвыя ўстановы, коопэратывы, прыватныя крамы, бяруць шчоткі ад новае фірмы неахвотна. Чалавек з натуры сваей консэрватыст. Стары дзядзька бачыць, што плуг лепшы за саху, а падумаўшы крышку, дайшоў-бы ён да вываду, шго калькуляцыя грашовая дыктуе яму брацца за плуг, аднак доўга йшчэ будзе ён бараніць сахі. Сахою гараў бацька і дзед, як яму кідаць нешта блізкае, вядомае, а брацца за новае, хаця мо‘ і лепшае. Тое самое заўсёды і ўсюды, асабліва пры старадаўным складзе характару хлебаробаў. „Фабрыкант“ шчотак умее пераканаць, дамагаецца сабе месца і бачым вельмі хутка ён прадукуе ўжо 100 шчотак на дзень, ужо ў яго работнікі чужыя, свае сям‘і не хапае. Фабрыкант верыць, адначасна не пакладае рук, а дзейна памагае, каб лёс паказаў яму больш ясную старану.

Большасьць прамысловых устансваў пачынала свве падзеі таксама, як „Дэндра,“ як прадукцыя шчотак. Бязумоўна гэныя новыя асяродзішчы працы ня былі оазамі на пустыні, якая аддзеляла іх ад масаў насельніцтва, дзеля якога прадукавалі штораз новыя прадметы.

Свая коопэрацыя, свая прэса, высокі ровень нацыянальнае сьведамасьці былі зарукаю памыснасьці ў працы. Дык сякія-такія ўмовы былі, трэба было толькі ўмець ік выкарыстаць.

На выстаўцы роднага промыслу, зладжанай сёлета вясною ў Львове, былі прадстаўленыя 53 украінскія фірмы. Выстаўка гэная была паказальнікам жыцьцёвасьці, натуральнасьці разьвіцьця промыслу і гандлю.

Ня было там аднабокасьці. Хоць ня маюць сяньня украінцы асобнае цэнтральнае ўстановы дзеля рэгуляцыі падзелу і прыдзелу ў паасобных адумысловасьцях, аднак грамадзкая сьпеласьць, шырака распаўсюджаная прэса рэгулююць як найлепш падзел працы.

На вышусаомненай выстаўцы было крыху старых фірмаў, якія існавалі некалькінаццаць ці некалькі дзесяткаў гадоў, у большасьці аднак былі маладзенькія ўстановы, што змагаюцца некалькі гадоў ці на‘т некалькі месяцаў. Вельмі цікаўныя назовы паасобных прадпрыемстваў: „Дэкора“ — фабрыка картонаў; „Эргон“ — займаецца радыем; „Атра“ — чарнілам, „Біблёс“ — сшыткамі; „Этан“ — прадукуе алавікі, ляк, гуму, „Тэ-ба“ — трансмісыйныя паясы, пугі і іншыя вырабы са скуры; „Фамоза“ — мыла, «Эко“ — займаецца электрыфікацыяй, электрычнай інсталяцыяй, „Вэсэлка“ — вырабляе ніці, розныя кравецкія прылады,Око“ — артыстычная кераміка, „Комэта“ — тэкстыльны промысел, вырабляе палатно, шалікі і г. д. „Алёэ“ — космэтычныя прадметы, прыкладам, пудра, паста да зубоў і г. д. „Калына“ — фабрыка гільзаў да папяросаў, „Кэрос« — сьвечкі, далей ўсякія мо' і чужыя назовы, як „Ароза,“ „Сільва,“ „Хром,“ „Карпаты“ і г. д., і г. д. Амаль што ня ўсё, што патрэбнае ў штодзенным жыцьці селяніну, інтэлігенту, вучнёўскай моладзі, усё, што патрэбнае ў кухні, у хатняй гаспадарцы, усё неабходнае дзеля элегантнае жанчыны, мужчыны, — усё можна знайсьці ў сваіх людзей, зробленае рукой сваіх работнікаў неанонімова. Рознаякія мянюшкі фірмаў, трэба думаць, выкліканыя новамодным духам часу, а побач гэтага мо‘ праяўляецца тутака права мімікры. Гандлёвая конкурэнцыя мае свае асаблівыя законы, якіх ня зломіш. Усякае, „Алёэ,“ „Кэрос,“ «Амара“ лягчэй знойдзе на агульным рынку купцоў, як скромная „шавецкая шпілька,“ „нашая сьвечка“ ці што йшчэ. Гандаль кіруецца сваероднаю псыхалёгіяю і трэба яе ведаць і да яе датарнавацца, ня хочучы прайграць у змаганьні.

Паміж фірмамі блізу на 50 проц. ёсьць коопэратыўных установаў ці супалак. Да аднае з вялікшых такіх належыць „Кір“ (коопэратыва работаў інжынерскіх), што мае тры аддзелы — будаўляны, фабрыка батэрыяў і электротэхнічны. Другая палова прадпрыемстваў вырасла з прыватнае ініцыятывы. Трэба, здаецца, зьвярнуць увагу і падчыркнуць, што 50 проц. у новай галіне промыслу і гандлю належыць да коопэрацыі, а трэба-ж яшчэ помніць на „Маслосоюз,“ „Народню Торговлю“ ды шмат яшчэ якія іншыя, пабудованыя на асноведзі коопэрацыі, дык тады ўявім сабе вялізарнае зразуменьне і шырокае распаўсюджаньне ў масах ідэі коопэрацыі.

Хочучы мераць на амэрыканскую меру, ці на цыфру буйнага эўропэйскага промыслу украінскія пачыны, дык цыфра 3.500 людзей, занятых у „украінскім манчэстры“ ў Львове будзе сьмешнаю драбязой. Зусім інакш выглядае гэта са стараны натугі, колькасьці энэргіі і тымі пэрспэктывамі, якія адчыняюцца перад нацыянальным імкненьнем да незалежнасьці. Сапраўды, ані агульнае багацьце, ані агульнае шчасьце, ані агульнае здароўе ня мераецца вялікімі фабрыкамі чужога капіталістага, ці роскашшу ягонага жыцьця, як ровень здароўя масаў ня мае нічога супольнага з дасягненьнямі, рэалізаванымі паасобнымі адзінкамі з патолёгічна пераросшымі органамі.

Украінцы стаяць на добрым шляху ў рэалізацыі сваіх імкненьняў.