10. Промысел і гандаль 11. Лекарскія установы
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1936 год
12. Выснаўкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕКАРСКІЯ УСТАНОВЫ.

Сам будучы лекарам, не абмінуў я нагоды пазнаёміцца крыху з арганізованым лекарскім жыцьцём. Украінскае жыцьцё, быццам той магутны дуб дае ўсё новыя і новыя атожылкі і галіны. Лекарская прафэсыя мае сяньня свае багатыя падзеі, якімі можа пышацца, а мы, Беларусы, можам шмат чаго навучыцца.

Найстарэйшаю арганізацыею лекарскаю украінскаю будзе „Лекарская Камісія Навуковага Т-ва ім. Шэўчэнкі.“ Заснавалася яна ўжо ў 1898 г. Меты установы выключна навуковыя. Закладчыкі мелі наўвеце апрацоўку тэрміналёгіі лекарскае, выдавецтва асобных зборнікаў з працамі навуковымі пры Т-ве Шэўчэнкі, Камісія наладзіла зносіны з прыдняпранскімі лекарамі, навуковымі кангрэсамі міжнароднымі. Старшыня даўгалетні камісіі Др. Озаркевіч рэдагаваў ад 1912—1914 першы часапіс прысьвечаны пытаньням мэдыцыны і гігены „Здоровле.“ Спыненую ў вайну працу аднавілі пасьля вайны. Сяньня задачы камісіі ўзяла на сябе рэдакцыйная колегія „Лікарськага Вісныка,“ пакліканага гэнаю камісіяю да жыцьця.

Большыя сьляды пакінула па сабе другая па чарзе ўстанова лекарская, мяноўне „Народня Лічныця“ заснаваная ў 1903 г. у Львове. Трыццаць пару гадоў таму назад былі іншыя ўмовы і абставіны ў галіне лекарскае помачы. Ня было сяньняшніх касаў хворых, дык зразумела, што ў такім цэнтры як Львоў, дзе украінцы былі або інтэлігенты, або вучні, або найбольш пакрыўджаная кляса рознага роду несарганізованых работнікаў. Неабходнаю была грамадзка арганізаваная лекарская помач. Галоўная мэта „Лічныці была філянтропійная, памагаць лекаваньнем бедным хворым бяз розьніцы нацыянальнасьці. Ясна, што побач з гэтым была думка памагаць у першую чаргу украінцам.

Дзякуючы мітрапаліту Шэптыцкаму „Лічныця“ дастала памяшчэньне і адчыніла дзьверы лекарскіх кабінэтаў хворым. Сябрамі „Лічныці“ зьяўляюцца ня толькі лекары, а кожны чалавек, які хоча памагчы другому ў гэнай плошчы. Ужо да вайны бачым усіх сяброў 800 чалавек.

З першых гадоў працы „Народня Лічныця“ стала вельмі папулярнаю у Львове бяз розьніцы нацыянальнасьці. Доказ гэтага, што блізу 40 проц. прыходзіць хворых не ўкраінцаў, а жыдоў, палякоў і інш. Лепшага доказу гуманітарнага характару ўстановы ня трэба шукаць.

Вайна на нейкі час спыніла разьвіцьцё ўстановы, аднак ужо ў 1920 г. бачым 2.672 хворых. Колькасьць іх з году на год расьце. І так у 1929 г. было 9.200 хворых, а колькасьць візытаў, — 17.443. У 1932 г. 10.011 хворых і 25.050 візытаў. У працягу пасьляваенных гадоў цераз „Лічныцю“ прайшло блізу 150.000 хворых людзей.

Пасьля вайны цікаваньне зьвернута ў першую чаргу на моладзь з украінскіх школаў, курсаў, унівэрсытэту, і апошнімі гадамі ўрадоўцаў і г. д.

Моладзь дае пятую часьць хворых. Важная роля „Лічныці“ гэта лекаваньне інвалідаў калішняе галіцкае арміі, якія слушна могуць спадзявацца апекі ад собскага грамадзянства.

У Народняй Лічныці даўжэйшы час карысталі з памяшчэньня „Порадня Матэры“ і процісукотная амбуляторыя Украінскага Гыгіенічнага Таварыства.

Лічныця гэта пакульшто адзінае месца, дзе маладыя лекарскія украінскія сілы маглі карыстацца з практыкі старшых, тутака адначасна магчымасьць дзеля навуковых досьледаў.

З гордасьцю кажуць ўкраінцы, што пачыналі працу ў сваёй Лічныці, калі было іх усяго шасьцёх у Львове, сяньня яны маюць адумыслоўцаў ува ўсіх галінах мэдыцыны. Выключна свае людзі прыймаюць тую грамаду людзей, якая штодзень у колькасьці большай як 100 чалавек прыходзіць шукаць здароўя.

Ці думаеце, што працуюць яны ў раскошных вялікіх залях? Не! Лічныця памяшчаецца дагэтуль у аднапавярховай будыніне. І вось цесната і адначасна імкненьне пашырыць працу, весьці яе ў лепшых умовах выклікала патрэбу свае лякарні, дзе цяжка хворыя маглі-б мець бязупынна належны лекарскі дагляд.

