11. Лекарскія установы 12. Выснаўкі
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1936 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫСНАЎКІ.

Усё мінае, мяняецца, пачынаецца нешта новае ці прынамся йнакшае…

Канчаюцца некалькі дзён, якія мы правялі ў Львове. Шмат чаго яшчэ трэба было-б паглядзець, са шмат з кім яшчэ трэба было-б пагаварыць. Шмат якія праблемы, мала зразумелыя, хочацца прасачыць па меры магчымасьці да канца. Жыцьцё паганяе наперад, няма магчымасьці далей карыстацца гасьціннасьцю львоўскіх Украінцаў. Бярэ вялікая ахвота скарыстаць з прапановы старшыні Саюзу Украінак паглядзець сьвята сялянкі на адным з паветавых зьездаў. Хочацца паехаць паглядзець на працу аднае з адумысловых школаў на правінцыі. Ды, як кажу, жыцьцё гэта адно — а нашыя пажаданьні, нешта іншае. Гэтак вось, не пасьпеўшы агледзіцца, сяджу ў вагоне, а цягнік шпарка трухціць на ўсход і поўнач, бліжэй да нашага стылізаванага на шэра-сумна маркотнае неба. Вось у сувязі з гэным небам. Чалавек не ўяўляе, які ён аўтамат. Нам здаецца, і гэта зусім памылкова, што заўсёды і ўсюды мы людзі выступаем як краса і верх жывых твораў на зямлі, дзякуючы нашай свомасьці і ўмецтву думаць. Глянуўшы аднак бліжэй лёгка пабачыць, што ў большай частцы нашых крокаў практычных мы нічога ня думаем, а робім паводле таго, як рабілі гэта калісь, ці паводле таго, як гэта робяць іншыя людзі.

Чаму аднак і пашто гэныя спасьцярогі псыхолёгічныя, да таго-ж, можна казаць, даволі старэнькія?!

Аўтаматызм настолькі магутнае зьявішча ў жыцьці адзінкі і грамады, што ніколі ня будзе зашмат думаць аб старане грамадзкай гэнага зьявішча. Не адзін раз пабачылі мы на сабе ў Львове ўсю сілу гэнага аўтоматызму. Прапаганда беларушчыны за межамі нашае Бацькаўшчыны, ды нажаль ня толькі за межамі, вельмі слабая. Лішне мала рупімся мы аб тым, каб аб нас пачулі. Сядзімо ў сваім катушку занятыя хатнімі злыбедамі ды нядоляю, што аніяк ня можам прыдбаць прыяцеляў ані зрабіць таго, каб даць матарыялы аб сабе тым, якія тым ці іншым шляхам пачулі аб Беларусах. Як ня трэба больш красамоўна паказывае на гэта факт, што прысутнасьць двох беларусаў выклікала „разачараваньне“ ў шмат каго з нашых субяседнікаў, што мы не ў лапцёх, ня ў сьвітках, так як апінія прывыкла ўяўляць сыноў Беларусі. Аўтоматычна „сьледам за дзедам“ — як гаворыць нашая пагаворка — людзі выабражаюць, што нашая зямелька, гэта тая сумная краіна, дзе пад маладзенькаю бярозкаю, каля стада кароў сядзіць пастушок ды йграе на жалейцы… Беларусь — гэта абразок на агортцы «Шляхам жыцьцяКупалы, а Беларусы гэта тыя загнаныя бяздольныя людзі, што толькі ўмеюць сумна, бядульліва стагнаць, наракаючы на ліхую долю.

Была пара, калі аб нас ведалі толькі гэта і сілаю інэртнасьці трывае такі пагляд і сяньня. Нашая мінуўшчына слаўная, нашая жывая воля сучасная, нашыя вызвольныя імкненьні, нашае змаганьне за новае лепшае заўтра, нашыя натугі, каб разбудаваць той краявід, мо‘ і вельмі мілы, аднак далёка ня поўны абраз праўды беларускае — усё гэта астаецца чужым, няведамым на‘т і тым, хто мае да нас шмат сымпатыі.

Дык выснавак адзін, што ўвесь час накідаўся сам у Львове — трэба парупіцца, каб не глядзелі на нас скрозь прызму сымпатыі толькі з аспэктам нерэальным, што найменш учарашняга ці яшчэ больш далёкага дня. Усюды ўсё жывое шукае новае формы, новага прастору, дык і нам нельга забывацца аб патрэбе прапаганды, працы асьведамляючае ня толькі на сваіх гонях, а ўсюды, дзе гэта магчыма і патрэбна.

Шмат якіх думак лунала ў галаве ў сувязі з бачаным і перажытым за некалькі апошніх дзён. Рознаякія стораны і праявы украінскага жыцьця, якія былі быццам зразумелыя на месцы, як частка аднае вялікае суцэльнасьці, цяпер непакоілі: „а чаму гэта так, чаму ня йнакш?!“…

Прывычка да аналітычна-сынтэтычнага думаньня міжвольна накідала патрэбу знайсьці сынтэзу сучаснага украінскага жыцьця. Вельмі добра разумеў, што нельга рабіць сынтэзу, маючы вельмі мала ўсебаковага матарыялу. Ды што зробіш з прывычкаю, нахілам зрабіць аканчальны выснавак.

