3. „Рідна Школа“ 4. „Самоосвіта“
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1936 год
5. Мітрапаліт Шаптыцкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




САМООСВІТА.“

Адлюстраваньне асьветнае акцыі ў Галіччыне было-б няпоўнае, калі-б не ўспамянуць аб „Самоосвіце.“ Характар, спосаб працы, сфэра дзейнасьці, мэтодыка — ўсім гэтым „Самоосвіта“ адыходзіць ад „Ріднае Школы“ і „Просвіты.“ Працуе яна ўсяго некалькі гадоў. Першая кніжачка „Самоосвіты“ пабачыла сьвет у 1932 г. Рэгулярна кожны месяц падпішчык дастае адну кніжку, цяпер іх нарахоўваецца 73. Рэдагуе рэдакцыйная калегія, якая апрацоўвае агульны плян, падбірае аўтараў, сьлядзіць за правільнасьцю ідэолёгічнае лініі выдавецтва. Лінія гэная даволі блізкая да ідэолёгіі радыкалаў і іхняга органу „Громадськый Голос“ і паводле слоў нашага інфарматара др. М. Стахіва, можна было-б яе назваць народна-дэмократычна-паступоваю. „Самоосвіта“ — таварыства коспэратыўнае, пасылае свае выданьні толькі тым, хто прысылае падпіску. Пільны чытач дастае йшчэ асобныя прэміі кніжкамі з цыклю „найпрыгажэйшыя аповесьці.“

Аснаўная розьніца іх з іншымі падобнымі выданьнямі ў тым, што цэласьць выйшаўшых дагэтуль кніжак мае ўяўляць сабой, свайго роду, агульную энцыклёпэдыю. Да таго-ж дасюлешняя праца зьяўляецца як-бы падгатоўкай да будучага курсу ў такой самай форме, які меціме характар сваероднага народнага ўнівэрсытэту. „Самоосвіта“ імкнецца даць адказ на ўсе пытаньні, якія зьяўляюцца перад адзінкаю з масы. Першая кніжка гаварыла аб тым, як чытаць кніжку. Чым далей, тым больш глыбака распрацоўваюцца тэмы са ўсіх галінаў жыцьця. Мэтодыка ў адносінах да чытача — не напалохаць яго тым, што ён нічога не разумее, наадварот, супрацоўнічаць з ім, вясьці яго што раз вышэй. Вымогі ад чытача, які бярэ ў рукі першую кніжку, невялікія — каб умеў прачытаць напісанае, значыцца, курс некалькіх клясаў печаткавае школы.

Разглядаючы сяньня ўжо надрукавоная кніжкі, можна правесьці такі паміж імі падзел:

I. Навука грамадзкага ўзгадаваньня 4 кніж.
II. Сусьветная гісторыя 12
III. Гісторыя сусьветнай вайны 2
IV. Гісторыя украінскае рэвалюцыі 5
V. Гісторыя рэвалюцыі ў Расеі 3
VI. Гісторыя украінскага народу 5
VII. Палітычна-грамадзкія навукі 5
VIII. Эканомія 8
IX. Аб зямлі 5
X. Аб жыцьці 4
XI. Астраномія 1
XII. Геомэтрыя 1
XIII. Аб жывёлах 3
XIV. Аб чалавеку 2
XV. Хімія 2
XVI. Фізыка 5
XVII. Аграномія (Земляробства) 1
XVIII. Матэматыка 1
XIX. Украінская літаратура 1
XX. Гісторыя навукі 2