Сяньня стаіць ужо трохпавярховая будыніна, пабудованая паводле ўсіх вымогаў навукі і гыгіены, на якую грамадзянства дало сотні тысяч. Яшчэ ня ўсё ў сярэдзіне скончана, дасюлешняя аднак практыка паказвае, што украінскія лекары, пры дапамозе грамадзянства, усе заміны перамогуць і лякарня „Народняе Лічныці“ будзе красой Львова. „Лекарская Камісія“ і „Народня Лічныця“ гэта толькі дзьве стараны лекарскага жыцьця — навуковая і харытатыўна-прафэсыянальная.

Іншымі старонамі, як таварыскаю, грамадзкаю, адчасьці навукова-прафэсыянальнаю займаецца вельмі жывая і дзейная ўстанова „Украінскае Лекарскае Таварыства.“ Яно пабачыла сьвет пазьней, чымся дзьве першыя, бо толькі ў 1910 г. Можна заглядацца на пачаткі гэнае арганізацыі як на вялікі ўздыйм украінскага народу да працы, аграгнізацыі ў імкненьні стацца незалежным ува ўсіх дзялянках жыцьцёвых, падчыркнуць сваю нацыянальную апрычонасьць, будаваць сваімі рукамі собскую рэчаіснасьць. Шмат было прычынаў, чаму пекары не наладзілі хутчэй свае арганізацыі. У 1910 г. іх было ўжо каля 150, запісалісь аднак ня ўсе ў новае таварыства. Таварыства вяло рэпрэзэнтацыю лекарскага стану ўнутры і навонкі. Магло пахваліцца вялікімі перамогамі хаця-б у адным, што украінцы дасталі аж 4 мясцы ў тагачаснай Найвышэйшай Радзе Здароўя ў Вене.

Коштам Таварыства выходзіць вышэйназваны часапіс „Здоровле.“ Новая арганізацыя вядзе самарытанскія курсы, популярызуе гыгіену, рупіцца каля наладжаньня сваіх санаторыяў. Ваеннаю парою вядзе прытулак для аздаравенцаў украінскіх січовых стральцоў (нацыянальныя украінскія аддзелы пры аўстрыйскай арміі).У 1918 г. засновываецца парадня для матак.

Вайна арганізацыю аслабіла, трэба было ў 1920 шмат чаго пачынаць нанава. У Таварыстве ўмелі наладзіць вельмі сымпатычную атмасфэру, што на тыднёвыя сходкі прыходзілі ўсе быццам на сямейнае сьвята. На сходках чыталіся рэфэраты, абгаворываліся пляны працы, дзяліліся ўспамінамі.

Ад 1920 г. да 1924 г. шмат працы прайшло на лекарскі факультэт Украінскага Унівэрсытэту ў Львове. Гэта геройская пара натугі і ахвярнасьці і са стараны лекараў і са стараны студэнтаў.

Таварыства зьвяртае ўвагу на прыдбаньне свае бібліятэкі, як неабходнага варштату працы. Вядзе адміністрацыйны і пэрсональны кантакт з украінскімі лекарамі на чужыне і Прыдняпраншчыне. У гэным кантакце важную ролю згулялі лекарскія зьезды, з якіх некаторыя былі супольныя з прыроднікамі і інжынерамі. Такіх зьездаў дагэтуль было чатыры. Зьезды вельмі папулярныя сярод сяброў арганізацыі. У Львове толькі дробная жменька лекароў-украінцаў (каля 40 на агульную колькасьць 400). Большыя згуртаваньні на правінцыі адчыняюць філіі лекарскага Таварыства.

Цікуючы аб грашовай помачы сваім сябром, Таварыства зрабіла агульную ўмову з асэкурацыйнаю інстытуцыяю, а ад 1931 г. бачым коопэратыву „Лікарська Самопоміч,“ пакліканую з тою самаю мэтаю.

З думкаю аб тым, каб паправіць здароўе і з думкаю аб тых будучых пакаленьнях заснована з пачыну Лекарскага Таварыства „Украінскае Гыгіенічнее Таварыства.“ Гэнае апошняе Таварыства вядзе тубэркулёзны дыспансэр, амбуляторыі, спартовыя парадні, кліматычныя станцыі. І ў барацьбе з адным з найбольш страшных ворагаў — гарэлкаю, лекары йдуць у першых радох. На чале адумысловага „Відроджэньня“ стаіць лекар-жанчына.

У Таварыстве працуюць людзі розных палітычных і соцыяльных паглядаў. Яно штораз больш расьце, а на будучыню яго можна глядзець спакойна, калі будучыя лекары — мэдыкі з „Мэдычнае Грамады“ гэтак кажуць аб задачах лекара: „Пад саламяныя стрэхі сялянскіх хатак, у гнілую атмасфэру гарадзкіх сутарэнаў, у скромныя сьцены народных лякарнаў нясьці помач і лек, нясьці здабычы веды і практыку працоўнага жыцьця — вось мэты сапраўднага лекара украінца, які не ўважае, што мае выключна зарабляць грошы, але бясплатна нясе помач і пацяшае там, дзе гэтага найбольш трэба, сэрца і розум адчыняе для ўсіх, хто церпіць і хто няшчасны, ня гледзячы на тое, ці ён багаты ці бедны.“ (Юбілейная кніжка Л-га Таварыства).

Сапраўды можам не баяцца за украінскі народ, калі ён меціме такіх лекараў.