Ф. Багушэвіч як папярэднік Купалы

Ф. Багушэвіч як папярэднік Купалы
Артыкул
Аўтар: Янка Шарахоўскі
1940
Крыніца: Полымя рэвалюцыі. – 1940. – № 11. – С. 142–147.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я. Шарахоўскі

Ф. БАГУШЭВІЧ ЯК ПАПЯРЭДНІК Я. КУПАЛЫ

Барацьба беларускага народа за палітычнае разняволенне ў XІX стагоддзі адбывалася ў цесным узаемадзеянні з барацьбой рускага народа. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў літаратуры і абумовіла сабою той факт, што абедзве братнія літаратуры, а таксама і літаратура украінская ў ХIХ стагоддзі прайшлі ў асноўным адны і тыя-ж этапы развіцця. У беларускай літаратуры ХIХ стагоддзя мы бачым тыя-ж літаратурныя плыні, што і ў рускай. К пачатку-ж ХХ стагоддзя стварылася крыху своеасаблівае становішча. У рускай літаратуры к гэтаму часу пачаў развівацца соцыялістычны рэалізм, найбольш таленавітым прадстаўніком якога быў вялікі пісьменнік рабочага класа А. М. Горкі. Пачатак ХХ стагоддзя ў беларускай літаратуры азнаменаваўся шырокім развіццём рэволюцыйна-дэмакратычнага рэалізма, у першую чаргу ў творчасці Я. Купалы і Я. Коласа.

Я. Купала і Я. Колас выступілі ў беларускай літаратуры ў часе рэволюцыі 1905 года, як таленавітыя выразнікі рэволюцыйных імкненняў беларускага народа, у першую чаргу — рэволюцыйных патрабаванняў шырокіх мас беларускага працоўнага сялянства. Як вядома, гегемонам буржуазна-дэмакратычнай рэволюцыі 1905 года выступаў соцыялістычны пролетарыят, прычым у барацьбе супроць царызма і буржуазіі ён выступаў у саюзе з сялянствам. Як гегемон рэволюцыі, пролетарыят праз свой авангард-партыю большэвікоў ідэалагічна ўздзейнічаў на сялянскія масы, рэволюцыянізіруючы іх і ўзнімаючы на ўзброеныя паўстанні. Гэта і абумовіла сабою той факт, што рэволюцыйна-дэмакратычны рэалізм пачатку ХХ стагоддзя ў беларускай літаратуры меў шырока народны характар. Ён развіваўся пад уздзеяннем рэволюцыйнай ідэалогіі пролетарыята і гэтым вызначаны яго ярка выражаныя рэволюцыйныя рысы.

Але рэволюцыйна-дэмакратычны рэалізм у беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя трэба разглядаць не толькі па лініі яго сувязі з сучаснай яму пролетарска-соцыялістычнай літаратурай, але і па лініі сувязі з блізкай яму папярэдняй рускай і украінскай сялянска-дэмакратычнай і рэволюцыйна-дэмакратычнай літаратурай. Гэта пытанне дэтальна ніхто не распрацоўваў, але ў парадку нагляднай ілюстрацыі арганічнай сувязі братніх літаратур неаднаразова ўказвалася на ўплыў на творчасць Я. Купалы і Я. Коласа такіх пісьменнікаў, як А. Кальцоў, Т. Шэўчэнка, Н. Некрасаў і інш.

Што-ж да сувязі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя з творчасцю беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, дык аб гэтым не толькі ніхто нічога не гаварыў, але чамусьці наогул забылі аб існаванні такога пытання. Між тым ёсць факты, якія красамоўна сведчаць аб самай непасрэднай сувязі рэволюцыйна-дэмакратычнага рэалізма ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя з творчасцю беларускіх сялянскіх дэмакратаў мінулага стагоддзя.

Гэты артыкул і мае на мэце паказаць арганічную прэемственую сувязь дарэволюцыйнай творчасці Я. Купалы з творчасцю таленавіцейшага беларускага пісьменніка ХIХ стагоддзя Ф. Багушэвіча.