Дык што сяньня зьяўляецца эссэнцыяю украінскага жыцьця, прынамся ў Галіччыне? Цікавы чалавек знойдзе на бачынах украінскае прэсы шмат месца, прысьвечанага гэнай тэме. Значыцца ня толькі гасьця гэта цікавіць. Учасьнікі і тварцы жывое украінскае рэчаіснасьці думаюць самыя, каб „схапіць у часіну нараджэньня“ воблік таго, чаго ня было йшчэ, а што з нябыцьця вырастае, як нешта найбольш важнае і магутнае.

Ці вялікі ўздыйм і зацікаўленьне праблемамі эканамічнымі, гаспадарча-гандлёвымі, коопэратыўнымі, прамысловымі і г. д. — будзе найважнейшым сучасным мотарам украінскага жыцьця? — Не! — адказывае популярны украінскі публіцыст і пісьменьнік Юры Лыпа… „і солідарызм і прыватная ініцыятыва ў імкненьні да заможнага жыцьця — гэта толькі частка жыцьця сучаснага украінца.“ Цьветам сучаснае украінскасьці ня будуць старыя рэлігійныя традыцыі (Украінцы маюць на сваіх землях дзьве каталіцкія цэрквы — грэцкую і рымскую — і чатыры праваслаўныя цэрквы — украінскую, маскоўскую, польскую і румынскую. Такія факты ў самым фундамэнце адбіраюць царкоўнаму жыцьцю магчымасьці ўзяць на сябе павадырства ўсеукраінскасьці. Не старадаўняя бытавая народная традыцыя, ня сучасныя здабычы лібэралізму ды соцыялізму будуць крыніцаю жывучасьці украінскае нацыянальнае ідэі. Ані собская дзяржаўнасьць, ці ўчарашняя, ці тая будучая — не паясьняе да канца зьместу духовага сяньняшніх украінскіх змагароў („Украінська доба“ Ю. Лыпа).

Кажу — змагароў. Каго маю наўвеце у гэным сказе? Ці інтэлігентаў прафэсыяналістаў з рознаякіх галінаў веды і практыкі жыцьцёвае, ці мо‘ спэцаў палітыкаў, ці мо‘ духавенства, якое мае слаўнае месца на бачынах украінскага адраджэньня ў Галіччыне?

Мы, прывыкшыя да разьбіцьця ня толькі ідэолёгічнага, а вузка партыйнага ці асабістага ў беларускай працы, ня думайма, што паміж Украінцамі сустрэнем адну думку, цьвёрдую, як граніт, у адказе на праблемы працы асьветнае, палітычнае, эканамічнае, агулам нацыянальнае. Характэрная славянская „пярэстасьць“ наглядаецца і ў іх. Побач „Просвіты,“ бачылі мы „Самоосвіту,“ побач „Сокіла“ і „Пласта“ бачылі „Каменярів.“ Бачым вострае змаганьне, мо‘ лішне вострае і балючае. Яно часта канчаецца забойствамі, судамі. Няма канца палемікам, пастановам закранаючым не адзін раз добрае імя і чэсьць ахвярных людзей. Ня гледзячы аднак на гэную „пярэстасьць“ і варожасьць паасобных людзей і групаў, сустрэнуць можна агульнае злучво, мацнейшае за ўсе розьніцы і гэта зьявішча паўсюднае. Злучво настолькі стульнае і магутнае, што людзі вельмі сабе далёкія, людзі на процілежных акраінях паглядаў і ідэолёгіі, вядуць аднолькавую работу, патрэбную Украіне.

Найвялікшую якга сьледамку і пакінуў на нас гэны ціхі энтузыязм, прысутны, можна сьмела казаць, у масах, а не ў паасобных адзінках. Ня групы людзей змагаюцца за зьдзейсьненьне Украінца-Чалавека, а народ, як асобная ў сабе раса. Дык і той ўласьнік майстэрні і дробнае крамкі, і ініцыятар прадпрыемства і працаўнік асьветны, і школьнік, і селянін на вёсцы, і работнік мястовы і ўсе ўсе безназоўныя, імя якім мільёны, стойка стаць на фронце Бацькаўшчыну і новага чалавека. Памянёны Ю. Лыпа называе гэную свомасьць, аб якой кажу, аспэкт, пад якім паказываецца Украіна сваім дзецям — „мовчазна відданіст.“ Шэрая, спакойная, непапулярная мо‘ часта, праца на кожным месцы і становішчы, дзе лёс кінуў ці паставіў адзінку, праца, каторая бывае найвялікшым геройствам — вось аснаўная рыса характару сяньняшніх украінцаў. Гэная свомасьць — адданасьць шляхотная, ня тая бліскучая адданасьць, якую бачым у наймітаў, а тая падобная да каханьня маткі, што ніколі нязмораная клопатамі са сваім дзіцяткам у пару і хваробы і вясёлых ягоных часінаў — заўсёды верна стаіць пры сваіх, аддаючы дзеля іхняга шчасьця і будучыні ўсё.

Ня промысел, не коопэрацыя, на‘т не асьветная праца будуць зарукаю перамогі Украінцаў, а Чалавек. Той чалавек — украінец, які нарадзіўся ня ўчора, ані сяньня, які толькі раней быў паасобным зьявішчам, а сяньня новага чалавека рэалізуе народ у сваёй масе.

Канец.