Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/А. Абуховіч/З мэмуараў
← Старшына | З мэмуараў Успаміны Аўтар: Альгерд Абуховіч 1922 год |
А. Пшчолка → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: З папераў Альгерда Абуховіча. |
З МЭМУАРАЎ.
І. Успаміны Кіева.
Радзіўся я 25 ліпня (дзень сьв. Якуба) 1840 году. Прынялі мяне з жалем: быў я калекі. Думалі, што або зараз памру, як брат майго бацькі, каторы меў гэтае самае калецтва, або буду ідыотам, як Гэнрык Быкоўскі з Русаковіч, таксама трывустны. Тымчасам я гадаваўся, і пастанавілі аддаць мяне ў гімназію ў Слуцак. Але і мне самому не хацелася і бацьком маім таксама не хацелася аддаваць калекага хлопца на кпінкі і зьдзекі равесьнікаў; трэба было зрабіць сьпярша апэрацыю, каторай тагачасныя дактары на Беларусі неяк баяліся. Слылі тады, як апэратары: Пірогаў, Кажанеўскі і Караваеў. Гэты апошні быў прафэсарам кіеўскага унівэрсытэту, а да Кіева было і найбліжэй і найлягчэй дабрацца. Пачалі выбірацца ў Кіеў да Караваева, а ў гэтым часе разышлася чутка, што царыца, жонка Мікалая І, занядужала на вочы, што маюць рабіць ей апэрацыю і што Караваева на вясну паклікалі ў Пецярбург. Дык едзем перад вясной, але ўжо коламі, па чарнігаўскіх растопах. Дарога ішла на Лоеў і Чарнігаў. Запрагалі ў адну карэту шэсьцера каней; у каламажку, што ішла ззаду з нашай службай, запрэжана было пяцера каней. Мы нідзе не загразьлі, але бачылі карэты, цягну- тыя некалькімі парамі валоў, і то на паштовым тракце (шосы яшчэ ня было). На Дзясьне, пад Чарнігавам разьлітай на 10 вёрст, сарвалася бура, і паром наш занясло на нейкі бязьлюдны груд, дзе і прышлося нам начаваць. У Браварох ўзьехалі мы на шосу і пасьля сталі над разьлітым Днепрам. Мост тады яшчэ будаваўся; перабіраліся паромам… (было гэта ў 1852 г.). У канцы канцоў прыехалі на Ліпкі, туды, дзе сягоньня палац, а тады былі нейкія быццам „мінэральныя воды“ і гасьціньніца. Доўга праглядалі нашы пашпарты, перш чым упусьцілі нас у некалькі саўсім неэлеганцкіх сьвятлічак.
У гасьціньніцы „мінэральных вод“ менш было шыку, чым цяпер у Лейбіхі ў Слуцку, толькі гасьціньніца прытыкала да Царскага саду, у каторым дзіўныя алеі вялі на бераг Днепру. Відокі там так дзіўныя, што хоць пасьля я бачыў сьвету[1], аднача відокі Кіева і яго хараство назаўсёды асталіся у мяне ў памяці. Першы раз бачыў я там тэатр. Быў ён на Падоле, мураваны, брудны, цесны і цёмны. Ігралі дзьве нейкія штукі: польскую і расейскую; здаецца, што ў абедзьвюх было мардабойства, і памятаю, што ў расейскай былі нейкія брыдкія словы. Рух на Крашчаціку, сколькі памятаю, ня быў большы, як у Слуцку на Мастовай вуліцы ў тарговы дзень. У Царскім садзе публікі зьбіралася многа, пагода служыла ды й вясна там пачынаецца раней, як у нас.
