2. „Саюз Украінак“ 3. „Рідна Школа“
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1936 год
4. „Самоосвіта“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РІДНА ШКОЛА.“

Ужо з канцом XVIII стагодзьдзя былі заведзены ў Галіччыне школы з рускаю выкладоваю моваю, руская мова побач польскае была прызнана „краёваю моваю,“ была аднак гэная ўрадавая мова хутчэй пародыяю украінскае мовы народнае. Была гэта трасянка царкоўшчыны з украінскаю і маскоўскаю мовамі. Народ бачыў у ёй калі ня нешта зусім чужое, дык ня тое, што ён чуў на штодзень у сваёй вёсцы. Тагачасныя вышэйшыя сфэры заглядаліся на нарадную мову як на нешта някультурнае, дзікае, хамстае. Касьцельная лацінская ўлада „дзеля дабра“ веравызнаньня раіла, каб украінскі народ вучыўся ў польскай мове, каб цераз простую мову не завёўся нацыянальны сэпаратызм. У такіх вось умовах мужныя і сьвядомыя іерархі грэцка-каталіцкае царквы (мітрапаліт Лэвыцькый) занялі цьвёрдае становішча, пайшлі шчыра народнаю дарогаю, замацоўвуючы права „простае“ мовы ў школах, правы, якія былі ўжо забясьпечаны цэсарскімі рэскрыптамі.

Першае украінскае прадстаўніцтва, сабранае ў Львове ў 1848 г., паставіла сваею найважнейшаю задачаю народную асьвету. Лепшыя адзінкі ня бачылі іншае магчымасьці нацыянальнага адраджэньня. Дык больш менш аднолькава гучаць заявы „Галоўнае Рускае Рады“ ў 1848 г. і пазьнейшых паслоў у Львове і Вене. Заявы паказываюць, як ня трэба лепш, што тады ўжо прадстаўнікі народу разумелі ўсё значэньне школы, як крыніцы і магчымасьці нараджэньня народу з этнографічнае масы.

Ня гледзячы на карысныя законы і загады, якія йшлі з Вены, украінцы на мясцох змагаліся з трымаючымі ўладу ў руках ды з прывычкаю, якая была пасьпела закараніцца, што школа можа быць толькі нямецкая або польская. Змаганьне было даволі цяжкае. Прыкладам можа быць, што да 1881 г., значыцца да году заснаваньня „Ріднае Школы,“ ня мелі украінцы сваіх вучыцельскіх сэмінарыяў, а з сярэдніх школаў адну толькі гімназію ў Львове. Кіраўніцтва палітыкі школьнае ў Галіччыне на той час было ў руках польскіх. Зразумела зусім, што Палякі цікавалі аб усім іншым, толькі не аб тым, каб памагаць у арганізацыі украінскага школьніцтва. Красамоўна гавораць аб гэтым самыя Палякі: „Ніхто не запярэчыць, што ў гісторыі нашага (польскага) народу за апошніх пяцьдзесят гадоў народны вучыцель ды школьны інспэктар згулялі вялізарную ролю культурную і палітычную, асабліва на землях Малапольшчы (значыцца Галіччыны — аўтар); дзякуючы ім у першую чаргу селянін, работнік і польскі мешчанін пачулі сябе палякамі“ (Wł.Lewicki i Zaklika — „Zbiór Ustaw“).

Нялікія тагачасныя украінскія арганізацыі, як „Руська бэсэда“ (ад 1861) „Руськый Народный Тэатр“ (ад 1864), „Просвіта“ (ад 1868), студэцкія арганізацыі „Січ“ (ад 1867), „Таварыства ім. Шэвчэнка“ (ад 1873), паасобныя выдавецтвы — ня мелі наўвеце арганізованага змаганьня за школу. Дык жыцьцё клікала, каб найхутчэй заняцца гэнаю дзялянкаю нацыянальнае працы. Да таго-ж быў прыклад такое працы сярод іншых народаў — Немцаў, Чэхаў і Славэнцаў.

