Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/Ф. Багушэвіч/Думка

Бог няроўна дзеліць Думка
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Праўда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Думка (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Д У М К А.

Чагось мне маркотна, на плач забірае;
Мусіць, душа чуе якоесьці гора,
Ці штосьці зрабілась… што? А хто яго знае:
Ці град жыта выб’е, ці згіне абора,
Ці ўраднік згнявіцца, пагоне падводу,
Ці знойдуць у лесе крадзену калоду?
Ці можа ўмрэ сын той, што маскалём служыць,
Ці той, што ў ’Мэрыку падаўся ды тужыць?..
Так цяжка, здаецца, граху-б не баяўся,
Ці ў пятлю палез-бы, ці ў ваду схаваўся!
Летась мне было так ― і валы прапалі,
Сьвіньні бульбу зьелі, гарод пакапалі,
Нябошчыца матка чыста-захварэла,
І дзядзькава хата з комінам згарэла;
Сукна не звалілі — хадзіў без сярмягі,
А тут і бяз хлеба… прападаў ад смагі!
Хоць-бы скарэй стала, што ўжо стацца мусі,
Каб так не цягнула за сэрца, як ліна;
Бедаваць ня перша, я і не баюся;
Няхай усё згіне, дык душа-ж ня гліна!
Тагды-б ужо ведаў, як і ратавацца,
Ці там ад няшчасьця, ці з людзкой напасьці,
Ці сядзець у хаце, ці куды падацца,
Ці, злажыўшы рукі, на векі прапасьці!…

Ды што-ж мне да тога, чаго мне журыцца?
У мяне ня будзе, — знайдуць людзі хлеба:
На бяду мне плюнуць, Богу памаліцца,
Да слушнага часу дажыву, як трэба!
Вунь стаіць бярозка, тут ля самай хаткі,
Косы папусьціла… плача, кажуць людзі,
А мне так здаецца, што ёй а ні гадкі:
Што было — ня помніць, ня ўзнае, што будзе.
А можа-ж і помніць, як то я калісьці,
Быўшы малым хлопцам, лазіў, калыхаўся;
Яна была гібка, болей было лісьця…
І я ўжо ня мог-бы, як тады сьпінаўся.
Чаго-ж мне маркотна? ты скажы, бярозка?
Маўчыш, як нямая, і сама смутная!..
Мусіць-такі праўда — гэта яе сьлёзка,
Што кажуць другія — капля расяная.
Мне жаль і бярозкі, чаго-ж яна плача,
Калі ужо долі не пераінача?
Ня тужы, бярозка, сьвет з намі ня згіне,
Вецер, як павее, шышачкі раскіне,
Хоць-бы ты засохла, — вырасьце вас болей…
Перастанем плакаць мы над сваёй доляй!
Якась яно будзе, дажывём да дошкі,
Хоць лепей, хоць горай, абы ня так трошкі!
Шышачкі раскіне, як параскідала
Маіх шэсьць сыночкаў — здаецца, ці мала?
Усе разыйшліся! — Адзін у наборы,
Адзін пайшоў ўпрочкі за Чорныя моры,
Адзін за Дунаем саўсім асяліўся,
Адзін у Сыбіры — з старшынёй пабіўся,
Пяты па пісарстве гдзесь у Патарбурку.
Кінулі у хаце вот крывога Юрку!..
Ну, ды рана-позна, тыкі мне здаецца,
Кожны занудзіцца, да дому прыб’ецца…


Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.