Міла было-б спамінаць тыя патрыярхальныя часы праўдзівага дастатку і, на свой спосаб, выгоды, каб ня дзьве асаблівасьці тых часоў: прагавітая, падозрывая ўласьць (паліцыя і жандармэрыя) і пастаянны на ўсе бакі сьвіст розаг. Навет з успамінамі гэтай падарожы лучацца розгі: за тры дні перад выездам зрабіўся ў нас „судны дзень“, выйшлі на яў нейкія плёткі. Некалькі асоб высеклі, між іншымі — таварыша падарожы, маладога лякая Яся. Дастаў ён каля 30 розаг, хоць я дужа яго жалеў, але ня важыўся дапытавацца, за што, бо і сам у страшнай гразе быў трыманы. Людзі, аднак-жа, з гэтым асвоіліся так, што гэта было тэмай кпінак і прыпінак. Ясь, напрыклад, казаў, што яму „мух ганялі“, а сьляды таго „ганяньня мух“ прывёз навет дамоў з Кіева, і кіеўскі „незабуд" трываў цэлы месяц. Казаў ён, што зараз па экзэкуцыі загадалі яму трымаць за ногі Магдалену, каторая ўвесь час, як яе білі, плакала. Што да Магдалены гэтай, то я пэвен, што там яе віны ніякай ня было, але была гэткая прычына: жыў у нашым баку п. Пушчык, абывацель, расеец, экс-дзекабрыст, скінуты з палкоўніка гвардыі ў салдаты (значыць, мучанік ідэі, сын свабоды). Гэты Пушчык казаў апасьля ў салёне вось як аб гэтай экзэкуцыі: „Дагледзіў я, што з нейкага часу да кавы даюць мне заместа сьмятанкі — малако, і то што раз радзейшае. Доўгі час ня прыбраўся я сказаць аб гэтым, але раз у начы ня мог я спаць: боль раны (з тых часоў, як быў салдатам) страшэнна мне дакучала, а раніцай заместа сьмятанкі дастаю сівое малачко. Гэта мяне зазлавала. Дык, нічога ня кажучы, кажу лякаём склікаць усю бабскую службу ў кантору. Кантора побач стайні. Дзяўчаты на зазыў хлапцоў вясёла папрыбягалі, і тут пачалася расправа. Фурманы Сьцёпка і Тодар як адлічылі кожнай па 50, то ўсё наладзілася, — хоць, можа, азадкі спухлі, але малако патлусьцела“. Пан Пушчык казаў з гуморам, і гэта ў той час трапляла ўсім да пераконаньня.
ІІ. Палажэньне сялян.
Сьвятой сваей павіннасьцю лічу апісаць палажэньне сялян, каторае ў першым разьдзеле зачапіў, навет неспадзявана для сябе. Пасьля таго, як мы вярнуліся з Кіева, да канца лета былі мы яшчэ дома, г. зн. у Калатычах. Перад пачаткам школьнага году пераехала мая матка разам са мною ў Слуцак на пастаяннае жыцьцё, а бацька паехаў ў улюблёнае сваё Грабова, у Мазырскі павет. Стасункі[2] з воласьцю былі ўжо напярэдадні волі лепшыя; лагоднымі[3] іх назваць няможна (за цара Мікалая лагоднасьці ня было), а толькі былі быццам патрыярхальныя. У Грабове было некалькі сялян-гаспадароў, людзей шанаваных і справядлівых, каторыя былі ў зажыласьці з самым панам[4] — то гэтым стрымлівалася крыху страшэнная самаволя намесьнікаў. У Калатычах-жа застаўся неагранічаным уладаром Кароль Булгак, з мясцовых сялян, чалавек малады, але злога характара, — і бяздольнікі завылі.
Пад канец зімы зьяўляюцца пасланцы ад Калатыцкіх сялян, молячы ў маткі маей ратунку. Першай прыбыла маладая, гожая дзяўчына, Куліна, каторую розгамі прымушалі да любові; ей пазволілі астацца ў Слуцку і знайшлі службу, а другія дасталі на рукі нешта кшталтам[5] „жалезных лістоў“, каб ніхто ня сьмеў і пальцам крануць аж да прыезду пані. Апрача гэтага, нарочны пасланец завёз ліст да майго бацькі, у каторым паведамлялася, што на Вялікдзень прыедзем у Калатычы.
