Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/Ф. Багушэвіч/Бог няроўна дзеліць

Дурны мужык, як варона Бог няроўна дзеліць
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Думка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бог не роўна дзеле.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БОГ НЯРОЎНА ДЗЕЛІЦЬ.

Бог сіроты любіць, але долі
не дае (прыказка).


Чым-то дзеецца насьвеце,
Што, няроўна дзеліць Бог?
Адзін ходзіць у саеце,
У золаце з плеч да ног,
А другому, каб прыкрыцца
Хоць анучай, — велькі труд;
Ўвесь, як рэшата, сьвіціцца,
Адны латы, адзін бруд!
Адзін мае хатаў многа,
А вялікіх, — касьцёл моў;
Увясьці-б туды хоць Бога,
І той-бы з іх не пайшоў.
У другога ў сьцяне дзюры,
Вецер ходзе, дым і сьнег;
Тут карова, сьвіньні, куры…
Тут пакута, тут і грэх!
Гэты едзе у вагоне, —
Цёпла, мякка, толькі жыць!
А ляціць, як віхар гоне,
А ён сабе толькі сьпіць!
Той ў мяцеліцу, ў марозе,
Што аж вон яму прэ дух,
Паўзе з клункам па дарозе,
У сьнягу увесь па брух!
Гэты хлеба і ня знае,
Толькі мяса ды пірог,
І сабакам выкідае
Усё тое, што ня змог,
А той хлеб жуе з мякінкай,
Хлёпча квас ды лебяду,
Разам жывець і есьць з свінкай,
З канём разам п’ець ваду!
Аднаму дзесяткі-служкі
Зарабляюць сотні сот;
Рукі ў яго, як падушкі,
Як кісель, дрыжыць жывот!
Другі-ж сам аж на дзесятак
Працуючы, лье свой пот,
А высахшы, як аплатак,
Цянюсенькі, як той кнот.


Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.