Рэалізм Я. Купалы становіць сабою далейшае развіццё лепшых элементаў рэалізма Ф. Багушэвіча і ўжо з гэтага вынікаюць агульныя рысы падабенства ў іх творчасці. Як у Ф. Багушэвіча, так і ў Я. Купалы цэнтральным станоўчым героем творчасці з'яўляецца селянін-бедняк, які ўвесь век працаваў і нічога не меў. У абодвух пісьменнікаў мы бачым рэзкае падкрэсліванне соцыяльных супярэчнасцей, супроцьстаўленне жыцця бедняка-селяніна жыццю эксплаататарскіх класаў. Але ў той час, калі Ф. Багушэвіч далей гэтага супроцьстаўлення не ішоў, у творчасці Я. Купалы мы бачым яркія рэволюцыйныя настроі, ён з вялікім пафасам кліча на барацьбу за шчасце-долю народную са зброяй у руках. У гэтым — істотнае адрозненне рэалізма Я. Купалы ад рэалізма Ф. Багушэвіча.

Абодвы паэты з'яўляюцца выдатнымі прадстаўнікамі грамадзянскай паэзіі, мастацкімі выразнікамі гора і гневу народнага. У іх вершах селянін-бедняк то скардзіцца на сваю цяжкую долю, то ганарыцца творчаю сілаю сваіх рук, то ненавідзіць эксплаататараў, «трутняў пчольных прац» усёю найглыбейшаю нянавісцю працоўнага чалавека. А ў вершах Я. Купалы — ужо бярэцца за зброю, каб пад сцягамі рэволюцыі ісці працярэбліваць дарогу к шчасцю.

Абодвы яны — песняры абуджэння класавай самасвядомасці працоўных мас. У іх вершах свабодалюбівы народ-тытан прачынаецца ад доўгага сну, усведамляе сваю сілу і свае правы на лепшае, вольнае жыццё. У гэтым плане абодвы паэты ацэньваюць сваю ролю, сваё прызначэнне у грамадстве, як паэтаў. Іх песня павінна будзіць народ, паказваць яму «дзе праўда зарэе...» Асабліва ярка гэта ўстаноўка выяўлена ў творчасці Я. Купалы — іменна ужо ў першым яго зборніку «Жалейка». Так, у вершы «Як пайду я, пайду» паэт пісаў:

Я для ніваў пабудку зайграю,
Каб радзіла спарней дабрыну, —
Каб — баронку стаўляй к жыту з краю
І ўтрымала жытно барану.

Або ў вершы «З маіх песняў» паэт гаворыць аб тым, што няхай ляціць у свет яго песня

тых будзіць, хто спіць,
Хто цярпіць без віны,
Няхай гулка грыміць,
Як званы! Пяруны!

Як Ф. Багушэвіч, так і Я. Купала звярталіся з першых крокаў сваёй творчай работы да невычэрпных багаццяў фальклора, імкнучыся зрабіць сваё слова мастацкі простым і народным. І ніхто яшчэ да таго часу не здолеў зрабіць сваю паэзію ў такой ступені народнай, як зрабіў яе народнай Я. Купала.

Ф. Багушэвіч першы ў беларускай літаратуры пачаў пісаць іранічныя вершы. Іронія ў яго накіравана супроць эксплаататараў, супроць паноў. Адным з лепшых іранічных вершаў з'яўляецца верш «Дурны мужык, як варона», у якім Багушэвіч іpaнізуе над людзьмі, ва ўяўленні якіх мужык — дурны як варона, г. зн. над панамі. Я. Купала развівае далей у беларускай паэзіі іранічны верш, паглыбляючы яго соцыяльна-класавы змест і надаючы яму характар шырокага абагульнення. Знамянальным у сэнсе сувязі творчасці Я. Купалы з творчасцю Ф. Багушэвіча з'яўляецца ўжо той факт, што першы надрукаваны верш Я. Купалы «Мужык» самым непасрэдным чынам пераклікаецца з паэзіяй Ф. Багушэвіча, асабліва з вершам «Дурны мужык, як варона». Ідэя, пакладзеная ў аснову верша «Мужык», што мужык, селянін — такі-ж чалавек як усе людзі і што ён мае права на чалавечае жыццё, у якасьці асобнага матыва ўжо ў наяўнасці ў вершах Ф. Багушэвіча. Адным з цэнтральных матываў паэзіі Ф. Багушэвіча з'яўляецца матыў сцверджання права працоўнага чалавека на чалавечае жыццё, гордага ўсведамлення чалавечай годнасці селяніна-бедняка. Гэты-ж селянін-бедняк у вершы Я. Купалы «Мужык» гаворыць:

Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

Ад сцверджання чалавечай годнасці селяніна-бедняка Я. Купала ідзе да шырокіх абагульненняў, да сцверджання права беларускага народа «людзьмі звацца». Вобраз народа-гэта цэнтральны вобраз паэзіі Я. Купалы. У яго паэзіі мы бачым глыбока рэалістычны паказ соцыяльнага прыгнёту, палітычнага бяспраўя, нацыянальнага ўціску на Беларусі. У вершы аб беларускім народзе «А хто там ідзе?», вершы заўважаным і высока ацэненым А. М. Горкім, мы якраз і бачым сцверджанне таго, што беларусы — гэта не мужыкі, а народ, што яны маюць права, як і іншыя народы, людзьмі звацца:

А чаго-ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім сляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.

Гэта верш аб нацыянальным самаўсведамленні беларускага народа. Калі ўжо ў творчасці Ф. Багушэвіча мы бачым нацыячальна-вызваленчыя матывы, то ў творчасці Я. Купалы ўпершыню ў беларускай літаратуры нацыянальна-вызваленчыя патрабаванні беларускага народа загучалі на поўную сілу.

У адносінах творчасці Я. Купалы і Ф. Багушэвіча мы можам гаварыць не толькі аб ідэйнай блізкасці, але і аб самай непасрэднай сугучнасці матываў. У вершы «Мужык» Я. Купалы селянін-тружанік гаворыць:

Чытаць, пісаць я не умею,
Не ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Аб гэтым-жа селяніну-тружаніку Ф. Багушэвіч у вершы «Дурны мужык, як варона» гаворыць:

Да навукі ён не браўся,
Закасіўся, заараўся;
Дурнем умрэ, як радзіўся,
Сам сабой дурным зрабіўся.
Ведама, мужык, хамула, —
Ад навукі адвярнула.

У абодвух вершах даецца адзін і той-жа адказ на пытанне чаму мужыка «ад навукі адвярнула». Ён вечна арэ, сее, за працай не толькі навукі, але наогул свету не бачыць. Куды-ж ішоў увесь плён яго працы? Даставалася з усяе яго працы селяніну надзвычай мала — столькі, што хлеба хапала толькі да каляд, а пасля прыходзілася жывіцца мякінкай...

Адным з цэнтральных матываў творчасці Ф. Багушэвіча з'яўляецца матыў апявання сілы народнай працы (напрыклад, у вершах «Не чурайся», «Дурны мужык, як варона» і інш.). Пачэснае месца займае гэты матыў і ў творчасці Я. Купалы. У адным з першых вершаў зборніка «Жалейка», у вершы «З песняў беларускага мужыка» Я. Купала піша:

Я ўсё закляну,
Усё сілай папру.
З гор зраблю даліну,
А з далінкі гару!
Затрымаю ваду,
Цёмны бор павалю,
А як з сошкай пайду, —
Увесь свет накармлю!

У вершы «Не чурайся» Ф. Багушэвіча селянін-тружанік гаворыць з такім-жа ўсведамленнем сваёй сілы:

Хоць лянівым у свеце слыву,
А магу свет карміць, гадаваць.

У вершы «Я мужык-беларус», у якім Я. Купала дае проста-такі класічную зарысоўку беларуса-тружаніка, зноў такі ў наяўнасці непасрэдныя ўплывы паэзіі Ф. Багушэвіча. У гэтым вершы ёсць сугучныя мясціны з вершам Ф. Багушэвіча «Дурны мужык, як варона».

Я. Купала піша:

Хоць свет хлебам кармлю,
Сам мякіначку ем...

У Багушэвіча:

А як прыдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асмінкі,
А даждаўшы на Каляды,
Мужыкі мякінцы рады.

Або яшчэ, па лініі апаэтызавання сілы народнай працы.

У Я. Купалы:

Глянь, высокінькі бор, —
Вокам нельга прабіць;
Загудзеў мой тапор, —
Як блін поле ляжыць.

У Багушэвіча:

З камаровы нос сякерку
Сцісне, кракне, замахае,Зробе пушчу, як талерку,
Свет дрывамі закідае.