Тут скажу, што я першы раз бачыў уплыў духа надхадзячай волі: заместа адпору са стараны бацькі, наступіла яго поўная згода парабіць уступкі сялянам. Запрасілі на нараду мясцовага параха, уніяцкага ксяндза Андраеўскага, улажылі нешта кшталтам констытуцыі, і з гэтага часу быт нашых падданых на вачах пачаў папраўляцца. Бог даў падрад некалькі ураджайных гадоў, так што даходы ўтрое павялічыліся, новую прыкупілі вёску (Запольле), і тысяча „душ“ людзей мелі працаваць на хлеб для маладога Ольдзі[6], каторы сягоньня, пішучы гэтыя ўспаміны, павінен прызнацца, што ня мае а ні „буднага хлеба“, а ні страхі над галавой, а ні нічога, апрача колькіх сваіх прыяцеляў: talis est mutatio rerum![7]
Растучы, я разьвіваўся, а перада мной што раз харашэй рассьцілаўся сьвет: насталі часы, аб каторых можна сказаць, што людзей нікчэмных яны ня бачылі. Ня стала-бы паветра для подлых інстынктаў. Няхай цяперашняе пакаленьне заздросьціць, што я на гэта глядзеў сваімі вачмі. Чэсьць тагачаснай кіеўскай моладзежы, каторая была дэмократычнай і „хлопаманскай".
VI.[8] „Граф Бандынэлі“.
Я падпісваюся на маіх беларускіх творах: „Граф Бандынэлі“. Гэта — прозьвішча маей бабкі, апошняй з гэтага роду, каторы выдаў такую знамянітасьць, як папеж Аляксандар ІІІ. Бачыў я на platfon[9] у салі „Трохсот" у палацы дожаў сцэну: цэсар прымушан пасьці ў ногі папежу. Папеж стаўляе адну нагу на сагнутым карку цэсара і кажа: „Super aspidem et basiliscum ambulabo et conculcabo draconem et bowem“[10]. Расшалелы ў сваім паніжэньні дэспот кажа: „Пакараюся Пятру, а не табе“. А тады Аляксандар III, граф Бандынэлі, становіцца абедзьвюмі нагамі на яго імпэратарскай сьпіне і зычным кажа голасам: „Et Petri, et mihi“[11] З роду Бандынэліх быў слаўны тварэц «Laocoona». У італьянскай бацькаўшчыне слыў гэты магнацкі род і прыбыў у Польшчу, як амбасадар[12] неапалітанскі, за Яна ІІI. Гэты амбасадар неапалітанскі, уміраючы ў Варшаве, пакінуў сына, майго прашчура. Аляксандар гр. Бандынэлі, дзядзька маей бабкі, бачучы род свой угасаючым, усынавіў род Абуховічаў.
VIII. Дзьве сьмерці (З мая 1894 г.).
Зваліліся дзьве навіны, як гром з яснага неба, аб дзьвёх сьмерцях: п. п. Адам Перасьвет-Солтан і Марка Вузлоўскі ўчора разьвіталіся са сьветам. Абодва ў ваколіцах Слуцка пражылі свой век. Адам радзіўся ў першай чверці ХІХ сталецьця, вучыўся ў слуцкай гімназіі. У гімназіяльныя часы хоць быстратой лішне не выдзяляўся, але меў нахіл да літэратуры. Пробаваў пісаць вершы, але сустрэціўшыся з вострай крытыкай на свае польскія „трэны“[13], перакінуўся да пісаньня сатыры ў беларускай мове, што — трэба прызнаць — яму ўдавалася рабіць даволі гладка; аднак-жа, з гэтым крыўся і, чытаючы свае творы, выдаваў за чужыя, перапісаныя ім…
Х. Літэратурнае апраўданьне.
Праглядаючы мае вершы, Франціш Багушэвіч зрабіў увагу, што ў мяне ня ўсюды бываюць уласьцівыя[14] беларускай мове акцэнты[15]. На гэта я яму адпісаў:
У гаворцы ёсьць ружніца[16] |
Гэта значыць: у Беларусі ёсьць многа асобных дыялектаў- гутарак, і ў гаворцы між Магілевам, Мозырам і Гродняй бывае вялікая розьніца ня толькі ў акцэнтах, але ёсьць і многа цікавых провінцыяналізмаў. От, напрыклад, некалькі нашых палеска беларускіх провінцыяналізмаў, — ручаюся, што іх у віленска-гродзенскай беларускай мове або саўсім ня ўжываюць, або ўжываюць рэдка. Нашчадзь — патомства, будучае пакаленьне; нішком — ціхачом, пакрыёму, хаваючыся; плён — расток, малады белы карэньчык пры зярне; і шмат іншых.