Галіцкія Украінцы заснавалі сваю „Рідную Школу“ у 1881. Дзеля ілюстрацыі скажу, што Палякі ў Галіччыне паклікалі „Тов. Школы Людовэй“ на 10 гадоў пазьней, хаця, як згаджаюцца самыя Украінцы, Палякі сваею працаю перагналі Украінцаў на цэлых 100 гадоў. Да рэчы будзе сказаць, што сам назоў „Рідна Школа“ паявіўся шмат пазьней, толькі пасьля сусьветнай вайны. Некалькі дзесяткаў гадоў гэная самая ўстанова была вядомая як „Рускае (Украінскае) Пэдагагічнае Таварыства.“ Мэта таварыства — наладжаньне свайго школьніцтва ўсіх ступеняў. Абыймо працы вельмі вялікае. Мяркуючы-ж аб школе, трэба мець кніжку, настаўніка, школьнае памяшчэньне, школы, дзе падрыхтоўваюцца настаўнікі, трэба павясьці прапаганду свае школы, трэба павясьці статыстычную працу аб становішчы шкоды на вёсцы і г.д.

Плян шырокі і ўсім зразумелы. Толькі адна старана плян, а другая — магчымасьць ягонага зьдзейсьненьня. Адно бачыць апошнюю мэту, а іншае — знайсьці шляхі ў паасобных этапах да найвышэйшае мэты. Дзеля гэтага наглядаем у дзейнасьці „Р. Шк.“ некалькі этапаў. Першы пэрыяд трываў доўга, ад 1881—1906, значыцца цэлых 25 гадоў і называе ўсю гэную пару гісторык арганізацыі п. Ясінчук „шуканьнем шляху.“ У далейшых трыццаці гадох працы трэба адцеміць пару даваенную, пару вайны і пасьляваенную.

Здаецца, чаго так доўга шукаць шляху, калі жыцьцё само быццам паклікала ўстанову, без якое народ ня мог падрыхтавацца да больш буйнага жыцьця.

Шуканьне шляху не азначае, што сябры арганізацыі ці ейныя кіраўнікі сабіраліся ад пары да пары і ў высокіх гутарках давалі свае рэцэпты на тое, якою будзе найлепшая родная школа. Шуканьне собскага шляху гэта тая прыгожая, адначасна і надта цяжкая пара ў падзеях кожнае паасобнае ці грамадзкае адзінкі, калі йдзе і падгатоўка і поўнае змаганьне за сваё „я“, калі гэнае „я“ не хаваецца ў самоце, ці з сабе толькі блізкімі людзьмі, а станавіцца грамадзкай, часта падаючы пры натугах. За гэнымі ўпадамі йшлі зараз уздоймы, аж пакуль аканчальна дарога ня стала шырокаю, прасторнаю, поўнаю блеску славы і адначасна вялікага ўкладу працы і здабычаў на пяройдзеным шляху. Іншы чалавек век пражыве ня бачыўшы свайго шляху і ня ведаючы, дзеля чаго і пашто йшоў ён цераз жыцьцё,

У гэным шуканьні шляху цераз 25 гадоў на адно яшчэ хацеў-бы зьвярнуць увагу. Мы, Беларусы, ня маючы жывых традыцыяў свайго арганізаванага нацыянальнага жыцьця ў большым дзяржаўным маштабе, ня маем тае памяркоўнасьці, неабходнае ў кожным змаганьні. Нашая нацыянальная культура, наш характар, ткаліся цэлымі стагодзьдзямі, стагодзьдзі зрабілі, што мы сяньня такія, а ня іншыя, дык ня можам перамяніцца, ня можам перарабіць усяго паводле нашае ахвоты і мяркаваньняў з дня на дзень. На ўсё трэба ўмець паждаць. Няўдача асабістая, арганізацыйная ці груповая не азначае няўдачы ці канца народнае, агульнае справы.