У I аддзеле — грамадзка-ўзгадаваўчым — бачым адну кніжку «Слова да маладых людзей — аб здаровым целе і здаровай душы, аб любові ды ідэалах жыцьця.» Сам назоў кніжкі паказывае на ейны зьмест. У гэным самым аддзеле знаходзіцца іншая кніжка з назоваю: «Культурны чалавек.» Гаворыцца ў гэнай кніжцы аб суадносінах паміж людзьмі рознага веку, аб тым, як трымацца ў гасьцях, на вуліцы як і дзе апрануцца, аб чысьціні цела, аб працы дзеля грамадзянства і г. д. Шмат чаго з пададзеных разважаньняў, радаў ведае кожны чалавек ад бацькоў, ад таварышоў, ад настаўніка ў школе. Усяго-ж гэтага аднак не аднаму прыходзіцца вучыцца праз цэлае жыцьцё. І нічога такога, здаецца, важнага ў вонкавай культуры! А як інакш жыве хаця-б моладзь, калі над ёю нехта папрацаваў, пашырыў ейныя кругавіды! Як прыгожа такая моладзь умее на‘т гуляць. Як далёка яна ад грубых жартаў, лаянкаў, п‘янага рогату і дзікіх бойкаў тае моладзі, у якое не зьяўляецца нават пытаньне аб культурнасьці ці някультурнасьці ейных формаў жыцьця. З гэных няважных быццем мамэнтаў складаецца жыцьцё. Такія мяркаваньні зусім ня „панскія,“ як мо‘ нехта казаў-бы. Якга ў сучасных Саветах павадыры партыі і дзяржавы зразумелі вартасьць і значэньне вонкавае культуры і загадываюць правесьці поўную праверку ранейшых паглядаў і адносінаў у нізох партыі.

На гісторыю, як бачым з колькасьці аддзелаў і кніжак, робіць рэдакцыя «Самоосвіты» вялікі націск. Кожны ўзгадаваўца вельмі добра разумее, што толькі на асноведзі мінуўшых падзеяў чалавек умеціме добра ўявіць сваю эпоху і сваё ў ёй месца. Дык ня будзем дзівіцца, што на 73 ўсіх кніжак — прысьвечана гісторыі 27, ці інакш кажучы 37 проц.

Аўтары пішуць аб гісторыі не паводле старых шаблёнаў. Не расказваюць, што нейкі князь пабіў нейкага караля, ажаніўся ды памёр ў такім і такім годзе. Такая гісторыя вельмі мала вартасная. Яна нудная, далёкая, чужая. Гісторыя ў «Самоосвіце» жывая, мо‘ яна крыху тэндэнцыйная; аўтары падыходзяць да паасобных мамэнтаў і зьявішчаў з боку гледжаньня працоўных масаў і імкнуцца падчыркнуць аснаўныя, паводле іх, пружыны і жаролы ўсіх быўшых і сучасных падзеяў. Трэба помніць, што такая гісторыя будзе толькі зразумелаю і блізкаю чытачу. Украінскаму селяніну трэба насьвятліць і прыблізіць эпоху Багдана Хмельніцкага, трэба накінуць асноведзь, на якой вырас сам гэтман і ягоныя войны. Тады Хмельніцкі ня будзе вусатым і пузатым панам ці казаком, які нічога не гаворыць сяньняшняму чалавеку.

Мае быць, мяркуючы аб паясьненьні вельмі йшчэ няўдаўных падзеяў, вялікая частка кніжак прысьвечана і рэвалюцыі ў Расеі і змаганьням украінскім за незалежнасьць. Вельмі і вельмі патрэбныя ведамасьці на вёсцы. Сяньня кожны прымушаны палітыкаваць, калі ня хоча, каб яго загналі ў чужы яму стан. Дык трэба азброіць яго ў праўду, як і што было з вайною, што было з бальшавіцкаю рэвалюцыяю і г. д.

Палітычна-грамадзкія і эканамічныя пытаньні займаюць шмат месца ў „ Самоосвіце“ — 13 кніжак. Бяз гэтага ніякая фундамэнтальная праца на вёсцы немагчымая. Жывыя, цікавыя адзінкі хочуць ведаць, на чым яны стаяць, хочуць ўявіць тон і гармонію (хутчэй дысгармонію) ўсіх зрухаў і змаганьняў, сьляды каторых найбольш балюча якга адчуваюць працоўныя сялянска-работніцкія гушчы.

Літаратуры, на наш пагляд, мала пакінула месца рэдакцыя. Адна кніжка на гэным падгатаваўчым курсе можа паказываць на рацыяналістычную аднабокасьць кіраўнікоў. Чалавек жыве ня толькі розумам. Гісторыя дзеіць ня толькі на розум, але і на пачуцьцёвую старану душы чалавека. Літаратура ня будзе зноў выключна праяваю сэнтымэнту. Аднак у літаратуры лягчэй прыблізіць ужо пяройдзеныя шляхі народу, чымся на асноведзі якіх іншых навукаў. Трэба спадзявацца, што ў будучым курсе народнага унівэрсытэту гэным праблемам пакінецца больш месца.

