Хоць які кірунак дай,
Адно тое, братка, знай,
Што крутнёю ўсё пакруціш
І найлепша збаламуціш.
Льва-манарха воук прасіў,
Каб вайтом яго зрабіў, —
Бо авечкі у няладзе
Шкодзяць вельмі ў панскім садзе,
Ды і самі прападаюць,
Бо як жыці, бач, ня знаюць.
І ліса за ім прасіла
(Яе жонка льва любіла).
Воўк з лісіцаю зьвязаўся
І, як можна, так стараўся:
Дзе прасілі, дзе ўздыхнулі,
Дзе гасьцінца падаткнулі;
Каб дабіцца да мэдалі, —
І плацілі, і прасілі, і стагналі…
Леў гаворыць: „Ходзяць толкі,
Што авец зьядаюць воўкі“.
І сазваць сказаў народ
На зьвярыны вальны сход,
Распытаць усіх зьвярат:
— Воўк ці добры, ці ён гад?
Чыны важны ўсе прышлі,
Ўсё начальства тут было,
Ды прычыны не знайшлі,
Зла аб воўку ня чутно:
Пад судом ён, бач, ня быў,
І з начальствам добра жыў, —
Дык мэдаль вайта надзеў
Воўк на ўвесь авечы хлеў.
— А авечкі што-ж сказалі?
— Іх на сход зусім ня звалі!
А сьпісана ў пратаколе,
Што „авечкам дана воля“.
|