Дык і пачаткі працы „Р. Шк.“ ня былі лёгкія. Установа была паклікана прадстаўнікамі інтэлігенцыі і хаця ўжо ў працягу першага году былі сябры з вёскі, аднак першы агульны сход арганізацыйны быў скліканы толькі цераз тры гады пасьля закладзінаў. А ждалі таму так доўга, што арганізатары і першыя працаўнікі баяліся, што грамадзянства не ацэніць як сьлед патрэбы ды ідэі новае ўстановы. Яно так сапраўды і было. Пасьля 20 гадоў існаваньня „Р. Шк.,“ на агульных гадавых сходах ня бывала 100 людзей.

Адным з першых пачынаў „Р. Шк.“ у імкненьні: „дастаць нацыя школы з чужых рук і бараніць школы ды іх вучыцялёў ад кожнае крыўды“ было выданьне „Буквара.“ Пачалі адначасна сабіраць весткі аб тым, як вучацца дзеці ў публічных школах, у якіх умовах, шукалі зносінаў з дзейным вучыцельствам, сьвяшчэньнікамі, студэнцкаю моладзьдзю. Установа дамагалася, каб дзеці мелі забясьпечаную магчымасьць навучаньчя рэлігіі ў роднай мове, зьвярталася да ўрадавых дзейнікаў аб адчыненьне новых школаў з роднай моваю выкладоваю. Вялікае значэньне і заслуга „Р. Шк.“ у тым, што ў школах завялі фонэтычны, жывы правапіс замест старога, дзе былі вельмі моцныя сьляды царкоўнае славяншчыны. Рупілася арганізацыя і аб долю народнага вучыцельства, якое жыло у вялікай галіце і бадзялася па чужых (польскіх) арганізацыях. Цікуючы аб долі эканамічнай вучыцельства „Р. Шк.“ заклала дапамаговы фонд для вучыцялёў.

Бачачы, што сялянскія дзеці вельмі часта прападалі дзеля свайго народу, узгадоўвуючыся ў чужой атмасфэры па гарадох, „Р. Шк.“ закладае бурсы для школьнікаў. Ужо ў 1888 г. пачаліся першыя спробы і захады над наладжаньнем першае бурсы ў Львове. Бурсы давалі таннае пражыцьцё, моладзь ўзгадоўвалася там у шчыра патрыятычным настроі. У адной з такіх бурсаў пасьля паругадовага існаваньня бачым 202 гадунцоў. Шмат хто з сяньняшніх перадавых украінскіх дзеячоў выйшаў з гэных вось бурсаў. Правінцыя ішла за Львовам і бачым такія бурсы ў Перамышлі, Станіслававе, Тарнопалі і г. д., ды на‘т па зусім маленькіх гарадкох галіцкіх. Бурсы арганізавала ня толькі „Р. Шк.,“ але і „Просвіта“ ды розныя іншыя ўстановы грамадзкія і асьветныя.

„Рідна Школа“ вельмі добра дацэнівала ролю і значэньне жаноцтва. Дзеля гэтага пачынае арганізаваць пры сабе старэйшае жаноцтва, а з думкаю аб будучых пакаленьнях, наладжывае „дзяўчацкія інстытуты“ на спосаб бурсаў для хлопцаў. У 1898 г. адчыняецца першая прыватная украінская школа дпя дзяўчат. Мамэнт гэны вельмі важны. З дзяўчацкіх інстытутаў і са свае сярэдняе жаноцкае школы выйдуць будучыя мацяры і ўзгадаваўцы новых пакаленьняў украінскіх. У 1903 г. адчыняецца жаноцкая вучыцельская сэмінарыя з тою самаю мэтаю.

Расла і сама арганізацыя. Калі ў 1881 г. было 83 сяброў, то ў 1890 — 552, у 1900 — 943, а ў 1914 — 4814. Да сусьветнае вайны належала найбольш вучыцеляў, сьвяшчэньнікаў, урадаўцаў. Сялян было мала. Вялікі арганізацыйны ўздойм пачынаецца пасьля вайны. Сяньня мы бачым 53,000 сяброў. Пачатна замінаю дзеля папулярнасьці таварыства быў між іншым назоў „Рускае Пэдагагічнае Таварыства.“ іншая заміна — гэта лішне агульны характар арганізацыі, а найбольш ягоная цэнтралізацыя. Была яна так пабудавана, што прыймо сябра залежала ад галоўнае ўправы у Львове. У сувязі з гэтым і бачым рэформы статуту, якія вядуць да дэцэнтралізацыі, даецца магчымасьць лягчэйшае працы філіям (нешта быццам акружное таварыства) і кружкам (гурткам).