Мне перш за ўсё ідзе аб тое, каб высказаць, што я хачу, каб пачулі мысль маю і каб словы карэнныя беларускія пры помачы нашай літэратуры атрымалі як найшырэйшае абывацельства, і дзеля гэтага я не сьцясьняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульна-беларускія. Гэтак паступаючы, я кладу ў літэратуру свой прыродны дыялект беларускай мовы, даючы найлепшае з яго. У канцы невядома яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа. У Францыі — сьпярша дыялект провінцыі Langeu d’Oc меў перавагу ў францускай літэратуры, а пазьней Langeu d’Oni — цяперашняя францушчына. Гэта трэба памятаць і нашым літэратарам і пурызмам[19] не забаўляцца!
ХІ. Спас 20/VII 1904.
… Было гэта каля 1825 году, часы былі добрыя, і п. Кароль[20], „Нарулёнкам“ празываны ад дзеда майго, добра ўладзіўшы свае маянтковыя справы, хацеў выкупіць ад маршалка Піліпа Абуховіча Карцэвічы, адвечную Абуховічаўскую маетнасьць, каб толькі дзед мой гэту маетнасьць ад яго прыняў і прыпаручыў яму справу належачага нам спадку[21] па Бандынэліх і зацьверджаньня графскага тытулу. Тут нахлынулі важнейшыя здарэньні: выбухнула паўстаньне. На Беларусі азбраіваліся і па дварох муштраваліся. Нехта непатрэбны падгледзіў гэтыя прыгатаўленьні і даў данос. Прыказана было арыштаваць майго дзеда, што прышлося рабіць аружнай рукой, бо люднасьць станула адпорна, забарыкадавалася ў дварэ, з прыроды даволі недаступным, і пачалася страляніна. Забітых ня было, але з абедзьвюх старон некалькі душ ранена. П. Кароль скланіў тады дзеда на капітуляцыю, бо ўтрымацца доўга нельга было, а з глаўнага[22] пляцу надыйшлі непамысныя весткі. … (Дзед) хоць жыў яшчэ гады чатыры, але свабоды ўжо ня бачыў.
Роля парлямэнтара не прашла п. Каролю на суха: казак сьперазаў яго чатыры разы нагайкай…
У гэтым часе сталася нейкая таёмная справа, аб пачатках каторай магу толькі дадумавацца, і дзеля гэтага буду гаварыць толькі аб скутках[23] яе.
Быў нейкі чалавек, бацька мой з нейкай трывогай называў яго „Пяровіч“, а Нэрэзыуш: „Пёрка, каторага я здаў у рэкруты“, але гэнае пёрка, відаць, было ўстрэмлена ў нейкае балючае месца, бо п. Кароль не будаваў свайго палацў ў Зарэччы датуль, пакуль не даведаўся, што Пёркі ўжо няма на сьвеце. Сяляне яго вельмі ждалі, нейкія надзеі загараліся ў іх пры спамінах аб ім, але ўсё гэта пакрыта было таёмнасьцю. Пяровіч, уцёкшы з салдатаў, укрываўся. Казаў заўсёды, што памсьціцца на панох. Каля Солетнік часьцей паяўляўся — і там ён загінуў. Расказваюць: утапілі яго па загаду майго дзядзькі. Быў гэта чалавек нязвычайны, калі будучы банітам[24], вынятым з-пад права, праз 20 гадоў трымаў у гразе нямаль цэлы павет. І хоць паходзіў з сялян, але быў чалавекам вельмі адукаваным, уроды гожай, мілы і красамоўны. Захаваньне між сялянамі меў нязвычайнае. Насіўся з нейкімі рэформатарскімі плянамі і для сваей справы яднаў прыхільнікаў між сялянамі толькі. Па сьмерці Пяровіча яго рэформатарскімі плянамі зацікавілася жандармэрыя, было сьледзтва. Сяляне адчапіліся нічога-няведаньнем, шляхта ня рада ішла на гутаркі аб сваім ворагу. Сьледзтва скончылася зданьнем у салдаты двох нічым ня вінных сялян. Расказвалі сяляне ў вялікай тайніцы аб нейкіх „граматах“, недзе перахоўваных у вучняў Пяровіча. За год 10 — 15 справа гэта саўсім заглохла.