Ёсць пераклічка з творчасцю Багушэвіча і ў вершы «Пажалей мужыка». Тут зварот да пана-багача па інтанацыі і па зместу падобны да такога-ж зварота ў вершы «Не чурайся» Ф. Багушэвіча. Я. Купала піша:

Пажалей мужыка бедака,
Ты, каторы адзеты і сыты.
Пажалей, не адсохне рука,
Бо яму свет да шчасця закрыты.

Адпаведная мясціна ў вершы Ф. Багушэвіча гучыць аналагічна:

Не чурайся мяне, панчок,
Што далонь пакрываюць мазолі,
Мазоль-працавітых значок,Не заразіць цябе ён ніколі.

У цэлым-жа вершы па зместу розныя. У той час, калі Ф. Багушэвіч не ідзе далей іранічнага зварота да пана, Я. Купала гаворыць аб грознай часіне народнай расправы з «трутнямі пчольных прац»:

За крыўду сваю адамсціць,
Свінням будзе крыві не пабраць! —
Адамсціць, аж зямля задрыжыць,
Аж віхры зашумяць, загудзяць!

У гэтым вершы выразна раскрываецца характар сувязі творчасці Я. Купалы з творчасцю Ф. Багушэвіча. У Я. Купалы няма простага запазычання, а ёсць далейшае развіццё рэалізма Ф. Багушэвіча. Я. Купала скарыстоўваў некаторыя матывы паэзіі Ф. Багушэвіча не па эпігонску, а творча, як паэт, у якога свой самабытны голас, як паэт, які, абапіраючыся на лепшыя здабыткі беларускай, рускай і украінскай паэзіі, узняў беларускую паэзію пачатку ХХ стагоддзя на новую, да таго часу недасягальна-высокую ступень.

Сляды ўплываў Ф. Багушэвіча на паэзію Я. Купалы мы знаходзім не толькі ў першым зборніку «Жалейка», але і ў пазнейшых зборніках, асабліва ў зборніку «Шляхам жыцця. Гэты зборнік выйшаў у 1913 годзе. У той час пачалося ажыўленне рабочага рэволюцыйнага руху і гэта выклікала ажыўленне надзей на лепшую будучыню ў паэта. У гэтым зборніку зноў, як і ў «Жалейцы», цэнтральнае месца займаюць матывы змагання з царызмам, тут зноў з выключнай мастацкай сілай паэт выяўляе свае рэволюцыйна-дэмакратычныя імкненні.

У якіх-жа вершах гэтага зборніка мы можам бачыць уплывы паэзіі Багушэвіча? Перш за ўсё у вершы «Аб мужыцкай долі». Трэба звярнуць увагу на тое, што Я. Купала ў саміх назвах зборнікаў следуе традыцыі Ф. Багушэвіча. Калі Багушэвіч увасобіў паэзію ў назвах зборнікаў у вобразах дудкі і смыка, то Я. Купала таксама звязаў назвы сваіх першых двух зборнікаў з музычнымі інструментамі. У яго паэзія — гэта жалейка, а паэт — гэта гусляр, або магчымы і іншыя варыянты ў паасобных вершах. Так, у вершы «Аб мужыцкай долі» паэт піша:

Дайце скрыпку мне маю,
Дайце мне мой смык!

Тут ужо, як і ў Багушэвіча гаворыцца аб смыку і скрыпцы. Прычым самы зварот надзвычай нагадвае адпаведны зварот з верша Ф. Багушэвіча «Смык»:

Ох, дайце-ж мне смык,
Каб усюды граў — і г. д.

Ад паэзіі Багушэвіча ідзе і верш «Хто ты гэткі» (1908 г.). Цэнтральны матыў гэтага верша, што селянін хоча быць чалавекам, генетычна ўзыходзіць да паэзіі Багушэвіча. Кампазіцыя гэтага верша ў форме пытання-адказа таксама звязана з паэзіяй Багушэвіча, які ўпершыню у беларускай паэзіі пачаў пісаць такія вершы. Нарэшце, верш «Праз што плачаш, мужычок» ужо не толькі кампазіцыйна, але і па інтанацыі звязан з вершам Багушэвіча «Чаго бяжыш, мужычок».

Усё сказанае паказвае, што Ф. Багушэвіч аказаў значны ўплыў на дарэволюцыйную паэзію Я. Купалы, што ён быў адным з яго любімых паэтаў, што ён быў яго непасрэдным папярэднікам.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.