Шукаючы свайго сапраўднага шляху, арганізацыя што раз лепш бачыць, што хочучы папасьці да народу, хочучы знайсьці з ім супольную мову, трэба папрацаваць над ім з гэтаю мэтаю. Трэба было навучыць роднае гісторыі, трэба было адначасна даць яму крыху ведамасьцяў з галіны сельска-гаспадарчае, пазнаёміць яго з промыслам і гандлем, значыцца рупіцца трэба было-б аб моральную і матэрыяльную старану народу. Што раз лепш аднак павадыры ўяўляюць тэзу, што дзеля будучыні народу мала наладзіць свой промысел, мець сяньня вялікіх людзей, падняць масы высока гаспадарча. Пакуль ня будзе зусім сваею моладзь, пакуль ня будзе яна ўзгадавана нагэтулькі стойкаю целам і душою, каб магла пастаяць бяз хістаньня за сваё, гатовая аддаць і кроў і жыцьцё — датуль можна баяцца за народ. Слаўныя старадаўныя дзяржавы і з нашае гістарычнае пары, з мамэнтам, калі ня мелі прытоку загартаванае моладзі, пачалі падаць і сьледу часта з гэных дзяржаў няма. Мала-памалу „Р. Шк.“ лепш разумее сваю ролю надпартыйнае, надклясавае ўстановы. Аднак трэба было, як кажу, 25 гадовае працы, змаганьня, каб дайсьці да выснаўку, што шлях да ўзгадаваньня пасвойму ляжыць у плошчы сваіх родных школаў. Першую прыватную пачаткаваю школу бачым ў арганізацыі ў 1906 г.

Ці думаеце, што працаўнікі нізавыя, сябры наглядных радаў, управаў былі іншыя, лепшыя чымся ў іншых грамадзянствах? — Не. Аўторытэтная адзінка (Л. Ясінчук) кажа, што шмат хто з перадавых людзей разыхоўдзіўся з ідэолёгіяю арганізацыі, пасылаючы, прыкладам, дзяцей у польскія школы; грамадзянства ня верыла само ў сябе, глядзела за падмогаю, на грошы з дзяржаўвых крыніцаў, хадзілі людзі на канфэрэнцыі, прасілі ў сойме, у Вене… І хаця ў першы юбілей 25-тых угодкаў бачым рэзультаты даволі скромныя, аднак найважнейшае было зьдзейсьнена, быў нойдзены собскі шлях.

Раз стануўшы на добрыя ногі, разьвіцьцё арганізацыі пайшло хуткім тэмпам.

У сваей дзейнасьці цэнтраля йшчэ ў 1889 г. парупілася аб закладзінах свайго органу, якім быў пачатна „Учытэль.“ Ад 1904 г. выходзіць незалежна ад „Р. Шк.“ орган прафэсыянальны вучыцельскі „Промінь.“ „Учытэль“ цікаваў аб старшых, для дзяцей быў заложаны асобны орган „Дзвінок.“ Побач рэгулярных школаў, якія за прыкладам Львова нарасталі і на правінцыі, пачалася асьветная праца ў форме розных курсаў, асабліва ў форме бібліятэкаў.

Перад вайною 1914 г. увесь край меў сетку школаў з сэмінарыямі, гімназіямі, курсамі, бібліятэкамі.