XII. Дзяды.
У восені народ наш сьвяткуе паганскае яшчэ сьвята Дзядоў. Хрысьціянізм заўсёды шанаваў гэтае сьвята, каторае ўлівала народу веру ў бяссьмерце душы. Вёскі, не зважаючы на непагадзь, пануючую ў гэтым часе, маюць сьвяточны выгляд. Сьцены ў гасподах вымыты да-бела, каб душы дзядоў маглі з уцехай прыбліжацца да вокан і ўглядацца радасна на бяседуючых сваіх нашчадкаў[25]. Мысьлі кружацца і налятаюць, як чалавек аб гэтым падумае: можа гэтаксама налятаюць і кружацца наўкол духі дарагіх нашых нябожчыкаў? De Chataubriand[26] заклінае цені каралёў францускіх, каб не падхадзілі да занячышчанай магілы у S-t Denis і каб не заглядалі ў змарнаваную бацькаўшчыну. Загадавае каралю засягаць[27] муравы вясковых могілак.
Сягнуўшы мысьлю, столькі-ж гэта бачыцца сяліб, сягоньня[28] апаганеных, сколькі-ж гэта дзядоў не пазнала б сваей нашчадзі на тэй зямлі, дзе спачываюць іх косьці!
Я, дзеля пашанаваньня сягоньняшвяга вечару Дзядоў, выйшаў на мост, каб падумаць аб памершай радзіне і прыяцелях. Я саўсім спакоен, нішто маіх думак ня трывожыць. Няхай-жа думкі мае будуць трызнай хаўтурнай дзядоўскай[29] маім антэнатам[30].
- ↑ Аўтор аб’езьдзіў блізу ўсе старонкі Заходняе Эўропы і даўгі час жыў там.
- ↑ Адносіны.
- ↑ Добрымі, ласкавымі.
- ↑ Жылі пры пану.
- ↑ Падобна.
- ↑ Ласкавае: Ольгэрд.
- ↑ Такая ёсьць зьмена рэчаў (спраў).
- ↑ Выпіскі з разьдзелу 3—4—5-га, як ніжэй яшчэ і з іншых, не зьмяшчаюцца дзеля недахвату месца ў кніжцы.
- ↑ Пляфон, малюнак на столі.
- ↑ Наступаю на асьпіда і базіліска і тапчу дракона і вала.
- ↑ І Пятру і мне.
- ↑ Пасланьнік.
- ↑ Жаласныя песьні, нараканьні, лямэнты.
- ↑ Належныя, прызвычаеныя (ад слова: ўласнасьць).
- ↑ Націскі ў словах.
- ↑ Розьніца.
- ↑ Прыток Прыпяці з левага боку.
- ↑ Панарскія горы каля Вільні.
- ↑ Пурызм — кірунак да выкіданьня з сваей мовы занесеных у яе чужых слоў, зьвязаны з варожасьцю да гэтых слоў.
- ↑ Кароль Нэрэзыуш — аб ім кажацца ў нязьмешчанай тут частцы разьдзелу.
- ↑ Насьледзтва.
- ↑ Штабу.
- ↑ Рэзультатах.
- ↑ Выгнанцам, ссыльным.
- ↑ Патомкаў.
- ↑ Шатобрыян — вядомы францускі романіста.
- ↑ Троху ўзяць, захапіць.
- ↑ У час аўтора.
- ↑ Спраўлянай у дзень Дзядоў.
- ↑ Продкам.
Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.