Усе іншыя аддзелы прысьвечаны біолёгіі, фізыолёгіі і агулам прыродзе. Некалькі кніжак разглядаюць сухія і быццам адарваныя тэмы, як матэматыка і геомэтрыя. У сапраўднасьці яно з гэнымі прадметамі ня зусім так. Побач са стараною практычнаю матэматыкі, умелы падыход да геомэтрыі, як ня трэба лепш, пакажа ў новым насьвятленьні змаганьне незалежнага духа адзінкі ў імкненьні да чыстае праўды.

Паасобныя кніжкі друкуюцца ў колькасьці 5.000 экзэмпляраў. Некаторыя кніжкі мелі па некалькі накладаў. Агулам выдана 500.000 кніжачак, з якіх толькі 150.000 асталося на складзе. Усе іншыя разыйшліся па вёснах, пабуджаючы і заахвочываючы чытача да лепшага, разумнейшага жыцьця.

Працягам і завяршэньнем пачатае працы, як я ўжо казаў, будзе «народны унівэрсытэт «Самоосвіты.“ Гэны вышэйшы курс патрывае 4—5 гадоў. Вышэйшы курс маніцца разгарнуць працу ўшыркі і ўглыбкі. Паміж аддзеламі будзе ўведзена філёзофія, з думкаю паказаць аснову сьветапагляду філёзофаў ды паясьніць клясыфікацыю аддзельных галінаў філёзофічных — этыкі, лёгікі, псыхолёгіі і г. д.

У аддзеле літаратуры будзе разгорнута літаратура украінская і заходне-эўропэйская. Асобна будзе разгледжана псыхолёгія і тэхніка літаратурнага творства. Гісторыя шырэй і глыбей ўвядзе ў каляіны, якімі йшоў народ у мінуўшчыне. Адначасна грамадзка-палітычныя і эканамічныя навукі будуць далей выкладацца для падгатоўленага ўжо чытача.

З прыродаведы будзе ўведзены новы прадмет — географія Украіны з эканамічнаю географіяю. Будзе новы аддзел — мастацтва. Прысутнасьць гэнага аддзелу зусім зразумелая. Можна шкадаваць, што ня было мастацтва закранута ў дасюлешнім курсе.

У канцы йшчэ адна дзялянка дасюль неразгорнутая — аддзел практычных навукаў: аб хатнім гаспадарстве, электрычнасьці і хатніх патрэбах з галіны электрычнасьці і г. д.

Аб правільнасьці падыходу рэдакцыі, бяручы прынцыпова, да жыцьця гаворыць між іншым факт зацікаўленьня кніжкамі далёка за межамі этнографічнае Украіны. Др. Стахів, паказываючы на карце прастор дзейнасьці ці кантакту выдавецтва, зьвярнуў нашую ўвагу на Наваградчыну, Пастаўшчыну, а на‘т і на далёкую Дзісьненшчыну, дзе ёсьць падпішчыкі „Самоосвіты.“ Вельмі характэрныя словы, тых нікому з нас няведамых адзінак, да рэдакцыі, у якіх поўна прагі новага слова, дзе яны (пішуць пабеларуску) саромліва прызнаюцца, што беларускі цэнтр у Вільні нічога такога дагэтуль не наладзіў, а яны, хочучы прасьвяціцца, ахватней будуць карыстаць з украінскіх жаролаў чымся з польскіх.

Гэта паказальнік на дасьпеўшую ўжо патрэбу такое працы на нашым бел. грунце. Гэта паказальнік, што цэнтр не насьпявае за патрэбамі вёскі. Ня буду казаць, якая небясьпека для нармальнае народнае адраджэнскае працы, калі нізы пакідаюць ззаду сваіх павадыроў. Прыклад „Самоосвіты“ Львоўскае хай нас скране да сапраўды творчае працы. Гэная праца дасьць магчымасьць дагаварыцца людзям розных паглядаў паміж намі.