На гэную шырока разгорнутую працу трэба было грошаў. Грошы здабывалі ў розны спосаб. У першую чаргу былі сяброўскія складкі, далей ахвяры, часта вельмі вялікія. Ахвяры вельмі цікавыя тым, што йшлі яны з масы. Прыкладам, можна было наглядаць ахвяру селяніна з 1—2 гэктараў зямлі. Кажу аб такой ахвяры, што яна вялікая, калі яе параўняць з магчымасьцямі незаможнага селяніна. Далейшаю крыніцаю грашоваю былі ўрадовыя дапамогі і ўканцы даходы з розных прадпрыемстваў. Якія-ж гэта прадпрыемствы ў культурна-асьветнай арганізацыі?

Пачатна была спроба разаслаць па правінцыі скарбонкі. Гэты спосаб раздабыць грошы быў мала карысны. Затое як і ў Чэхаў, згулялі вялікую роль у падзеях т-ва ўмовы з паасобнымі фабрыкамі — фабрыкаю гільзаў ад папяросаў, фабрыкаю сярнічкаў, сшыткоў, алавікоў. На ўсіх фабрычных прадметах былі наклейкі са штампамі, алегорычнымі абразкамі, сымболямі „Ріднае Школы.“ Таварыства даставала працэнт ад прададзенае колькасьці прадметаў. Важная тутака была старана ня толькі грашовая, колькі самая популярызацыя ідэі асьветнае ўстановы. Можна сказаць, што гэта адначасна першая украінская спроба »клічу да сваіх па сваё.“ Масы прывучалісь у гэны спосаб да нацыянальнае салідарнасьці, вучыліся дысцыпліны, без якое, як мы ведаем, ніхто нічога ня мог зрабіць.

Каб не прапалі дзеля будучыні традыцыі асьветнае працы, наладжаны ў 1890-92 асьветны музэй (пэдагогічны украінскі музэй). Год 1914, які пачынаўся вялікімі праектамі ў сувязі з юбілеем Шэўчэнкі, дзякуючы вайне прыпыніў дзейнасьць „Р. Шк.“ на некалькі гадоў. Прыпынілася праца ў сэнсе разгону. Некаторыя ваколіцы краю ня спынялі свае дзейнасьці ні на мамэнт за ўвесь час вайны. Адчыніліся новыя дзялянкі працы, якіх не спалохалася таварыства — прыкладам у лякарнях, абозах палонных і г. д.

Пасьля вайны краёвыя суадносіны востра перамяніліся. Вельмі ярка і вобразна бачым гэта з цыфраў. Перад вайною ў Галіччыне на 5.580 урадавых школаў было 2.496 украінскіх. (Lehnert S. „Szkolnictwo w Małopolsce.“ Lwów 1924) У 1929-30 школьным годзе было гэных украінскіх школаў усяго 716 прэсавае (інтэрв‘ю нач. Сухэнка з 10.VII.1930). На 50 польскіх гімназіяў у 1922 г. на тэрыторыі Львоўскае Школьнае Акругі было 6 украінскіх. Ніводнае украінскае на 19 дзяржаўных прафэсыяльных школаў.

Незалежна ад таго, як хто ацэніваў-бы ўмовы украінскае асьветнае працы ў колішняй Аўстрыі — трэба лёяльна сказаць, што украінцы паказалі сваю поўную арганізацыйную і нацыянальную сьпеласьць, калі ня толькі ня ўпалі духам пасьля вайны, а наадварот, з вялікаю бадзёрасьцю на чале з „Ріднаю Школаю“ разгарнулі йшчэ шырэй, чымся да вайны, асьветную працу. На давер да „Р. Шк.“ паказывае вялікая ахвярнасьць грамадзянства. Ахвяраў у 1923-24 было 55.000, а ў 1929-30 — 199,331 залатовак. Толькі пры такіх умовах можна ўявіць, што Таварыства ў бюджэце 1930-31 прэлімінавала на расходы 2.200.000, а ў 1933-34 роўна тры мільёны залатовак.

На што ідуць такія вялізарныя грошы?

Зразумець лёгка, калі падумаем, што „Рідна Школа“ гэта быццам сваё міністэрства асьветы украінцаў ў Польшчы. Вядзе яно агульныя сярэднія школы (гімназіі), рознаякія прафэсыянальныя, вучыцельскія сэмінарыі, вядзе бурсы, вядзе пачаткавыя школы, курсы, чытальні.

Насколькі патрэбная гэная праца, гаворыць хаця-б адзін толькі прыклад. Да новазаснаванае рамесьніцкае школы у 1929 г. запісалася 90 вучняў, на другі год было іх ужо 160, а на трэці — 230.

Новая дзялянка працы, разгорнутая „Ріднаю Школаю“ пасьля вайны асабліва шырока, гэта прытулкі, дзіцячыя гародчыкі. Хаця праца гэная ня зусім мае характар школьны і хутчэй належала-б да такое украінскае арганізацыі, як „Просвіта,“ аднак хіба ніколі не зашмат людзей і працы ў такой галіне. Узгадаваньне дзіцяці ў пару дашкольную, ці-ж можа быць нешта прыгажэйшае з боку гледжаньня нацыянальнага, і адначасна тутака вялікае значэньне моральна-грамадзкае. Дзеткі малыя па вёсках не бадзяюцца, а ў здаровай атмасфэры і фізычна і духова растуць на добрых і карысных грамадзян.

Побач гэных галінаў працы, ідзе работа выдавецкая. Пачатна былі гэта нерэгулярныя выданьні, з 1836 г. гэта рэгулярная „бібліятэка для моладзі.“ Ужо за першых 25 гадоў выдана 118 кніжак і кніжачак. Дзеля распаўсюджываньня сваіх выдавецтваў мае „Рідна Школа“ свае кнігарні.

„Рідна Школа“ ў блізкім кантакце з усімі украінскімі асяродзішчамі, у тым ліку, зразумела, з Амэрыкаю і Канадаю. Злучаныя Штаты гэта, між іншым, адна з найважнейшых крыніцаў даходаў арганізацыі. Землякі ў далёкай краіне вельмі добра памятаюць працу „Р. Шк.“ на бацькаўшчыне і ахвотна на заклік памагалі і памагаюць грашова.

Даволі доўга праца ў розных органах арганізацыі была бясплатная. З ростам абыйма працы ў вельмі разнаякіх галінах трэба было паклікаць людзей, якія ўвесь свой час і веду аддаюць інстытуцыі.

Сьляды працы „Ріднае Школы“ вялізарныя. Мерыць іх трэба ня толькі колькасьцю школаў, ня толькі вялічынёю бюджэту, з якім яна сяньня працуе, а тым, што клала яна і кладзе найбольш аснаўныя, найбольш непарушаныя фундаманты ў жыцьці народу. У працягу сваей 55-ці гадовае працы „Рідна Школа“ працерабіла новы, сваеродны шлях да ўзгадаваньня нацыі. Яна навучыла народ спадзявацца выключна на свае сілы.

Закон прыроды заўсёднага і паўсюднага змаганьня тарнуецца ў цэласьці і да чалавека адзінкі і чалавека грамады. Узгадаваньне тады толькі будзе мэтнае, калі яно прызнае вышменаваны закон, перапусьціўшы яго цераз прызму найвышэйшае, якую дасюлешняе чалавецтва ведае, моралі — моралі і этыкі хрысьціянскае. Пры такім адношаньні да ўзгадаваньня будзе яно даваць у выпладзе людзей з характарам. Характар гэта ў кожным узгадаваньні ўсё! Усебаковае ўзгадаваньне ня можа ня быць нацыянальным. У чужой школе можам навучыцца тэхнікі, мэдыцыны і ўсяго іншага, затое вельмі цяжка ў чужой школе ўзгадаваць поўнага чалавека, які ўмеціме знайсьці ў сабе ўсе таёмныя крыніцы стульнага злучва з народам. Паўніня разьвіцьця ўсіх старон чалавека шмат лягчэйшая на асноведзі нацыянальных традыцыяў, а ўсё гэта найлягчэй зьдзейсьніць у сваёй школе.

Дзеля таго, што „Рідна Школа“ ідзе якга па вышпрыведзенай лініі, можна ўважаць гэную ўстанову за магутны фундамант украінскае будучыні.